Выбрать главу

Люба была надзіва вытрыманая, хмурылася: маўляў, дужа пакрыўдзілася і цяпер наўрад ці зможа ўлагодзіцца. Мікола нават памкнуўся разы два з ёю загаварыць, што яму дорага каштавала, ды Люба пасля гэтага яшчэ больш насупіла бровы і так, з дзвюма тонкімі складачкамі на пераносіцы, хадзіла з пакоя на кухню, з балкона — у ванную. Ён шчыра здзіўляўся, як гэта можна з такім спакоем і зацятасцю кроіць сваю душу і чужую.

Здаецца, іх сямейны падмурак здорава страсянула, ён даў шырокую расколіну, якую не так проста будзе замазаць, бо адна палова нібыта ўвесь час аддалялася ад другой, як крыга ад берага: ці то па якой інерцыі, набранай яшчэ да замужжа, ці то з-за паслабкі, якую дала сабе з самага пачатку, Люба адплывала далей і далей. А можа, гэта было не што іншае, як сумны помнік іх хуткаспеламу намыслу пажаніцца. Так думалася Міколу, і ён гатовы ўжо быў узяць добрую долю віны на сябе, як мужчына, што не праявіў цвярозасці ў такой няпростай справе, як жаніцьба.

Але... у іх быў сын — хворы Андрэй. І калі Мікола ўсё ж такі мог уявіць сваё жыццё без Любы, то на месцы Любы ён не разумеў, што яна думае і на што разлічвае. У яе адной застаецца на руках дзіця. Ну, няхай бы здаровае, нармальнае дзіця, радасці ад якога жанчыне магло б хапіць, а то ж хворае... Такія пакуты на ўсё жыццё. Відаць, Люба, мала бываючы ў апошнія гады з сынам, ужо адвыкла ад яго і ён, мабыць, не так балюча вярэдзіў сэрца, а то, можа, уяўляўся зусім чужым. Але ж гэта было не так, толькі ад адной думкі, што сын жыве, што ў яго, як і ва ўсіх дзяцей, павінны быць маці і бацька, становіцца страшна.

«Што мы будзем рабіць?» — спытаў ён неяк, налучыўшы момант, калі жонка сядзела на кухні каля прачыненага акна і курыла, стрэсваючы попел на падлогу. «Дзіўны ты!..— Яна хмыкнула з такою годнасцю, акурат была царыца, а ён, плебей, на каленях падпоўз да яе па міласціну.— Я падала заяву на развод». Яна чакала, што гэта ашаломіць мужа, і таму з апошнімі словамі крута павярнулася да яго і нахабна глядзела ў вочы, чакаючы, што ён зараз напраўду ўкленчыць і будзе прасіць памілавання. «Ты пра ўсё добра падумала?» — адно спытаў ён. «Не дурней жа мая галава за тваю»,— здаецца, голас у яе задрыжаў, як заўсёды перад тым, калі яна збіралася плакаць.

 

...На твары ў Любы ляжаў намёк суму і раскайвання. Яна некалькі разоў абмакнула ў віно вусны і паставіла шклянку; схадзіла да сябе ў пакой і прынесла дамскую сумачку, з якой пры нас выняла пачак цыгарэт «Арбіта»; закурыла — мяне заўсёды здзіўляла жаночае ўменне далікатна, неяк нават артыстычна трымаць двума пальцамі цыгарэту,— пусціўшы тоненькі струменьчык дыму на верхнюю шыбку акна, дзе была фортачка.

— Я яго не вінавачу, няма за што... Сама ва ўсім вінавата,— сказала Люба, і было відаць, што гэта не бравада, не жаданне зарыгінальнічаць, маўляў, глядзіце, якая я — адна з тысячы жанчын прызнаю сваю віну; так падсумавала яна свае выкрунтасы пасля доўгага пакутлівага роздуму; ёй шмат чаго падказала само жыццё, што акунала яе ў свае не самыя чыстыя нетры бязлітасна і шалёна.

 

ІІІ

Дык вось, гэта адно нам здавалася, што, напытаўшы кватэру, мы зацарствуем ад бестурботнасці, у лёгкай, ружовай ціхамірнасці, фантан якой, як бы ні біў з маладога ўяўлення, заўсёды прывідны і слабы. Наперадзе чакалі новыя, не менш заблытаныя, клопаты і трывогі. Іх бы магло быць і менш, калі б мы распісаліся з Галяю да яе размеркавання. Але нам проста не выпала раней пазнаёміцца, хоць мы і жылі ў адным горадзе, хадзілі па адных тратуарах і ездзілі адным тралейбусам — яе інстытут і мая кватэра былі на адной вуліцы; ды вось разміналіся, не прыкмячаючы адно аднаго, як гэта робяць і тысячы іншых людзей, якіх некалі выпадак зводзіць і ім нават у галаву не прыходзіць, што яны ўжо прымільгаліся, а здаецца, быццам яны спусціліся аднекуль з розных планет і нарэшце сышліся. Усе мы, дзякуй богу, жывём на адной зямлі і звязаны нябачнымі ніцямі, як рацыі, наладжаныя на адну хвалю.

На руках у жонкі было накіраванне ў далёкую Белгародскую вобласць. Ехаць ёй туды адной, каб адпрацаваць тры гады і вярнуцца назад, было неверагодна. Адна цяжарнасць ужо гаворыць сама за сябе, дый наўрад ці спрыяла б маладой сям’і, якая не паспела ўстаяцца, тое, што муж і жонка апынуліся б на розных полюсах.

Сабраўшы дакументы, мы паслалі іх на перагляд у Маскву, ва ўпраўленне мікрабіялагічнай прамысловасці; адтуль праз месяц, пасля нашых настойлівых званкоў-напамінкаў, прыйшла папера — вольнае размеркаванне. Радасці было мала, бо кожны з нас добра ведаў, як цяжка знайсці працу ў Мінску, ды яшчэ — без прапіскі. Калі б у жонкі было накіраванне ў Мінск, яе маглі б прапісаць абы-дзе, на любой плошчы, а так — толькі з мужам. Супрацоўніца з маёй работы, Івашчэня, якая зжалілася і прапісала мяне, калі я перавёўся з райцэнтра ў Мінск, жонцы ў гэтай ласцы адмовіла. Маўляў, сын хутка прывядзе нявесту, і ёй таксама патрэбна плошча; відаць, яна проста не рызыкнула даваць права, хоць і субкватаранцкае, на сваё жыллё чужой сям’і, у якой, давер даверам, могуць з’явіцца і свае карыслівыя намеры.