Выбрать главу

І мы пачалі шукаць кватэру, дзе змаглі б прапісацца ўдваіх. Родзічаў у сталіцы ні ў мяне, ні ў жонкі, здаецца, не было. Былі толькі сябры, знаёмыя, і мы пачалі іх успамінаць ды прыкідваць, да каго варта звяртацца, а да каго — не; жонка тут аказалася больш увішная, назвала з паўдзесятка людзей, якія, лічыла, маглі выручыць. Але, з’ездзіўшы да іх, вярнулася засмучаная, што не вельмі мяне здзівіла: каму цяпер хочацца, у наш мітуслівы век, браць на сябе лішні клопат, калі сваіх столькі, што не справіцца з імі да смерці. Ды адчай і ў такіх выпадках усё роўна не лепшы сябар, чым самыя чэрствыя людзі.

І мы спадзяваліся на лепшае. На прыкмеце ў жонкі была яшчэ адна, не вельмі ўладкаваная, сям’я: бацька, горкі п’яніца, ад якога адрынулася жонка, забраўшы з сабой малую, і яго старэйшая дачка, Рытка, якая не пайшла на павадку ў маці; Рытка вучылася з жонкаю ў адным інстытуце, толькі на два курсы ніжэй, але яны сябравалі, пазнаёміўшыся на вечары самадзейнасці. У госці мы паехалі на пару, прыхапіўшы з сабою бутэльку,— так скамандавала жонка. Была якраз нядзельная раніца. Уначы выпаў снег, але растаў, і на тратуарах стаяла вада — яе сюды выплюхвалі яшчэ і тралейбусы ды аўтобусы, калі прыціраліся блізка да бардзюра, што раздзяляў шашу і пешаходны тратуар; імжэў дробны дождж, людзі ішлі пад парасонамі і ў плашчах, якія блішчалі, і ў гэтым іх бляску як бы чуўся ледзяны хруст... бр-р-р, зябка дакрануцца! Я баяўся, каб не застудзілася жонка, і падладжваўся да яе, пакуль уподбег трухалі ад прыпынку; браўся парывамі вецер, прыклейваў да кіёскаў, да плота мокрае лісце.

Я спадзяваўся ўбачыць пакамечанага, нехлямяжага чалавека, заспанага, з апухлым тварам, а перада мною стаяў, адчыніўшы дзверы, даволі прыстойнага выгляду мужчына з газетаю ў руцэ; адале ўжо, распрануўшыся і зайшоўшы ў пакой, я добра разглядзеў яго. З-за крыху зацемненых акуляраў стомлена свяцілі цёмныя вочы, пад якімі зморшчанымі жалудамі сабралася скура; твар дні два не галіўся, і шчаціна, зусім белая, быццам інеем укрыла падбародак і шчокі да самых скроняў; адвіслы, тоўсты жывот перавальваўся праз рэмень, акурат быў наліты вадою.

— О, пані Багданская! — усклікнуў ён, неяк па-роднаму ўзрадаваўшыся, акурат дачцэ.— Даўно цябе не бачыў. Ужо замужам?

Жонка, якая не любіла маракаваць і завязвала размову без нудных інтэлігенцкіх штучак, выведаць, скажам, настрой у сумоўніка, ці падрыхтаваны ён да навіны, спытаць пасля выпіўкі ці перад ёю, адразу вылажыла гаспадару, з чым і чаго прыйшлі. Ён ні на макуліну не збянтэжыўся, а з прыткасцю, якой мы нават не чакалі, адказаў: «Калі ласка». І нават шчыра пашкадаваў, што могуць і не прапісаць, бо — падлічыў — не хапае па шэсць метраў на чалавека. Ён успомніў, і гэта мяне здзівіла ды ўразіла, што маёй жонцы абавязаны жыццём, а не тое што нейкай прапіскаю. Колісь ён, згубіўшы ключы, п’яны парываўся пералезці (перакінуў ужо праз парэнчу нагу) з суседскага балкона на свой, і добра, што ў гэты момант якраз падышла дачка з ёй, маёй жонкаю; тады лёгкая і спрытная, як вавёрка, першаразрадніца па гандболе, жонка вобміг перашмыгнула з балкона на балкон (восьмы паверх!) і адчыніла кватэру.

Мы селі за стол, на які гаспадар паставіў талерку студзеня з ласінай губы. Гэтая экзатычная страва мяне не здзівіла, бо гаспадар працаваў інжынерам у зелянгасе, які прымыкаў да лясной гаспадаркі, і часта прыносіў дзічыну: кавалак мяса з дзіка, тушку зайца або глушца. У пярэдняй і тут, у зале, са сцен тырчалі рогі — вялікія, на сем какатоў, з лася і маленькія, востранькія, як шыльцы, з казулі.

Гаспадара звалі Мікалай Анісімавіч. Жонка спытала, дзе Рытка; аказваецца, яе няма дома ўжо цэлы месяц, паехала ў калгас выбіраць бульбу. Жонка паспачувала ёй, гараджанцы, маўляў, цяжка такой золлю корпацца ў зямлі, на што Мікалай Анісімавіч з усмешкаю адказаў: «Няхай прывучае сябе да работы, а то будзе даміцэляй, як маці». У яго словах не было і намёку на з’едлівасць ці пакепліванне, а толькі шчырая бацькоўская турбота за дачку. Зрэшты, не было б вялікай бяды, калі б Мікалай Анісімавіч і нядобра адазваўся пра сваю былую жонку. Яна збаламуціла яму жыццё, і гэта не было звычайнае апраўданне п’яніцы ці няўдачніка, які пнецца ў вярхі, ды не хапае розуму, стараннасці, і яму ўсюды даюць ад варот паварот. Мікалай Анісімавіч напраўду стаў ахвяраю жончынага каварства. Знайшоўшы маладога палюбоўніка, з кватэрай і машынаю, і каб займець права на афіцыйнае з ім сужыццё, яна стала чарніць мужа, пісала на яго ў Саўмін, дзе ён працаваў тады начальнікам упраўлення, абвінавачваючы ва ўсіх грахах — і ў здрадзе, і ў п’янцы, і ў дэбошы... А падазронасць, недавер варта адно пасеяць, як усе, здавалася б, звычайныя рэчы паварочваюцца да чалавека цёмным бокам і кідаюць на яго цень. Мікалая Анісімавіча вымусілі змяніць пасаду, і ён пачаў заліваць душу гарэліцай; часам здавалася, што ён можа дайсці і да крайняй мяжы — да самагубства.