Я слухаў гэтага чалавека, і мне чамусьці думалася, што адчай у яго мінецца, бо яшчэ не ўсё ў ім з таго, што давала яму пасаду і аўтарытэт, загублена. І Рытка, мусіць, таксама разумее гэта, іначай ужо даўно перабегла б да мамачкі, якая па-ранейшаму не магла дараваць дачцэ здраду. У Мікалая Анісімавіча было шмат сяброў, сярод іх ён назваў нават вядомага паэта, і калі я здзівіўся, ён, каб даказаць, што не выдумляе, тут жа пазваніў па тэлефоне гэтаму паэту, спытаў, як здароўе, як пішацца. Мабыць, каб адвесці падазрэнне, быццам звяла іх адна бяда — гарэлка, растлумачыў, што паэт ужо даўнавата не бярэ ў рот нават кроплі — адпіў сваё маладым, ледзь не згарэў ад гэтых п’янак. Я чытаў няраз вершы гэтага паэта, выпісваў з іх думкі, і мне даўно карцела пабачыць яго, хоць бы адным вокам, а тут вось чалавек, які сябруе з маім кумірам. Тая магія, якую несла ў сабе прозвішча паэта, ахутала раптам і Мікалая Анісімавіча, і я глядзеў ужо на яго як на бога. І думаў пра тое, што часта буду прыходзіць сюды ў госці.
IV
Гэта нават не назавеш цікаўнасцю — маё жаданне ўбачыць Андрэя. Я быў акурат на кухні, калі Люба сказала: «А вунь і сынок мой ідзе». Яна стаяла каля акна, твар яе імгненна змяніўся — замест засяроджанасці, з якой яна смажыла гуляш, з’явілася радасць; гэта была не простая грымаса радасці, калі твар яснее і ўсё на ім, да кожнай кропачкі, свеціцца,— да яе прымешваўся не то сум, не то застарэлы і прыглушаны даўнасцю боль. Любіны вочы пачалі хутка напаўняцца слязамі, але яна іх не адчувала. Толькі тады, калі скаціліся па шчоках два празрыстыя ланцужкі, яна схамянулася і стала да пліты, дзе пачало ўжо дыміцца мяса.
Я не мог пераадолець жадання зірнуць у акно. Гледзячы на дом, здаецца, акурат на маё акно, па асфальтавай дарожцы бег хлапчук, апрануты ў сіні плашчык, з ранцам за плячыма. Як быццам нават пасміхаўся, а ў нейкі момант прыветліва махнуў рукою.
Хоць дзверы ў кватэру Люба загадзя прачыніла, Андрэй дзынкнуў званком — і тут жа ўляцеў на кухню.
— Мамачка!..— Ён быў зусім разгублены, узрушаны, акурат за ім нехта гнаўся ці, прынамсі, ён некага лавіў. Заўважыўшы незнаёмца, хуценька суняўся, зрабіў пару нясмелых крокаў, не спускаючы з мяне насцярожаных вачэй; на вуснах, яшчэ не праявіўшыся як след, пачынала зараджацца ўсмешка.
— Здласце! — сказаў ён і адно тады заўсміхаўся, неяк шчыра, прыязна.— А я ведаю, як вас завуць... Дзядзя Алесь і цёця Галя.
Я зразумеў, што Люба, наведваючы Андрэя (звычайна ў сераду), ужо завочна пазнаёміла яго з намі. Андрэй сачыў за мною, не саромеючыся і не адводзячы вачэй; яго вочы мяне ўразілі — вялікія, блакітныя, з нейкім цнатліва-чыстым бляскам, яны іскрыліся, быццам крышталінкі. Вонкава Андрэй нічым не розніўся ад звычайнага хлапчука; у яго была тонкая доўгая шыя з глыбокаю канаўкаю на патыліцы, іранічна адтапыраныя тоўстыя вушы, якія зусім не прыкрываліся коратка падстрыжанымі валасамі, і вельмі ўжо выразна напаміналі грыбы-губкі на гнілым бярозавым пні. Сам высокі і худы, ён быў падобны, мусіць, на бацьку, што раней у гаворцы пацвярджала і Люба. Але ж, бачыў я, у твары нешта ёсць і ад маці, асабліва гэта было відаць тады, калі Андрэй смяяўся. Усмешка, здаецца, выпраменьваецца не з глыбіні вачэй, а застывае ў бляску, які нібы атульвае вочы. Так смяялася і Люба, але яна яшчэ моршчыла і нос. У Андрэя нос быў таксама прамы, як і ў маці, толькі самы кончык прыплюснуты ўверх, як бы надломлены, і таму высока адкрываўся ружовы храсток, што раздзяляў ноздры,— ён востра кідаўся ў вочы.
— Прывітанне, Андрэй! — сказаў я з усёй непасрэднасцю, на якую быў здольны: хацеў адразу заваяваць сімпатыю ў Андрэя. Але такі мой зварот, здаецца, насцярожыў яго яшчэ болей. Ён глядзеў на мяне вопрама, не ведаючы, як зрэагаваць. Вусны яго варушыліся, ён меўся нешта спытаць, але чакаў, што яшчэ скажу я.
Любе, мабыць, надакучыла гэтае наша прыдзірлівае ўгляданне, якое відочна зацягнулася, і яна ўладным голасам загадала Андрэю пераапранацца, мыць рукі ды садзіцца есці. Ён адразу быццам не пачуў яе слоў, але яна паўтарыла свой загад стражэй і гучней, і ён пайшоў да сябе ў пакой не азіраючыся. Зграбны, высокі хлопчык.