Выбрать главу

Я таксама завярнуў у свой кут і пашкадаваў, што якраз цяпер няма жонкі (паехала ў НДІ мікрабіялогіі прапытваць работу) і няма з кім падзяліцца ўражаннямі. Але ж гэта быў толькі пачатак, першая сустрэча з Андрэем, пасля якой мы пасябравалі, ды так шчыра і цёпла, што нам не ўяўлялася разрозненае жыццё, якое ўсё-ткі павінна некалі наступіць і ў якое пакуль што неахвотна верылася.

Андрэй, прыязджаючы на выхадныя, адразу ж стукаў у нашыя дзверы. Стаяў, не адчыняючы дзвярэй, пакуль нехта з нас не падаваў голас — дазволена. Зайшоўшы, першае, што ён рабіў,— мэтанакіравана, хвацка паказваў пальцам на любую новую рэч (проста здзіўляла, як ён адразу яе вылучаў) і пытаўся сваім нязменным: «Што гэта?» Мы з жонкаю цярпліва тлумачылі: гэта будзільнік, гэта радыёпрыёмнік, гэта этажэрка для газет, гэта пішучая машынка — зрэшты, яна зацікавіла яго больш за ўсё астатняе, ён доўга на яе ўглядаўся, пакуль асмеліўся спытаць, ці можна да яе дакрануцца і ці не ўдарыць яна токам; дакрануўшыся, ён шустрым кацянём вышмыгнуў з пакоя і, пакінуўшы расчыненымі дзверы, праз якія тут жа ўварваўся скразняк і з трэскам захліснуў фортачку, пабег да маці з радасным, захопленым крыкам: «Мамачка, мне дзядзя Алесь даў пакратаць машынку!» Ён хацеў не столькі пахваліцца, колькі ўпэўніцца, што нічога такога недазволенага не зрабіў, каб яго караць. «Ну добра, добра,— незадаволена гаварыла Люба і дадавала, павышаючы голас: —Не перашкаджай людзям!» Гэтым яна, ведаючы, што мы чуем, як бы праводзіла мяжу між ім і намі, памылкова (асабліва напачатку) лічачы, што Андрэй нам замінае. І наогул, як я прыкмеціў, Андрэй раздражняў яе, і яна сцінала ўсю сваю волю, стрымліваючы сябе, каб не ўзарвацца, хоць у голасе часта і пазвоньвала пагроза. Андрэй тады сунуўся паніклы ў свой пакой і гуляў там на падлозе з кубікамі.

Забыўшыся на забарону маці, засумаваўшы, ён праз нейкі час зноў ціхенька стукаў у нашыя дзверы. Жонка звычайна давала яму цукерку ці яблык, і такой увагі было даволі, каб бегчы да маці хваліцца. Я, баючыся, што пачнецца сварка, ішоў услед за ім да Любы і прасіў яе не крычаць на Андрэя, маўляў, няхай пабудзе з намі, яму ж цікава з новымі людзьмі. Яна, думаючы, што мы ахвяруем сваім спакоем адно таму, каб аблегчыць яе долю, замаўкала, але, відаць было, сэрцам не прымала чужой шкадобы. Аднаго разу яна ўсё ж сарвалася, і я зразумеў: у размовах пра Андрэя трэба быць вельмі асцярожным, бо ў жанчыны, у якой «дэфектовае» дзіця, да хваравітасці абвострана пачуццё рэўнасці і самалюбства.

Андрэй прывёў тады з сабою дзяўчынку, такую ж, як сам, дванаццацігадовую. Яна была бледная і замурзаная, з напалоханымі вачыма. Стаяла каля парога, а ён цягнуў яе за руку на кухню. «Глядзі, глядзі!..— усклікнуў Андрэй да маці, якая, пачуўшы валтузню, выскачыла з ваннай.— Глядзі, каго я прывёў!» У ягоным голасе было столькі ўзрушанасці, а ў вачах — захаплення, што здавалася, гэта не ён прывёў дзяўчынку і паказвае яе маці, а наадварот, хтосьці іншы прывёў яе і паказвае яму: «Андрэй, што гэта за фокусы?» — пайшла ў наступ Люба. Рукі ў Андрэя ўраз абвялі, ён не ведаў, што рабіць: зусім не чакаў такога павароту. Стаў лепятаць, што Тоня яго сяброўка, да яе ніколі не прыязджае маці, яна адна, безабаронная, ёй крыўдна і яна хоча есці; і ў гэтым яго дзіцячым лепятанні было ўсё — і клопат, і трывога, і просьба, і шкадаванне.

На шум выйшаў і я з пакоя. «Ты паглядзі, Алесь, каго ідыёт гэты прыцягнуў.— Люба звярнулася да мяне так, быццам у мяне была ці магла быць пагарда да Андрэя, і гэта мне не спадабалася, але я не паказаў выгляду.— Хіба ў яго ёсць розум?» Яна была так расчаравана, акурат у яе на вачах толькі што выбухнула жудасная трагедыя і ёй так хацелася зараз пачуць словы суцехі. Я, шчыра кажучы, не бачыў ніякай бяды ў тым, што Андрэй прывёў дзяўчынку, і з лёгкасцю пажартаваў: «Няхай пагуляе з нявестай сваёй». Люба глянула на мяне з неўразуменнем, жартую ці кажу праўду, і паківала галавою, маўляў, што і гаварыць: адкалоў сынок нумар дык адкалоў. «Пераначуе, а ў панядзелак разам адправіш у інтэрнат»,— параіў я. «Ну ты што, Алесь?..— абурылася Люба, стрымліваючы сябе вялікім намаганнем. Яна стаяла станістая, моцная, рукі ў бокі, як грозны экзекутар, якому не хапае бізуна.— Яны, гэтыя ідыёты, могуць тут і спаць легчы... па-даросламу, тады разбірайся з імі. Выганяць з інтэрната». І яна са слязамі на вачах расказала, з якою цяжкасцю ёй удалося ўладкаваць Андрэя ў спецінтэрнат — дапамагла знаёмая з райана. Разнерваваўшыся, загадала Андрэю адвезці дзяўчынку назад, але адумалася — куды пашлеш іх дваіх, няцямлівых. Вырашыла везці сама. Вось тут я і не стрываў, крыху павысіў голас: маўляў, што ты робіш, навошта траўміраваць і так скалечаныя душы дзяцей. Любу гэта закранула, і яна, відочна кідаючы мне выклік і вымяшчаючы затоенае раней, сказала, што для «пануквання» ў мяне ёсць жонка. Але я і блізка не пакрыўдзіўся на Любу, і мы па-ранейшаму не саромеліся адкрыта глядзець адно аднаму ў вочы.