— А ты з Верай, з Ігарам абыходзішся мякка?!
Ці не ты сапсаваў ёй жыццё?! А пра сына падумаў?!
— Ладна, ла-адна, толькі змо-оўкні!.. Ты, як Вера, адно зачапі вас... Зтакаліся ўжо!..
13
Толькі выправадзіла Барыса, вярнуўся Косця.
— Ты куды хадзіў? — нападаю на яго.
— Крыху па полі палазіў...
Не магла на гэты раз пайсці з мужам, бо была занятая, аднак у душы бытта б радуюся, што злавіла яго на злачынстве. Мае паводзіны на вуліцы — плата за яго.
— Чаму мяне не ўзяў?
— Дык жа я табе казаў ісці разам, забылася?
— Казаў! Не паспела раскрыць рот, як цябе ўжо не стала! Каб хацеў мяне ўзяць з сабой, знайшоў бы словы ўгаварыць!
— Магчыма... Але ж я пішу, разумееш... Трэба часамі пабыць аднаму, каб адстаялася думка...
— А-а, дык ты сумысна адзін пайшоў?! Тады навошта прыкідвацца, што завеш? — ад сваіх слоў яшчэ больш пераконваюся, што ва ўсім вінаваты муж.— Ты заўсёды лічыў мяне за дурніцу!.. Калісьці ездзіў на сустрэчу да медыкаў — адзін: бачыце, яму са мной ісці ў клуб няёмка! У лес аднойчы пайшоў — адзін! Сёння ў поле — адзін! А мне тут самой змагайся з кожным п'яніцам, бойся, дрыжы ад розных тыпаў! — крычу, хоць Барыс для мне — свой чалавек і, вядома, яго я не баюся.
— І-ірка, ты ж ведаеш, што мне гэта патрэбна! Ды і ці мала мы з табой папахадзілі і ў лес, і ў...
— ...Нібы маю мужа, а на самай справе яго ў мяне няма! Да д'ябла мне слава, калі жыву бытта ўдава якая! — прарываюцца ў мяне слёзы.
Цяпер я гаварыла з такой крыўдай і жалем, што ўжо ані не сумнявалася — ва ўсім вінаваты толькі адзін Косця, а мой уяўны флірт з незнаёмым — адно частковая кампенсацыя таго, што не дадае мне муж.
— Супакойся. Слова гонару, не ведаў, што табе будзе аж так крыўдна...
Але я не хачу слухаць яго каяння. Звяртаюся з просьбай, добра ведаючы, што яна толькі для формы:
— Косця, ну дай і мне якую-небудзь работу!
— Хіба мала табе заняткаў дома? Ці не па горла ў цябе работы ў школе? Якую табе яшчэ трэба?!
— А я хачу, як у цябе,— творчую! Дапусці і мяне да сваіх паперак!
— Піць гарэлку можна разам, а пісаць — толькі асобна...
— «Где уж нам, измученным в неволе, ликовать, резвиться и скакать!»
— Не раздражняй сябе! Я хацеў сказаць, што такая работа не для цябе!
— Ты ведаеш, што для мяне, што не? — выбухаю злосцю.— «Піць гарэлку разам, а пісаць — асобна»,— дражню.— Пачуў недзе фразу і паўтараеш, як папугай!
— Ну, пайшла!
— Эгаіст — толькі пра сябе думаеш!
— Іра, хіба ж гэта праўда? Хіба я пра сябе думаў калі? Што ты вярзеш?
— От бы пасадзіць цябе зараз на маё месца! — прарываецца ў мяне стары, набалелы жаль.— Ведаеш, як я здабывала сёння яду для сям'і?
— Чаго ты зноў усхадзілася?
— Што твае дзеці сёння абулі? Што робіцца ў маёй школе, пра што думаю, як хаджу на работу, што бачу, з кім спатыкаюся, ты ведаеш?.. Ды ты нават цвіка не вырвеш з крэсла, які сын увагнаў яшчэ летась, і будзе ён тырчаць, пакуль не парву сукенку і не выцягну сама!
— Я, па-твойму, бібікі б'ю? Супакойся! — моліць ён.— Павер, калі трэба было, то быў і добрым гаспадаром. Цяпер жа ўсім гэтым камандуеш ты!
— З сённяшняга дня адмаўляюся!
— Ну і добра. Тады займуся я!
— Не змагла б і я што-небудзь стварыць, каб ты даў умовы? Думаеш, я такая бяздарнасць?
— Ніколі так не думаў! От, запрацавалася, бедная, ушчэнт, дальбог!
Хоча мяне абняць.
— Не падлазь! Ты ведаеш, колькі разоў адно ў магазін сёння лётала?
— Нічога кепскага пра цябе не думаю, адкуль ты ўзяла ўсё? Супакоішся ты, урэшце?
— Маўчала дагэтуль, бо дурная была!
— Іра, зразумей, творчасць — як каханне, дзяліць ні з кім яго немагчыма, бо гэта тваё, асабістае. Я ж невінаваты, што на свеце так створана... Я табе вельмі ўдзячны за ўмовы...
— Што мне з гэтага?
— Дык пачакай вынікаў!
— Іх ніколі не будзе!
Што праўда, то праўда. У новы артыкул трэба ўкласці ўсю душу без астатку. Адно тады ён будзе добры. Гэта ведаю з уласнага вопыту — і ў маёй прафесіі гэтаксама.
Уздыхаю і скарджуся мякчэй:
— Усё адно і тое самае, і тое самае... Можна звар'яцець. У цябе ўжо — восем брашур! Ну, напішаш дзевятую, потым яшчэ адну, яшчэ...
Муж глядзіць на мяне, заклапочаны і здзіўлены: пра гэта ён і сам не думаў.
— Дурна-ая! — туліць ужо мяне.— Дык так і ў тваёй школе: выпусціш адзін клас, потым рыхтуй наступны... Так і ўсё астатняе на белым свеце. Табе яшчэ пашанцавала, я хоць заўсёды на вачах. Іншыя мужчыны як пойдуць раніцой з дому, то няма іх да ночы. А то і суткі, цэлы месяц...
— Вось-вось. І я месяцамі бацькоў не бачыла. Што ў гэтым добрага?