— У цябе справа іншая, не блытай. Тваю маму партыя пасылала на заданне ў цяжкі час.
— Магчыма, і блытаю...— выціскаю з сябе і калачуся ад жалю.— Аднак і гэтак, Косця, жыць нельга. І з дзецьмі табе болей трэба быць. І да мяне ты заўсёды такі няўважлівы...
— Напрыклад?
— Пайшла з табой учора ў кіно, а ты папёрся наперад: мне было сорамна перад настаўніцамі. Ведаеш, як некаторыя да нас з табой прыглядаюцца, як потым абмяркоўваюць кожны наш крок?
Глупства!
— Такімі глупствамі ты мяне адштурхоўваеш, я пачынаю нават на другіх пазіраць...
— Вось як?
— Не хачу, а пазіраю!
— Ну-у? — ён коратка дзівіцца.
— Ага,— я задаволена, што прызналася нарэшце і што ён не стаў рабіць допытаў.
— Даруй, Іра! — вінавата просіць, уражаны.— Слова гонару, нічога не заўважаў... А ты наступны раз не маўчы, а кажы, калі я не ўважлівы!
— Трэба і самому ведаць!
— У мяне галава так задурана, што... Во, мяне выклікаюць у выдавецтва, хочаш, разам паедзем? Зараз грошай крыху зноў атрымаем за брашуру. Паехалі, а?
— Хто мяне пусціць, думаеш, я — вольны казак, як ты?!
— Адпросішся на два дні ў дырэктара. Веру папрасі правесці свае ўрокі! Дома Тося цябе заменіць!
— Ага, заменіць! Прывядзе салдата свайго сюды!..
— Ну і што? З'есць тваіх дзяцей! Не людаеды ў войску — і я быў салдатам! Паехалі!
— Неяк няёмка, сярод вучэбнага го-ода...
14
Жывём у век тэхнікі. Паўдня збіралася, а селі ў самалёт і праз гадзіну ўжо — сталіца. Мяне мучыць неспакой. Той, які дома быў прыглушаны рознымі справамі, тут мяне агарнуў усю, без астатку: мяне аж падмывае.
У гасцініцу прыбягае з рэдакцыі ўсхваляваны Косця і не заўважае майго настрою.
— Ну, віншуй! Падпісаў умову на новую рэч! Будзе называцца ведаеш як? «Значэнне памяці ў жыцці чалавека»!
— Што ты будзеш пісаць? Пра яе ж усё напісана.
— У-у, як памыляешся! Вы, настаўнікі, кажаце вучням: «Ты, Коля, далёка пойдзеш, у цябе выдатная памяць». А гэта — глупства! Амаль ніхто з вялікіх людзей ёю не вылучаўся! Ледзь не ўсе геніі памяць мелі цалкам звычайную! Наадварот, фенаменальная памяць часамі перашкаджае чалавеку! Расхалоджвае яго, супакойвае! Памятаеш Станіслава, студэнта з фізмата? Прачытаеш яму з кніжкі старонку і — ён табе перакажа яе слова ў слова. А што з яго атрымалася? З божага дару ён зрабіў бізнес! Завочнікі прыносяць задачкі, у яго цвёрдая такса: ад трох да пяці рублёў за адну...
— Тады як, па-твойму...— неахвотна падтрымліваю размову.
— Ніяк. І тут павінна быць у чалавека мера. Што з таго, калі твая галава будзе поўная фактаў? Гурба вінцікаў і кольцаў яшчэ не народзіць трактар... Як? А чорт яго ведае, трэба падумаць! Мабыць, памяць не прыносіць карысці, калі факты не вядуць да пазнання сутнасці рэчы, не запальваюць іскры, не вядуць да вопыту, ведаў!.. Патрэбны яшчэ розум, эмоцыі, характар... Гарачае і сумленнае сэрца знойдзе і сілы і спосаб успомніць, калі яму што трэба! Здаровы парастак праб'ецца нават праз каменні да сонца, калі будзе ў ім гэтая сіла!.. Тут столькі можна фантазіраваць, прыводзіць прыкладаў — страх! От, работка чакае мяне — цуд!.. Але есці хачу, пайшлі абедаць!
Заходзім у перапоўнены рэстаран. Падсаджваемся да дзвюх дам.
— Што будзеш есці? — пытаецца Косця.
— Усё роўна. Выбірай ты! — кідаю нібы абыякава, а сама насцярожана кагосьці выглядваю, выслухваю.
Навокал завіхаюцца маладыя афіцыянты ў белых пінжаках з чорнымі банцікамі замест гальштукаў. Стаіць бязладная гамана. За суседнімі сталамі — арабы, негры, індусы. На сталах — стракатыя флажкі. Нашыя суседкі з прытворнасцю правінцыялак гавораць так, каб іх чулі афіцыянты:
— Ох, да чаго ж не люблю гэтых сталічных падавальшчыкаў у рэстаранах!
— І я! Яны — бытта лёкаі з дарэвалюцыйнага часу! У іх штосьці нізкае, фальшывае...
Косця вывучае меню, але я ўпэўнена — ён усё выдатна чуе. Зараз не выцерпіць, абрынецца на жанчын. Збіраюся сціснуць яго руку, выцягваю ўжо нават пальцы, ды раптам замірае сэрца, забівае дыханне: у залу ўваходзіць чалавек... Хаваюся з жахам за мужа.
— Эх, жанчынкі, жанчынкі, як вы можаце так легкадумна гаварыць? Вы ж гэтых хлопцаў зусім не ведаеце! — бы праз сон, далятаюць Косцевы словы.— Яны ж вам могуць быць сынамі!
Не, гэта — не ён! Той чалавек, што ўвайшоў, мае толькі падобны касцюм!..
Да мяне памалу вяртаецца прытомнасць. І разам з гэтым робіцца сумна-сумна.
— ...Маладыя, адукаваныя, з атэстатамі. Узялі іх сюды па конкурсу. Гэтыя хлопцы нават валодаюць замежнымі мовамі. Я б на іх месцы не прыняў бы ў вас заказу!..
З той жа энергічнай упэўненасцю, з якой у гасцініцы разважаў пра памяць, Косця адчытвае жанчын, а я ўсё азіраюся, азіраюся, выглядваю і выглядваю, аж забалела шыя. Чагосьці страшэнна не хапае ў гэтым горадзе, надта цягне дамоў...