Выбрать главу

Ад стуку прачынаецца Віця ды адразу свежым галаском, бытта не спаў, крычыць:

— Та-ата, ведаеш, што цікавае мне снілася?

— Не. Раскажы.

— Як... як...— сіліцца знайсці словы.

— Ну, ну!

— Мама, раскажы мой сон тату!

— Дурненькі, думаеш, і я бачыла яго?

— Ты не ба-ачыла? — дзівіцца Віця.— Мы ж разам спалі!..

Мы з Косцем смяёмся.

— Ой, Косцік, гані мяне да работы, а то трэба ў школу рана, а ў мяне спраў яшчэ колькі!

— А ну, гультай, марш! Што гэта такое?!

— Ой, іду, іду!

— Давай, давай! — пратурвае мяне ў другі пакой.

Рыхтую Марыйцы сукенку, школьны фартух. Чышчу чаравікі. Гатую ўсім снеданне. Буджу Тосю. Мы снедаем, і я апранаюся, бяру партфель.

17

Выходжу раней, чым трэба. Горад яшчэ сонны. Асенняе паветра — сцюдзёнае, але свежае і бадзёрае. Бачу вакол сябе толькі добрае. Мяне абганяе машына. З акенца кабіны вылятае вугольчык папяросы і падскоквае на тратуары, рассыпае іскры. Не, горад ужо не спіць...

Спыняюся на аўтобусным прыпынку ля хлебнага магазіна. Побач два здаровыя дзядзькі ў камбінезонах з кузава крытай машыны выцягваюць кручкамі скрынкі з булкамі і ў ранішняй цішы нарабілі лёскату на цэлы квартал.

— Усё! — уздыхае адзін.— Закурым!

— Як усё? — пярэчыць другі.— А снеданне сябру?..

І кідае на тратуар кавалачак хлеба:

— Лаві сваю порцыю, браце. Наядайся!

Толькі цяпер у паўзмроку бачу жывы шэры камячок, які па тратуары скача да хлеба.

— Кожную раніцу, жэўжык, прылятае! — з захапленнем тлумачыць дзядзька мне.— Просіць есці...

Падкаціў бітком набіты аўтобус, уздыхае тармазамі.

Расшпільваю паліто, каб не адляцелі гузікі, складваю рукі клінам, прыціскаю локцем партфель і ныраю за тоўстай дзяўчынай. Ледзь зачыняюцца за намі пнеўматычныя дзверы. Вакол мяне — тугія бакі, плечы, локці ды незадаволенае гырканне. Людзі нязлыя — яны проста яшчэ сонныя.

— Не штурхайся!

— Яна так дыхае! — заўважае другі.

— Не заступайся. Лепш злезь з маіх мазалёў!

— Хіба ты тут выходзіш?

— А калі не выходжу, то не трэба злезці?.. А вы не падміргвайце!

— Я вам падміргваю?

— У вас такая звычка, вы і не заўважаеце!

— Елачкай, елачкай станьце, і — усім хопіць месца! А ты — не выхіляйся з акна! Закрый яго!

— Выхіляйся, выхіляйся, чым ты заўтра будзеш выхіляцца?!

У аўтобусе прачынаюцца, усім весела.

У гэтую пару нашым маршрутам ездзяць пераважна рабочыя з заводаў, людзі, якія любяць вострае і трапнае слова. У гуморы і наша кандуктарка.

— Грамадзяне, бярыце білеты, не саромейцеся! — крычыць зычным голасам і папраўляе на грудзях «Раман-газету», якая занадта вылезла з-за адвароту.— Тут мы усе свае, смялей, смялей! Вы, дзве дзяўчыны, чаго азіраецеся?

— А што, не пара ім хіба азірацца?

— Не хвалюйся, не на цябе!

— А чым я кепскі? Толькі што рыжы!

— Байчэй плаціце!

— Шукаем грошай у кішэнях!

— Доўга чагосьці!

— Ну, іншыя ў чужых кішэнях знаходзяць хутчэй, чым у сваіх!

— А ў мяне праязны!

— З праязным мог бы і прайсціся!

— Га-га-га-га!

Цяпер у аўтобусе — нібы адна сям'я. Здаецца, каб магла, азалаціла б усіх.

Нехта ўступае месца, саджуся. Маё сэрца як бы раздалося ўшыркі, увабрала не толькі гэтых пасажыраў, але і цэлы горад! Зноў здаецца, што я ўжо некалі жыла на свеце, я — вечная...

Што мой незнаёмы робіць? Яшчэ, відаць, спіць. Паспі, даражэнькі! Спіце і вы, добрыя людзі, каму яшчэ можна не ўставаць!..

Знадворку да мяне ўсміхаецца твар сімпатычнай маладой асобы з жывым і здаровым бляскам вачэй і зубоў. Я ахвотней гляджуся ў шыбу, чым у люстэрка. Косця смяецца, што гэта — самаашуканства, бо так менш відзён узрост. Ну і няхай! Крадком падцягваю ззаду касынку, і над лобам паказваецца просты прабор. Прыглядаюся. Сапраўды, цяпер падабенства да італьянскай сіньярыны бачу і я. Толькі мой твар маладзейшы і сама я больш жвавая.

А вось і школа.

Як ні рана выехала з дому, аднак у настаўніцкай ужо нехта ёсць. Мяне адразу падхопліваюць тысячы спраў. Камусьці на гвалт патрэбна выставіць адзнакі за чвэрць, дырэктару неадкладна давай справаздачу аб выхаваўчай рабоце, нейкі бацька, дзівак, прыйшоў якраз цяпер, каб я напісала яго дачцэ распарадак дня...

Аднак праз занятасць і клопаты я агорнута і прадчуваннем сустрэчы. Маё сэрца то калоціцца, то ад жудаснага і незнаёмага шчасця замірае. Недарэчы лезуць у галаву яшчэ і вершы. Цякуць лёгка, самі сабой словы Межэлайціса, вычытаныя нядаўна:

Так на картине Ренуара ты, Земной и неземною возникая, Являешь нам прекрасного черты, И ты действительно такая, И наяву такая ж, как во сне. Вся красота, вся — радость.