IV
І на мястэчка і на вёску ўплываў прамысловы Беласток, куды ад Страшава — сорак адзін кіламетр.
Каліноўскі ў Беластоку друкаваў «Мужыцкую праўду».
Забастоўкі рабочых там пачаліся яшчэ ў 1870 годзе.
З беластоцкіх школ выйшлі генерал Парыжскай камуны Валеры Урублеўскі, забойца Аляксандра II — Ігнат Грынявіцкі.
У недалёкім Заблудаве Іван Фёдараў выпускаў свае першыя кніжкі...
Паўстанні 1831, 1863 гадоў пакінулі па нашых лясах такія назвы ўрочышчаў: Стойбішча, Вісельнік.,.
Хаты ў нас даўно на гарадскі лад: крыліся чарапіцай, сцены гладка габляваныя, з шаляванымі вугламі, а вокны — вялізныя, на тры шыбіны. Замест печаў людзі ставілі ўжо пліты, а для цяпла — з белай кафлі грубкі. Па два, па тры і нават па чатыры пакоі мелі страшаўцы.
Гэта з аднаго боку. А з другога...
Вісельнікам называўся лясок ля Свіслачы. У 1831 годзе Мураўёў павесіў у ім вучняў Свіслацкай гімназіі...
Маіх продкаў лясок уражваў не таму, што ў ім загінулі змагары за народ. Праязджаючы ля сосен на кірмаш, яны заміралі ад жаху — на гэтых суках віселі людзі. Заміралі б гэтаксама, калі б там віселі звычайныя бандыты.
Мужыкі нашыя доўга лічылі цара бацькам, які не ведае, што твораць мясцовыя начальнікі, а рэвалюцыянераў называлі з насмешкай — «цацалістамі».
У 1905 годзе праз Гарадок ішла дэманстрацыя. Абураныя рабочыя неслі на тычцы акрываўленую кашулю ахвяры самадзяржаўя. Нейкі Самойлік залез на свой дом і стрэліў па «цацалістах» з дубальтоўкі соллю.
У Страшаве ён праслыў героем.
У 1914 годзе рускія войскі з Заходняй Беларусі і Украіны эвакуіравалі ад немцаў у глыбіню Расіі чатырнаццаць мільёнаў людзей. Адзіным страшаўцам, якому ўдалося схавацца ад Казакаў і не паехаць у тыл, быў стары Лукаш. Чалавек адстаў ад суседзяў на цэлую эпоху.
Пасля вайны бацька спаткаў ля Гарадка фурманку.
— Сцяпан, я вазіў бульбу ў Беласток! — спыніў дзед каня.— І бачыў там нейкіх, мусіць, бальшавікоў, ісціны бог!
— Чаму вы, дзядзьку, думаеце, што гэта былі бальшавікі?
— Бо трубілі ў трубы і ішлі ў сінім... А трубы бліскучыя, аж агнём гарэлі!
Дзядзька бачыў аркестр пажарнай каманды.
(Адсталасць дзядзькі перадалася, няйначай, і дзецям: яго сын Іван не вылазіў з турмы за кражы.)
Астатнія страшаўцы папаездзілі па свеце, і ў іхніх галовах адбылася грунтоўная перамена.
V
На дзедавай спадчыне, у Страшаве і Гарадку, у наваколлі Беластока, і праходзіла маё жыццё — яшчэ не напісаная аповесць, якой я даю назву «Па кветку шчасця».
Ці люблю я свае родныя мясціны? Гэта не тое слова.
Я мераю, буду мераць да смерці і вучу сваіх дзяцей мераць усё на Страшава: плошчу, дамы, людзей, іхнія ўчынкі, сумленнасць, прыгажосць ды брыдоту, подласць, памеры цярпення, бяду і радасць. Бо кожны чалавек — родам са свайго маленства.
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
1
У нас ля акна вісеў кішэнны гадзіннік. Яго бацька атрымаў за выдатную стральбу з гарматы ў царскім войску і ганарыўся ім. Надта хацелася мне яго пакруціць. Дабраліся мы з братам Валодзькам да гадзінніка і сапсавалі.
Першае, што цьмяна памятаю ў сваім жыцці,— як страляе спружына гадзінніка, як мяне лупцуюць. Тады ўжо ідуць вобразы больш выразныя.
Праз вёску пара коней вязе брычку з памешчыкам Шастаковічам. Карычневая брычка блішчыць, гойдаецца на рысорах (нават не думай на яе пачапіцца!) — памешчык з Вераб'ёў едзе ў Гарадок да касцёла.
Вось поўная наша кухня кудзельніц. Вурчаць бадзёра калаўроткі. Гляджу на маміны пальцы, яна слініць іх, спрытна скубе кудзелю з прасла, а з-пад рук яе цячэ на шпульку тоненькая нітачка. Кудзельнымі пяюць. Чую толькі мамін зычны голас. Яна спявае, што хутка настане вечар, яна выйдзе на вуліцу, а там чакаць будзе яе мілы друг і яна на яго абапрэцца.
«Друг» для мяне — слова незнаёмае, але я ведаў падобнае па гучанні — дручкамі абнесены нашыя агароды. Уяўляю, як мама выходзіць з дома і абапіраецца на дручок ля нашай капусты...
Мама бачыць мяне, раптам змаўкае і з цікавасцю і гордасцю пытае:
— А ты разумееш, пра што спяваем?
— Ну! — адказваю ўпэўнена.
Жанчыны смяюцца, а мне надта крыўдна: чаго ж тут не разумець?
Памятаю, як на вёсцы дзівіліся, што наш бацька не можа даць рады дзікам. Яны з Ліпнікоў панадзіліся ў бульбу. Бацька і воўчыя ямы капаў, і бітае шкло сыпаў, каб ад месяца блішчала — дзікі рылі загоны ўсё роўна.
Дзядзька Салвесь, наш сусед, параіў яму правераны спосаб.
Бацька ўкапаў слупы з перакладзінамі. Да перакладзіны дротам прывязаў старыя чыгункі ўверх дном. У кожны чыгун падвесіў кавалак жалязякі — нібы язычок у званку. А да жалязяк прымацаваў анучы.