Выбрать главу

«Вецер анучамі будзе махаць, жалезіны па чыгунах зазвоняць, і дзікі збаяцца!» — абяцаў дзядзька Салвесь.

Выразна памятаю раніцу.

Мы толькі што паўставалі. Праз акно заглядае сонца. Ля пліты ўстрывожаная мама даварвае снеданне і часта ўспамінае мацер божую. Мама гэтым разам не пабіла збан з малаком, не знайшла ў кумпяку чарвей, свіння не сцягнула з плота яе спадніцы — сёння бацька не начаваў дома.

— Бо-ожа, бо-о-ожа, што са Сцяпа-анам?! — гаворыць яна сама да сябе ўслых.— Дзе ён так доўго?! Рабі, рабі на гэтых пясочках дзень і ноч без толку, потым вартуй іх ды яшчэ невядомо, што цябе там спаткае!.. Халера на такую зямлю!.. Вунь у Рыжаго Ігната — і канюшына расце ўсюды, і ад лесу далёка!.. Ісусе Хрысце, мацер божая, чаму такая несправядлівасць на свеце?! Што нам далей рабіць?!

Але мы з Валодзькам сядзім сабе на падлозе, расцягваем каленьмі начныя кашулькі, грэемся на сонцы, як каты, і толькі робім выгляд, што трывожымся таксама. Мы перапоўненыя свежасцю ўспрыняцця, адчуваем нават баразёнкі на кончыках пальцаў. Нам цікава, што будзе.

Нарэшце заходзіць бацька, вінавата апраўдваецца:

— Вечарам набліжаюсо да поля — штось бомкае, а ветру няма! Ліхо на яго, чэрці звоняць, ці што?! Падыходжу да загонаў — дзікі, халера, панажыраліся бульбы, чухаюцца сабе аб слупы. Перакладзіны трасуцца, а чыгункі звоняць!.. А ты ведаеш, колькі іх там у лесе яшчэ жыве?.. Мусіў заставацца на ноч вартаваць. Заснуў раніцой, ну і праспаў...

І ўжо здаецца, зусім нядаўна ў Цішэўскага Івана памерла грудное дзіця. Паклалі дамавіну на фурманку, і з падворка Цішэўскіх людзі накіраваліся на могілкі. За фурманкай пайшлі заплаканыя жанчыны. Іван узяў свежавыгабляваны крыж, паклікаў мяне:

— Алёшка, панясеш праз вёску. Ідзі наперадзе фурманкі і трымай перад сабой... Ды не бяжы надта, азірайся на каня!

Аслеплены шчасцем ад такога даручэння, хутка я асвоіўся, і мне надта захацелася пахваліцца. Забег на падворак да Грушэўскіх, закрычаў сябрам:

— Ага, а ў мяне во што!

Плакальшчыцы накінуліся на Івана:

— Ачмурэў? Каму даў несці крыж?!

Іванаў брат, Юлік, спакойна падышоў да мяне, паспачуваў :

— Ну, замучыўсо, нябось, і рукі памлелі? То дай, панясу ўжо я... О-о, халера, які цяжкі! Як ты яго толькі валок?!

А далей ужо запомніліся страшаўскія падзеі.

Наша вёска на хутары не раз'язджалася — бунтавала. Гаспадары з пясчанымі ўчасткамі патрабавалі новага раздзелу зямлі, але ім адмаўлялі.

— Ёсць жа на свеце справядлівасць! — пераконвала бацьку мама.— Ты быў у той час у салдатах!.. З-за таго, што хітранькі Рыжы Ігнат сумеў падпаіць каморнікаў, а твая маці іх аблаяла, дык ужо і мэнчыцца табе ўсё жыццё?! Хлопцы ў цябе растуць, трэба падумаць, з чым іх пакінеш!

Нездаволеных было шмат. Яны прыходзілі да нас, пісалі ў суд новую скаргу, выбіралі бацьку ў сталіцу хадатаем ды дзялілі, дзялілі лужкі і нізінкі. Малых нудзілі такія размовы, і мы ўцякалі з хаты, шукалі цікавы занятак. А яго лёгка было знайсці.

2

Тады ў нашым Страшаве часта «абнаўляліся» іконы.

Пайшла чутка па вёсцы, што абнавілася мацер божая і ў Кавальцоў. Марцінаў Сашка, Рыгарулькаў Косця, я і мой брат Валодзька паляцелі ў канец вёскі і замерлі ў Кавальца на парозе.

У хаце былі толькі гаспадары. Нахмураны дзед Кавалец згорбіўся на лаве і курыў. Цётка Кавальчыха палажыла сабе на калені далонямі ўверх, як чарпакі, жылістыя рукі і сядзела на куфры. Над цёткай у покуце вісела з пятнаццаць ікон — у тым жа парадку, як яны віселі ў кожнай страшаўскай хаце: пасярэдзіне галава святога, абкладзеная ручніком, а па баках у счарнелых рамках — меншыя святыя. Старыя, мабыць, нядаўна пасварыліся, і нас нават не заўважылі.

«Дзе ж той цуд... каго спытацца?»

У Кавальцову хату ўвайшла адна цётка, другая, трэцяя...

Заходзілі яны насцярожаныя, прытыкаліся да лавы і перашэптваліся. Кавалец зыркаў на жанчын спадылба і адно бурчаў сабе пад нос.

Калі сабралася столькі, што не было на чым ужо і сядзець, і яны выціснулі нас, малых, у сені, Кавалец выбіў аб лаву муштук, схаваў яго ў кішэню, плюнуў са злосцю і пайшоў з хаты.

У доме адразу ўзняўся гармідар. Асмялелыя жанчыны ўставіліся на маленькую іконку, якая вісела асобна, і заахалі.

— Ты глядзі, як ззяе! — сказала цётка Настуся і азірнулася — падахвоціла астатніх.

— Няўжэ-э! — падтрымала яе Салвесіха.

— Як сонцо! — падхапілі іншыя.

— А вакол яе — зоркі, зоркі, зоркі...

Жанчыны стараліся не адстаць адна ад адной.