Я шкадаваў Верыну бабку, высокую, касцістую, насатую, з маршчынамі і чорнымі вусамі — сапраўдная ведзьма. Яе мне было шкада, як Бабу Ягу, якую Ясь пад канец казкі ўкінуў у кацёл з варам.
Бацька еў, а маці гаварыла і гаварыла пра старую — як яна за ўсімі шпіёніць, падглядвае, які ў яе дрэнны характар.
Між іншым, бацька наш знахарак не прызнаваў, але мама вадзіла да старой лячыць Валодзьку, насіла рэшата жыта. Старая сеяла над братам попел, перацягвала праз хамут...
«Здагадаецца тата ці не? Калі даведаецца пра жыто, пабяжыць да старой. За яе заступіцца сын! Мужчыны пачнуь біцца! Цікаво, здужае наш бацька Доўгага Мікалая ці не? Пэўна, зду-ужае!..»
4
У Беластоку жыла наша сваячка Гануля. Яна Настусі даводзілася стрыечнай сястрой. Чаму ж тады мы з Настусяй не лічымся сваякамі?
Чаму пра суседку ў нас заведзена было гаварыць або кепскае, або не гаварыць зусім нічога?
Зразумеў я ўсё потым, ужо дарослы.
Гэта пачалося яшчэ перад імперыялістычнай вайной. К таму часу бацька стаў кавалерам, паспела і дзеўка Настуся. Мяркуючы па тым, якое яна насіла імя (не Настуля, не Анастася, Настася, а — Настуся), у дзяцінстве бацькі песцілі яе, любілі. І выгадавалі — дужую, рухавую, галасістую і вясёлую.
Аднойчы хлопцы, сярод якіх быў і мой бацька, упіхнулі дзяўчыну ў гумно, завязалі вышэй галавы спадніцу. Жанчыны пачулі крык, папрыбягалі з поля...
Што там у гумне было, ніхто толкам не ведаў. І, калі гаварыць па-справядлівасці, Настуся найменш вінавата. На дзіва, асудзілі не буянаў, а якраз бедную дзеўку, якая бытта бы не змагла сябе зберагчы.
Жанчын злавала, што Настуся пасля таго выпадку не плакала, не апраўдвалася, а паводзіла сябе так, нібы ўсе бабскія размовы — з зайздрасці.
Праз нейкі час Настуся паехала ў Беласток служыць да паноў, дрэнная слава пра яе разраслася. У горадзе бытта бы да яе на ноч прыходзілі салдаты і плацілі грошы.
Мінуў год-другі.
Нечакана Настуся вярнулася ў вёску назаўсёды ды прывезла з сабой беластачаніна. І такога, што ўсе ахнулі: чарнявага, белазубага, высачэзнага, прыгожага.
На вяскоўцаў прымак глядзеў звысоку, нібы каланіст на тубыльцаў. Але і страшаўцы яму адплацілі. Празвалі — Доўгім.
Доўгі Мікалай падпёр з усходу дручкамі хаціну, якую заходнія вятры моцна нахілілі, і больш не ўбіў нікуды і цвіка. Якімі пакінуў пасля сябе Настусін бацька гумно і хлеў, так яны і засталіся стаяць.
5
За Настусяй у адной хаце жылі браты Грушэўскія: Марцін і Салвесь.
Калісьці наляцела на вёску бура, паваліла гумны, пазрывала стрэхі, павыварочвала з карэннямі дрэвы.
Віхор падняў малога Салвеся і занёс за вярсту ў поле. Дзіця знайшлі потым, калі яно, выплакаўшыся, спала ў баразне. На малым не было і драпінкі, але з той пары Салвесь пачаў заікацца. Бацькі надта шкадавалі сына, дрыжалі над ім, і ён вырас да смешнага чуллівы.
За нашымі агародамі чарнелі яміны, дзе мачылі каноплі. Летам тут вадзіліся жабы. Калі вада ў ямінах высыхала, Салвесь збіраў малых дзяцей і насіў з імі ў ямы ваду з калодзежа, пакуль з малых апалонікаў не вырасталі жабы і не распаўзаліся па балоце.
Ваду насілі каля Настусіных вокнаў. Убачыў нас Доўгі Мікалай, давай дзівіцца:
— О, дурны заіка дае жабам цыцкі!
Пакрыўджаны дзядзька як вёў за руку сваю маленькую Нінку, так і павёў яе далей. Адно сагнуўся, нібы яго ўдарылі ззаду. І ў гэты дзень да нас не прамовіў ні слова.
Неяк зімой дзядзька Салвесь саматугам валок Рыжаму Ігнату санкі. Мама несла ад Грушэўскіх вуголле ў збанку, і ёй захацелася падурэць. Яна ўпала ў палукашак, закрычала:
— Но-о, Салвеську, вязі-і!
Дзядзька гульню падхапіў, крутануў аглоблі — і палукашак перакуліўся. Доўгі Мікалай схапіў збанок, высыпаў вуголле на салому, зарагатаў. Мама з Салвесем кінуліся завальваць палукашак снегам.
Калі чалавек арэ, сее ці ўкопвае слуп, не будзеш сунуцца каля яго моўчкі, нібы свіння. Доўгі Мікалай паслаў бы таго к чорту, хто сказаў бы яму «памагай бог!».
Для Доўгага Мікалая не было ніякіх аўтарытэтаў.
Дзядзька Аляксей — былы прыказчык — з Масквы прыслаў нам чырвонцы і пісьмо. Прачытаў бацька яго і зазлаваў. Выяўляецца, Аляксей — «нэпман», кепскі чалавек.
Бацька адказаў брату на чыстай старонцы пісьма і чырвонцы адаслаў назад. Яго на вёсцы сталі паважаць яшчэ больш. Адзін Доўгі Мікалай смяяўся, што Сцяпан дурны — адмовіўся ад грошай.
Ад Доўгага наш бацька меў нямала клопатаў.
Ноччу мужчыны вартавалі вёску. З вечара да раніцы адзін чалавек у кажусе тэпаў сабе па бруку і сачыў, каб не было пажару, не швэндаліся чужыя. Раніцой вартаўнік «шыльду» дзяжурнага заносіў суседу пад акно: «Сёння, браце, на варту табе».