Калі пад сваім акном бацька бачыў знаёмую дошчачку, то бег да Грушэўскіх на разведку, бо Доўгі Мікалай часта яго абдурваў: Мікалаю раніцой «шыльду» прыносіў Салвесь ці яго брат, а хітранькі Доўгі дошчачку адразу ж сплаўляў нам...
Доўгі, казалі, з Лукашовым Іванам у Беластоку лазілі па кішэнях. Івана пасадзілі ў турму, а ён неяк выкруціўся. Свае замашкі прынёс Доўгі і ў вёску.
Аднаго вечара бацька зазірнуў чагосьці ў гумно, а ля горбы сечкі — чорная постаць. Уцякаць незнаёмаму не было куды. Ён забляяў бараном, кінуўся на снапы, адтуль — да шчыта, выбіў дошку і выскачыў на двор.
На вёсцы ведалі нават, што ў суседа варыцца на абед, а не толькі пазналі б яго мяшкі. Бацька са здзіўленнем падняў з тока чужы мяшок — «Настусін, здаецца?! Але ж у Мікалая свая сячкарня?! От, халера, гультай!..»
Але часамі ў словах Верынага бацькі была жудасная логіка.
Прыглядаючыся, як мужчыны зыходзяцца да нас, каб зноў выбіраць хадатая ў Варшаву, аднойчы Мікалай мне, бытта не пра майго бацьку мова, сказаў:
— Заладзілі!.. Ну, даб'ецца свайго Сцяпан, адбярэ хутар у Ігната, тады Рыжаму судзіса?..
Мяне так уразіла справядлівасць яго слоў, што я аж пахаладзеў.
Бессардэчна абыходзіўся Доўгі Мікалай і са сваімі. Мама часамі вярталася ад калодзежа з вядром вады і аб'яўляла дома:
— Доўгі зноў таўчэ Настусю!
Мікалаевы дзеці і жонка толькі і мелі клопату — дагаджаць яму.
Уся вёска ведала, якія рукавіцы пашыла мужу Настуся, якія звязала шкарпэткі. Мікалай заязджаў на падворак, а яго Верка кідалася валачы ў сені дугу, збрую. Старая маці жыла ў халупе, бытта толькі каб сачыць за нявесткай і ўнучкамі ды паддаваць іх сыну на расправу.
Лупцоўку Настуся пераносіла з нейкім радасным цярпеннем, пра Мікалая не давала сказаць кепскага слова. Яна з захапленнем расказвала, як яны з мужам добра жывуць.
— Бабы, а здаро-овы ён, а ду-ужы!.. Калі ноччу праз сон выцягне руку, паложыць на мяне — не паварушыцца, так і прасплю да самай раніцы!..
Апрача Веры ў Настулі былі яшчэ дзве меншыя дзяўчынкі. Але покуль Мікалай не захварэў, я ніколі не бачыў, каб ён з імі гуляў ці хоць падвёз калі малое на возе.
Чацвёртае дзіця — сын — пажыло адно пару месяцаў. Казалі, Мікалай таму так уз'еўся на жонку, бо не мог дараваць смерці сына.
Настуся мела гектар пясочку, на ім нават жыта расло слаба. Мікалай наняўся працаваць у лесніка. На карай кабылцы са збруяй, прыбранай, як на вяселле, чырвонымі стужкамі, Доўгі ездзіў кожны дзень у Ліпнікі на леснікова поле. Як мірыліся з лесніком, як разлічваліся, мала каго ў вёсцы цікавіла.
Мае бацькі да Настусінай сям'і адносіліся незычліва. Мама не магла дараваць бацьку грэх, і гнеў свой пераносіла на Настусю. А бацька цярпець не мог такіх людзей, як Доўгі.
6
Я і не заўважыў, хто ўбіў мне ў галаву, што кожны страшавец — «мужык». Ён цяжка працуе, рыхтуе мяса, малако, масла, а сам гэтага не есць. У гарадах жывуць паны, яны толькі балююць ды жаруць тое, што нарыхтуе ці выгадуе мужык. Страшаўцам вельмі крыўдна. Мне, сыну мужыка Сцяпана, рабілася крыўдна таксама.
— Ух, паны, свалата, толькі пачакайце, няхай адно вырасцем з Валодзькам!..
Прытаіўшыся ля камення пад плотам, мы з братам слухалі, як людзі чыталі з «Маланкі» :
«Век дваццаты — век харошы, абы грошы, толькі б грошы!.. От бы мець іх хоць з паўпуда, ну й зрабіў бы ж тады цуды! Накупіў бы рыбы, мяса, кіло кракаўскай каўбасы, хлеба белага з паўторбы і, дальбог, адзін упёр бы!.. Дзе ўзяць грошай, вось пытанне. Ад світання да змяркання льецца пот, працуй, цягайся, за ўсё бульбай аддувайся! Бульба парана, пячона, бульба сёння, бульба ўчора, мой трыбух стаў як калода, дый без бульбы ж няма ходу!.. Век дваццаты — век харошы, абы грошы, толькі грошы!» [1]
Якраз у тыя гады, калі ў малога глыбока ўкараняецца сэнс і значэнне новага слова, суседчын сын, Сахарышын Юлік, мне растлумачыў: мы не толькі «мужыцкія» дзеці, а яшчэ і беларусы. Нас, беларусаў, вельмі многа, палова з іх жыве ў Саветах, там ім вельмі добра, а мы ў Польшчы мэнчымся. Ды галоўны польскі начальнік Пілсудскі — наш закляты вораг.
Фатаграфіі Пілсудскага з даўжэзнымі вусамі і страшэннымі брывамі былі ва ўсіх газетах. Гэта яму на баляванне і курорты мужыкі прадаюць усё да кроплі малако, масла, свіней і плацяць падаткі. Гэта яго легіянеры нас адарвалі ад Саветаў. Яго паліцыянты страляюць сабак і наводзяць жах. Ён паслаў і жулікаў пабіць нашага пасла Валошына.
Сказаў Юлік слова — бы нешта ва мне запаліў.