Выбрать главу

Я не проста Алёшка, мужыка Сцяпана сын, а яшчэ і беларус, чаго ніхто ўжо не адменіць. Нават ні сам Пілсудскі, ні яго паліцыянты.

А галоўныя беларусы нікога не баяцца. Нашы паслы Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Дварчанін паехалі аж у Варшаву і кінулі акрываўленую кашулю Валошына гэтаму Пілсудскаму пад нос: на, паглядзі і панюхай сваю работу!

От бы стаць такім адважным!

Што такое пасол, вядома, я не разумеў. Але па тым, як пра іх гаварылі, як вымаўлялі незнаёмае слова, сугучнае з услонам, паслоў я ўяўляў сабе магутнымі, дужымі волатамі.

Найболей запомніўся Валошын. Можа, таму, што прозвішча яго было мяккае, свойскае — нібы ў жытах валошка. Абвязаны бінтамі твар абышоў усе газеты, выклікаў спачуванне.

У Страшаве стварыўся гурток «Грамада»[2]. З уздымам мужчыны зацягвалі па вечарах:

Ад веку мы спалі, і нас разбудзілі, Сказалі, што трэба рабіць, Што трэба свабоды, зямлі чалавеку, Што трэба буржуяў пабіць!..

Уздым перадаваўся і мне. У час спеву я бачыў сябе на полі сярод узбуджанага такога дужага і магутнага натоўпу, што не Пілсудскаму заводзіцца з намі.

Доўгі Мікалай прыглядаўся да «Маланкі», прыслухоўваўся да спеваў і смяяўся з мужчын:

— Знайшлі сабе гульню і гуляюць, бы дзеці. Бапты-ысты!

7

Адміністрацыйную ўладу над вёскамі мелі гміны[3]. У гміне памяшчаліся войт, паліцыянты, была халодная.

Бліжэйшая гміна ад нас знаходзілася ў Гарадку, але мы належалі да Ялоўскай, а да яе ад нашай вёскі кіламетраў з дваццаць.

Наша вёска давала ўраду нямала клопатаў.

Апрыкрала ялоўскім паліцыянтам ездзіць далёка, і яны з войтам адправіліся ў Страшава далучаць вёску да Гарадка. Склікалі сход.

— Што вам Ялоўка? — ганіў сваю мясціну войт.— Глухая вёсачка без мінулага і будучага, а Гарадок — каля станцыі, старажытны, яму ўжо тысяча год!

Потым ляснік таксама стаў даводзіць, што Гарадок бліжэй.

Страшаўцы адно слухалі прамоўцу, ківалі галовамі, уздыхалі.

Лесніка падтрымаў Доўгі Мікалай:

— Пакуль да Ялоўкі даедзеш, з Гарадка ўжо вернешся і забудзеш, а вы, цемната, яшчэ ўпіраецеса!

— Ве-едам, што блізка!

— Блізка — аж занадта!

— То-то і яно!..

Калі дайшло да галасавання, мужчыны дружна паднялі рукі супроць. За прапанову войта быў толькі Доўгі з лесніком.

— Няхай ужэ нам, цёмным, гміна будзе ў глухой вёсачцы, куды нам да Гарадка,— пакпіў Марцін Грушэўскі.

— Дажыве-ем і гэ-этак...

Доўгі павёў раззлаваных гасцей да сябе. Яны ў Настусі цэлую ноч пілі.

Назаўтра сабраліся ў нашай хаце мужчыны абмяркоўваць сход.

Добра, што ўчора не паддаліся. Адно пачні выконваць панскія загады — ногі выцягнеш.

Май пабелены комін, плот. А навошта? Каб лашчыла вока пану, як будзе праязджаць у брычцы? Табе так хочацца — сам і бялі!

Каля студні зямлю выкладзі брукам, каб свінні ў лужыне не купаліся. І чаго ты, пане, брыдзішся? Нябось, сала ці кумпяк жэрці любіш! А зімой куды брук дзяваць — бабы ногі паломяць на абледзянелым каменні, калі пойдуць па ваду.

Не будзе сабака на прывязі — штраф. Ці ты таго сабаку заўсёды ўтрымаеш на прывязі?

Да воза чапляй бляшаную шыльдачку з адрасам. Яна мусіць быць без плямкі, з аднолькавымі памерамі літар. Каб набыць такую шыльдачку, цэлую курыцу трэба прадаць. На якую халеру селяніну гэтая шыльдачка — гной вазіць на поле? Калі ён раз у месяц прыедзе на кірмаш, а ты захочаш ведаць яго прозвішча — у цябе ж язык у роце!

Махорка дарагая. За пасаджанае каліва тытуню дваццаць пяць злотых штрафу. З якой рацыі! Каб нажыліся на ёй фабрыканты?..

Найгорш з падаткамі. Не заплаціш — прыедзе секвестратар і забярэ, што знойдзе: карову, швейную машыну, сувой палатна, што баба выткала на кашулі, мяшок зерня... Пабыць ва ўсіх, хто не плаціць, ён не можа. Секвестратараў пасылаюць толькі для страху, Далёка ад гміны ехаць яны лянуюцца.

Бялевічы належаць да Гарадоцкай гміны: ім, бедным, ні днём, ні ноччу няма спакою. У іх і падаткі заплачаны, і шарварак[4] выкананы, і пабелена ўсё...

Рыгарулька яшчэ ні разу не ўнёс падатку. Іншыя страшаўцы па некалькі гадоў не выходзілі на шарварак. У нас і тытунь у капусце расце, а — жывём. А там, глядзі, і перамена якая-небудзь прыйдзе.

— Добра зрабілі, што не паслухалі! — са здавальненнем і пашанай да сябе сказалі мужчыны.

Успомнілі і Доўгага Мікалая.

— Ліха яго ведае, ці ён знарок, ці не разумее? — дзівіўся бацька.— Столькі ўжо ў Страшаве — пара б і навучыцца!

вернуться

2

Беларуская сялянска-работніцкая Грамада. Прагрэсіўная арганізацыя ў Заходняй Беларусі ў 1925-1927 гг. карысталася вялізным аўтарытэтам, налічвала каля 100 000 чалавек

вернуться

3

Воласць

вернуться

4

Дарожная павіннасць