Выбрать главу

Наш ляснік калісьці быў легіянерам, яго паны прыслалі з-пад Варшавы, каб сачыў за вёскай. Усе яго баяліся і ненавідзелі.

— Гэ, Сцяпан, разумее ён не горш за цябе! — азваўся Марцін Грушэўскі.— Толькі што за карысць яму ісці з табой?! Нябось ведаў з кім знюхацца — з легіянерам!

— Яму напляваць на тое, чаго людзі дамагаюцца! — уздыхнуў ужо бацька.— Ы-ых, без карысці чалавек жыве, цьфу!

— Горшы за лесніка! — падхапілі мужчыны.

— Той ідзе адкрыта. А гэты — нібы свой, здаецца, і з бедных, а — бачыш!

— Калі такі прадасца — бяда!

— Гарадскі фраер!

Настусінага мужа цярпелі як непаразуменне, як нешта чужое.

Мяне Доўгі Мікалай уражваў сілай — ішоў насуперак вёскі, быў з паліцыянтамі, Пілсудскім. Яго лаялі, не любілі, а Доўгі — хоць бы што.

І вось гэтаму дужаму ў маім уяўленні чалавеку выпала ўразіць мяне неўзабаве бядой, трагедыяй зменлівасці, няўстоўлівасці чалавечага жыцця.

8

Пра ўсё карцела ведаць. Бацька дома бываў рэдка, і мы прыставалі да мамы:

— А што на небе?

— А як рыбы спяць?

— А чаму сонцо раніцой жоўтае, вялікае, а днём — белае і малое? І як гэто брычка Шастаковіча едзе ўперад, калі колы яе круцяцца назад?

— А ці праўда: капай і капай зямлю — дакапаецца да Амерыкі?

Яна не ўмела адказаць і часам злавала.

Каб не заміналі ў рабоце, пачала пасылаць нас да сваёй мамы, у вёску Бялевічы. Ішлі мы туды ахвотна.

Наша бабка, удава Дудзічыха, мела яшчэ трох сыноў і дачку: жанатага Мікалая, кавалераў Івана і Валодзьку ды дзеўку Вольгу. Зямлі ў іх было мала, жылі бедна, але дружна. Гаспадарку абрабляў Мікалай з жонкай. Валодзька хадзіў некуды на сталярку, Вольга — на заробкі то ў лес, то да суседзяў, а Іван дома вучыў... англійскую мову.

Іван намерваўся ехаць у Амерыку, каб адтуль уцячы ў Савецкі Саюз.

Каб выехаць за акіян, патрэбны загранічны пашпарт, а яго, вядома, паліцыя дзядзьку не дала б — Іван не прайшоў яшчэ службы ў войску. Ды існавала магутная трансакіянская фірма «Рэд стар лайн» — мацнейшая за паліцыю і некаторыя ўрады. Абы грошы. За тое, што чалавек купіць у фірмы білет на карабель, яе агент дабудзе табе любы дакумент.

Уся сям'я зарабляла грошы Івану на дарогу.

Хоць баба нас занадта перасцерагала — моцна не дзьмі, а то будзе расшырэнне лёгкіх; не скачы, бо расцягнеш жылы на нагах; не наядайся вельмі, а то будзе расцяжэнне жывата, калі прышывала на мне гузік, давала ў зубы трымаць клубок, каб не «прышыць» памяць,— аднак яна была добрая і многа цікавага ведала. Пра ведзьмаў, «цацалістаў», Расею...

Гэта баба расказала, што ў цэнтры Беластока зусім няма платоў. Мы з Валодзькам дзівіліся і спачувалі беластаччанам: як жа яны, бедныя, без платоў там жывуць?!

Яшчэ яна апавядала, як некалі памешчыкі прадавалі людзей, а аконам збіў яе дзеда, бо той не хацеў ажаніцца з дзеўкаю, якую пан яму вызначыў. Эх, каб тады жылі мы з Валодзькам — ну і паказалі б крывасмокам!

Бабцы трэба было на ўсю сям'ю наварыць, наткаць, усіх абшыць. Ёй часта таксама было не да нас, яна давала ўнукам свабоду. Нават аднойчы адправіла далёка ад дому.

У дзядзькоў была сучка — старая, глухая і ад слёз нічога не бачыла. Цяпер ля буды сядзеў сын яе, якога дзядзька Іван назваў Брытанам.

Бабка загадала нам суку завесці да сабакара, прадаць і купіць сабе што-небудзь.

Сабакар жыў за Гарадком, пад Валіламі. Мы валаклі суку на вяроўцы паўдня і меркавалі, што купім, калі разбагацеем.

Нарэшце, наводшыбе, убачылі хаціну. Мы адчулі раптам подласць, якую задумалі зрабіць. Але было позна. Выйшаў сабакар, прывязаў суку да плота, паклікаў нас у хату. Узяў з падаконніка скрыначку з ніткамі і гузікамі, выграб мядзяк, падаў.

Нейкі час брылі мы праз пясчаны ўзгорак у Бялявічы. Замучаны Валодзька хліпаў. Я быў расчараваны.

Вось тут неба сыходзілася з гарой, калі глядзець з нашага падворка. Мне ўсё карцела дабрацца сюды, прасунуць галаву праз хмары і паглядзець, а што ж там вышэй?.. Цяпер яно тут было гэтаксама недасяжна высока, затое хмары ледзь не краналі хутароў у у Страшаве, Бялявічах. Выходзіць, усё мана?

Успомніў я пра грошы і павёў Валодзьку ў краму Брохі па цукеркі. Старая яўрэйка накінулася на мяне:

— Ты — Сцяпанаў сы-ын?! Мой унучак?.. Гэткі ўжо вялікі?! Уй, пакажыся!.. Ой-вэй, які кірпаты — як бацька!.. Голда, Рыва, комт а гэр!..

Я вырваўся з яе халодных рук і павалок Валодзьку на двор.

Апынуліся мы за мястэчкам. Брат расплакаўся зноў: шкадаваў сучку. Ды лёс злітасцівіўся над намі.

Ля бабінай хаты дагнала нас Брытанава маці з вяроўкай на шыі. Мы кінуліся яе абдымаць.