Выбрать главу

Потым дзядзька Мікалай паехаў да млына ў Гарадок, сука ўвязалася за возам. Пакуль ён малоў, яна збегла ў Лапухі і прывяла там шчанят. Дзядзька пра гэта не ведаў: паклікаў яе, паклікаў і вярнуўся дамоў адзін.

Назаўтра ўстала баба раніцой, выйшла на падворак, а пад парогам — ляжыць нежывая сука, па ёй лазяць пяць сляпых шчанят. За ноч перанасіла іх на свой падворак (да Гарадка — тры кіламетры), сама ад натугі здохла.

— Ах, бо-ожа...— успляснула яна рукамі і кінулася ўсіх будзіць.— Дзеці, хутчэй уставайце, паглядзіце, паглядзіце, што здарыласо на падводку!

Павыходзілі дзядзькі, дзядзіна, цётка Вольга, мы з Валодзькам. Пашкадавалі сучку, пастаялі над ёй.

— Ты глядзі, як любіла дзяцей! — дзівіўся вінаваты Мікалай. Яму было няёмка, што не пашукаў яе ў Гарадку.

— Ну,— згадзілася дзядзіна Зося,— з-за любові да іх і памерла.

— Я бачыла, як сука ад Лявіцкіх прывалакла дохлае парася,— падхапіла цётка Вольга.— Брытан паленаваўся нават прачнуцца. Нешта раблю сабе на падворку, а яна ўсё сядзіць ля яго буды. Зганяе з парасяці мух, цярпліва чакае і не зводзіць вачэй з сына.

— Такая ўжо наша мацярынская доля! — уздыхнула баба і пагнала дзяцей да работы: каго кароў даіць, каго араць, каго дровы сячы.— А ты, Вольга, пазбірай шчанят у прыпол і занясі ў крыніцу, няхай не мзнчацца. Амэрыканец яе пахавае...

Дзядзька Іван узяў рыдлёўку, закапаў сучку за хлявом і ўбіў асінавы колік.

— Бо сабакі — не людзі, крыжоў ім на магілу не ставяць! — растлумачыў уражаным пляменнікам.

Заехаў на падворак бацька, загадаў:

— Хлопцы, збірайцеся дамоў, мамка кліча!

Даведаўшыся, чаго мы тырчым утрох за гумном над свежым капцом, ён пакпіў з Івана:

— Каб ты скіс, швагру, няма табе чаго рабіць, як шкадаваць сабак! Вунь па турмах маладыя людзі гніюць!.. У нашага Доўгага Мікалая дактары прызналі гарлавую сухоту!..

9

Сухоты на вёсцы лічыліся невылечнымі: хворым куплялі лякарствы, але ў іх ніхто не верыў.

Перад Настусінай хатай тырчаў счарнелы слуп, укапаны яшчэ да першай сусветнай вайны. Цяпер ужо Мікалай з раніцы да вечара стаяў перад сваёй хатай, паклаўшы локці на гэты слуп. Жонка адзела яго ў святочнае. Як усе сухотнікі, Мікалай нічога не рабіў — выглядаў сваю смерць.

Мікалаю давялося кінуць леснікоўства, карую кабылку прадаць на дактароў і паязды. Цяпер на сям'ю зарабляла па суседзях адна цётка Настуся.

Змірылася яна — што зробіш, так бог даў. Бяду цётка Настуся прыняла яшчэ і па-свойму: надарылася магчымасць паказаць, якая яна клапатлівая жонка.

У цёткі абудзілася новая энергія.

На ўсю вёску ў нас быў адзін багацей — Рыжы Ігнат, якому пашэнціла пры раздзеле маёнтка пана Златніцкага. Ігнат трымаў служанку, парабка. Настуся яму, а ён Настусі не падыходзілі. У Ігната трэба было забыцца на ўсё і з раніцы да вечара рабіць. Настуся ж патрабавала працы на свой характар.

Страшаўскія бабы — сардэчныя, спагадлівыя. Адразу пайшлі ў небыццё ранейшыя плёткі пра Настусю. У кожнай гаспадыні знайшоўся ёй занятак. Той трэба было перабраць мяшок бульбы, той — нацерці паўкапы льну, іншая клікала Настусю памагчы снаваць кросны...

І цётка ўсюды паспявала: заўсёды быў новы слухач і спагадлівец. Ва ўзаемных охах і ахах неўзаметку праходзіў дзень, пад вечар цётка несла дамоў кавалачак сала, кошык бульбы ці торбачку круп.

Застаючыся ў хаце, Доўгі адрабляў мінулае, гуляў з дзецьмі. Вера дома мела шмат работы (бабка некуды знікла), але сярэдняя і зусім малая дзяўчынка праводзілі час з бацькам ля слупа.

10

Мне ўжо было гадоў восем.

Вярнуўшыся са школы, я ўцякаў з-пад бацькоўскага вока — імчаў пад Настусіну хату. Было страшна, але цягнула да Доўгага Мікалая як магнітам. Па многіх прычынах.

Я ведаў, што гэты чалавек хутка памрэ. Хацелася зразумець жудасную таямніцу смерці.

Надта карцела папрасіць Доўгага Мікалая:

«Дзядзьку, разяўце рот, пакажыце сухоту!»

Тады ў мяне ішлі ўжо звычайныя пытанні:

«Ці праўда, што ў Беластоку на адным доме надбудаваны яшчэ дамы? І што там няма платоў, свіней?.. Праўда, што горад такі вялікі, як страшаўскае поле?»

«Ці праўда, што вы ў горадзе з Лукашовым Іванам лазілі людзям у кішэні? — мяне надта цікавіў сам працэс такой «работы».— Раскажы-ыце, дзядзьку Мікалай, як гэта залезці, каб чалавек не пачуў?!»

Мне было вельмі шкада дзядзькі Мікалая. Я адчуваў, як яму сумна, цяжка, як ён пакутуе, перажывае, і мне здавалася — сваім прыходам раблю яму палёгку.

Доўгі спатыкаў мяне ахвотна, гаварыў, як з дарослым.