Выбрать главу

Пад плотам у Грушэўскіх ляжалі гранітныя глыбы — вулічны «клуб». На каменнях сядзелі, сабраўшыся, людзі і пра што-небудзь гаварылі.

І вось мы стаім удвух каля слупа. Я не ведаў, што рабіць з рукамі, намагаўся быць сур'ёзным. Пад нагамі ў Мікалая, як пад аркай, шмыгаюць малыя. Мікалай сяды-тады мірыць дачок, выцірае ім насы і ўсё сочыць за камянямі.

І мне цікава, што там робіцца.

На граніт прысела цётка Кірыліха. У эвакуацыі Кірыліха была на Каўказе, наш Валодзька яе атакаваў:

— Цётку, а што бывае на горах?

— Цякуць рэчкі, расце лес.

— Гы!.. На баку гары лес расце?!

— Ну!

— І не зваліцца з яе?

— Не зва-аліцца, укаранеў! О-о, ліха на яго, яшчэ які лес — аж буяе, што наш лопух!

— Гы!.. А больш там што?

— Анічога!

Ад нашага Валодзькі адчапіцца не так лёгка.

— Ну, а калі перайсці лес, рэчкі, лезці і лезці на гару, то што ў ёй на самым-самым версе?

— Адны свечкі ўжо толькі гараць! — незадумваючыся, кідае цётка.

— Ы-ы-ых! — уцягвае ў сябе паветра Валодзька.— І на кожнай гары?!

— Ну. На іншай яшчэ па дзве, тры!..

Брат заклапочана ўздыхае:

— Многа свечак трэба!

— А няўжо ж, мно-ога! — ахвотна згаджаецца Кірыліха.

Доўгі Мікалай не заўважае, як яго штурхаюць малыя. Ён шукае майго позірку. Я паслужліва задзіраю, як да вежы, галаву. Мікалай з іскрынкамі ў вачах хмыкае. Падрабляюся і я пад яго — хмыкаю таксама. Мяне распірае шчасце, што адзін аднаго разумеем.

З хаты выходзіць Верка з кубкам вады, ад слупа мерае цень, дае бацьку пілюлю:

— Тату, выпіце, мама казалі, калі цень будзе тры крокі!

Доўгі Мікалай глытае лякарства і запівае вадой так хутка, што я зноў нічога ў роце не паспяваю ўгледзець, хоць і чакаў гэтай хвіліны.

Дачка адыходзіць. Ён даверліва і з гідлівасцю мне скардзіцца:

— Фу, гарката якая!.. Не даводзілася каштаваць?

— Не-а! — трасу галавой.

— Праглынеш — нібы палыну з'ясі, цьфу!.. І колькі мне яшчэ яго...

Мікалай змаўкае на паўслове, а я ківаю галавой са спачуваннем, па-мужчынску стрымана. Гэты вялізны, таямнічы і страшны чалавек становіцца мне блізкім-блізкім — як Валодзька. Аж дух забівае ад нейкага шчасця.

Зноў назіраем.

Па лісцях над намі забарабанілі кроплі. Малыя зрываюцца з камянёў, узрадавана крычаць:

— Дождж! Дождж!..

Мікалай выцягвае руку, ловіць кроплю і таксама нібы дзівіцца, нібы пытаецца:

— Гэ, падае?!

Я з апошняй сілы стрымліваю сябе, каб не сарвацца з месца і не памчаць як апантанаму разам з Валодзькам насустрач хмарам і дажджу.

11

Калі Доўгі Мікалай захварэў і пачаў выходзіць да слупа, мужчыны на камянях пачалі збірацца як бы часцей.

Бацька абвясціў навіну:

— Лукашоў Іван, кажуць, дабіраўся да золата ў Супрасльскім манастыры. Ужо выдраў іканастас, але манахі пачулі.

— От, зараза, і ведаў куды дабірацца, скажы ты!..

— І нічога не баіцца!

— Стары Лукаш ляжыць пры смерці, нават вады няма каму падаць, а сын, глядзі,— усё сваё!

Лукашоў Іван сябраваў з Доўгім. Усім было вельмі цікава пагаварыць пра багацце манастыра, але з-за Мікалая загаварылі пра другое.

Вярнуўся стары Кот з млына і прывёз навіну:

— Аптэкар зноў ездзіў у Беласток сала зразаць з жывата!

З аптэкаравай дачкой я хадзіў у школу. Маленькая шустрая Фаня была вельмі сяброўскай. Бацька яе цярпеў на сэрца, не раз бываў пры смерці, але ў Страшаве гэта тлумачылі па-свойму: калі чалавек тлусты, значыць — пан. Па таўшчыні пана вызначалі, колькі ён выпіў народнае крыві.

— Ну. У яго трыбух ужо быў у тры полкі! — падтрымаў бацька Ката, і ўсе дружба загаварылі:

— От крывасмокі! У цябе кішкі ад работы і пустой бульбы да крыжа папрысыхалі, а яны ўсё тлусцеюць!..

— На нашым поце і крыві!

— Калі на іх згіненне прыйдзе!

— Прыязджаў сёння войт і напаў на Рыгора, што ў яго ёсць зямля, дзве рукі, а падатку не плаціць. Рыгарулька слухаў, слухаў і кажа: «Пано-очку, бярыце мае абедзве рукі, зямлю і рабіце з імі што сабе хочаце!»

Мужчыны засмяяліся.

— Саветы, нарэшце, разбілі кітайцаў на Далёкім Усходзе! — паведаміў Сахарышын Юлік.

Зыркнуўшы на Доўгага Мікалая, пераканаўшыся, што слухае, Марокін паставіў кропку.

— Цяпер яны і ўнукам закажуць не зачапляцца з рускімі!

Нагаварыўшыся пра тое, як буржуі баяцца бальшавіцкага духу, пачалі ўспамінаць хто пра што.

— І это, і это, стаялі мы тады пад Пярэмышлем,— успамінаў Салвесь.— І-і пы-перад наступленнем паасадзілі мяне да палявога апарата. Сы-сяджу. Ды-дзяжуру. І это, звоніць тэлефон: «Пы-перадай камандзіру, што ў Петраградзе — абдыкацыя цара Мікалая!» От, думаю сабе, мо так называецца баль, бяссонніца ці панос у цароў?! І это, зайшоў камандзір. Я: ваша благароддзя, так і так! Афіцэр мой збялеў што палатно. «Маўчы», — загадаў. Чы-чорт зы табой, па-памаўчу. А яны, сы-волачы, каб не сарваць наступленне раніцой, утаілі перад палком. Сколькі паспелі загубіць яшчэ народу зра! Даведаліса нашы толькі ад палонных немцаў, што людзі цара скінулі. Мы-мне, халера, было першаму вядома, але я, і это, дурань яловы, маўчаў!