Выбрать главу

Дзядзька добра ведаў — яго пярэмышальскую гісторыю людзі чулі сто разоў. Ён яшчэ ведаў — пакуль яго, заіку, даслухаеш, у цябе на лобе выступіць салёны пот. Гісторыю дзядзька апавядаў сто першы раз знарок. Няхай Доўгі Мікалаў ведае, што ён, Салвесь, не ўсё жыццё насіў з малымі ваду на балота жабам, хаваў з дзецьмі дохлых вераб'ёў і ластавак, што і ад яго, заікі, нешта залежала, нават — лёс цэлага палка.

Слухачы ўсё разумелі і яго нават падтрымлівалі — накіравалі гутарку пытаннем:

— Выходзіць, немцы ведалі лепш, што робіцца ў Расеі?

— Усё-о ведалі! — запэўніў падбадзёраны Салвесь і не прамінуў даць зразумець Доўгаму Мікалаю яшчэ і пра тое, што ён бываў не толькі ў Беластоку: — І это, у немца, халера на яго, не толькі ў гэтым парадак! І это, калі мы з войскам увайшлі ў Прусію, на ўласныя вочы бачыў, у іх ля кожнай хаты — свой нужнік!

Ігра мужчын захапіла і мяне. З гонарам за дзядзьку Салвеся я адчуў (а мо мне толькі так здавалася?), што апошні аргумент прымушае Доўгага Мікалая скарыцца.

Памалу людзі загаварылі пра лясы, звяроў.

Страшаўскі лес на поўдні пераходзіў у Белавежскую пушчу. Многія пакаленні страшаўцаў лес карміў, адзяваў і абуваў, а ўсё іхняе жыццё праходзіла на дзялянках, ля смалярань і каля сажняў дроў.

— Карчавалі аднаго разу пні для смалярні,— правіў ужо дзед Кавалец,— жылі ў шалашы, ежу варылі самі, ваду насілі з крыніцы. Дзе тая крыніца, ведаў толькі адзін я. Бывала, прыйдзем з работы, усё разбаліцца, камары пякуць, хоць ты гвалт крычы. Мае сябры пасядуць сабе ля вогнішча і чысцяць бульбу, а мне — цягніса па ваду. Павячэраем, яны палягуць на саломе, а мне зноў смалі да крыніцы — трэба ж мыць посуд! «Хлопцы, хадзем са мной, будзеце ведаць, дзе вада!» Не ідуць. Хітранькія, бачыш. Ладна, буду і я такі. Скончылі працаваць, узяў чайнік, прывалокся да крыніцы, давай крычаць: «А-ей, рату-уйце!» Пастаю, паслухаю ды зноў: «А-ей, ратуйце!» Праз мінут пяць, чую, мае хлопцы ламацяць праз гушчар. «Што з табой?»— пытаюцца, здышаныя, а ў руках — сякеры. «Во крыніцы, бачыце?» —і паваліўся на мох, рагочучы.

Мікалаю надта хацелася да людзей (ці мне толькі так здаецца?), якіх ён лічыў за нішто, рабіў ім шкоду. І бачыў я (мо мне так хацелася бачыць?), што Верын бацька перажывае, пакутуе, а я не магу яму памагчы.

12

Памёр Доўгі Мікалай нечакана.

Вярнуўся я са школы, і мама загадала гнаць кароў на пашу.

Перакусіўшы на хаду, паляцеў я да Марцінавага Сашкі дамаўляцца гнаць быдла ў зуброўскі хвойнік. Хвойнік быў перапаласаваны старымі акопамі з першай сусветнай вайны. Калі пагрэбацца ў іх, можна знайсці рускія і нямецкія патроны і нават гранаты. А мінулы раз там знайшлі мы нямецкі браўнінг. І самы сапраўдны.

Ля Настусінай хаты чамусьці сабралася шмат прыціхлых баб. Праз акенца кінулася мне ў вочы галава Мікалая — ён ляжаў на лаве і чамусьці з падвязаным падбародкам, нібы яму разбалеліся зубы.

Адчыніў да Грушэўскіх дзверы.

На кухні — падлога выслана свежымі стружкамі. У горбе жоўтых ланцужкоў купалася Салвесева Нінка. Яе маці з Марцінавай жонкай у бакоўцы плялі вянок з кветак. Надта сур'ёзны Сашка сядзеў на парозе і паспешліва падчышчаў міску.

Яшчэ ў хаце былі ссунуты абедзве лавы, Марцін трымаў дошку за канец, а Салвесь шоргаў па ёй гэблікам і плакаў. Мяне мужчыны не заўважалі.

— Доўгаму Мікалаю труну робяць! — шапнуў Сашка.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

1

Дагэтуль беды здараліся з другімі. У дзесяцігадовым узросце кранулі і мяне. Я, наіўны, думаў, што найбольшая трагедыя — смерць блізкіх і знаёмых. Зусім не так.

Атрымаўшы за нешта ад бацькі лупцоўку, я, пакрыўджаны, уцёк з хаты і забраўся да суседа-халасцяка — Івана Антончыка.

Зайшоў да Івана хлапец і прынёс навіну — падпольшчыкі атрымалі інструкцыю, каб ачысціць рады партыі і камсамола ад кулакоў. А вызначаць іх проста — па колькасці зямлі.

Хтосьці абрадавана заўважыў — найбольш зямлі мае сам сакратар партячэйкі. Я не ведаў, што ў бацькі былі ворагі, яны сталі злараднічаць.

— Ага, дастукаўся Сцяпан!