Выбрать главу

Пані Стражынская была нам, як маці, хацелася паскардзіцца, аблегчыць душу яе ласкай. На ўроку я падняў руку і, трымаючыся за гуз, расказаў пра здарэнне ў калідоры.

У малых — свая мараль. Калі б паскардзілася Зося, яе ўсе падтрымалі б. І аптэкараву Фаню падтрымалі б, скажы яна, што Цыклоп свіным салам намазаў ёй вусны. Але ж мы з Шусцікам коўзаліся разам!

З усіх бакоў пасыпалася здзіўленае абурэнне:

— Ы-ых, дано-осчык!

— Пла-акса!

Сардэчная настаўніца заступілася за мяне, але клас ужо мяне знішчыў, затаптаў. Падбадзёраны Шусцік з задняй парты адважна глядзеў пані Стрыжынскай у вочы, а на мяне — з пагардай.

І праўда — я паводзіў сябе як даносчык і плакса. Так мне і трэба! Я таго варты!

Выпадак хутка забылі, але не забыў яго я. Чалавек сябе ашуквае, што ён адзін. Малы ты ці стары, а ў табе заўсёды сядзіць нехта і вядзе ўлік тваім учынкам, ад яго нікуды не дзенешся. Прырода табе дала гэтага суддзю назаўсёды. Аблегчыць душу, расказаць аб усім бацькам таксама не мог: яны хацелі бачыць сына інакшым. І насіць у сабе такую бомбу не пад сілу. Агортваў страх, што выкідваю сябе з кампаніі страшаўцаў, бацькі, дзядзькі Івана.

Разбірала роспач — як у сне, калі топішся і няма табе ратунку.

Вярнуўшыся цяпер са школы, уцякаў я ў гумно ці хаваўся на ганак за дзікі вінаград і наследаваў маму. Падаў на калені, складваў далоні ды шчыра шаптаў:

— Я — кепскі, кепскі, кепскі, нікчэмны — не люблю, ненавіджу сябе!.. Бо-ожа, бо-о-ожа, чаму, чаму-у я такі?! Ісусе Хрысце, што рабіць? Мацер божая, ратуй, дапамажы — што хочаш табе за гэта зраблю!.. І ўжо ніколі, ніколі, ну, ніколі, павер, не ўчыню гэтак, от пабачыш, толькі даруй!.. Хочаш, сёння за гэта вячэраць не буду, хочаш?.. Або парэжу сабе руку, хочаш?!

Гэта былі скаргі маёй душы, якія не вытлумачыш халоднай логікай, разважаннямі, пошукамі цвярозага сэнсу. Яны ачышчалі і супакойвалі.

3

У Страшаве стварыўся вобраз ідэальнага чалавека, яшчэ прывезенага з эвакуацыі ў першую сусветную вайну з Савецкай Расіі. Кожны яго разумеў па-свойму, але назву меў агульную — камуніст. Бабкі яго сабе ўяўлялі падобным да Ісуса Хрыста. Старэйшыя — разумным і багатым натурай волатам, як Тухачэўскі, Блюхер, Варашылаў, Чапаеў...

З Савецкай Расіі прывезлі і ўпэўненасць — вялікую, раз і назаўсёды засвоеную: у СССР робіцца тое, што трэба простаму чалавеку.

Пілсудскі разграміў Грамаду, але заставалася ў падполлі моцная Кампартыя. Недзе каля 1928 года і ў Страшаве ўзнікла ячэйка, яе сакратаром абралі майго бацьку. Нашым сялянам было не ўсё роўна, што рабіў з імі ўрад.

На хутары страшаўцаў перасялялі пад прымусам.

Падаткі выдзіралі з дапамогай паліцыі.

Людзі да ўрада адносіліся дзёрзка, бо ведалі: на ўсходзе — магутныя плечы.

Валошына, Тарашкевіча, Мятлу, Рак-Міхайлоўскага і Дварчаніна Пілсудскі засудзіў, а бальшавікі іх выменялі на ксяндзоў, нацыянальныя героі паехалі ў СССР. Усе газеты змясцілі фота, як яны ў Стоўбцах перасякаюць польска-савецкую граніцу — у купэйных вагонах, бы паны.

Пагражала хлопцу турма за палітыку — ён уцякаў на ўсход.

З гарачкі пажэняцца маладыя, убачаць, што ў іх — ні кала, ні двара, ні работы,— падаюцца за Баранавічы...

За граніцай — краіна, дзе ўсім хопіць і занятку, і страхі над галавой. Абзавесціся можна сям'ёй. Толькі рамантык дзядзька Іван надумаўся ўцякаць туды праз Амерыку, іншыя рабілі гэта прасцей.

З аднаго прымака з-пад Беластока, мабыць, і цяпер яшчэ пацяшаюцца людзі.

Прымака-недарэку цешча выгнала з хаты. Пакрыўджаны мужчына зайшоў да маці, тая дала яму торбу ежы, і ён накіраваўся на ўсход шукаць долі. Ішоў цэлы тыдзень. За Баранавічамі распытаў людзей пра граніцу. Тыя растлумачылі: будзе моцная агароджа з калючага дроту, за ёю лясок, а там — СССР.

Ноччу прымак наткнуўся на высокі плот з калючым дротам, лёг пад ім чакаць світання. Раніцой наламаў ядлоўцу, паклаў на дрот, пералез агароджу і заявіў чалавеку са стрэльбай:

— Таварышу, бярыце мяне, я цяпер ваш!

А гэта быў вартаўнік. Недарэка залез у Радзівілаў сад.

Уцякалі беспрацоўныя, спецыялісты, студэнты, дапрызыўнікі, салдаты...

Хто ўцячы не мог, суцяшаў сябе: нічога, тут Пілсудскі, але ў мяне ёсць радзіма.

Ва ўяўленні страшаўцаў Савецкая Беларусь была раем на зямлі.

— У СССР прыязджаў з Лондана самы галоўны міністар,— прынёс да нас нехта навіну.— Англічане надта фанабэрлівыя і зайздросныя. Пахадзіў лорд па Маскве, па Мінску, паездзіў па краіне і сабраўся дамоў. «Ну, як?» — пытаюць яго. Ён уздыхнуў: «Крыўдна, што такую файную сістэму прыдумалі першыя не мы!..»