З Бялявіч прымчаў на веласіпедзе дзядзька Мікалай і аб'явіў маці навіну:
— Манька, ад нашага Івана пісьмо. Ён ужо ў Саветах!
— Ну, дзякуй богаві! — ад хвалявання мама апусцілася на куфар.
Уздыхнуў з палёгкай і бацька. Расчараваны сваім братам «нэпманам» Аляксеем, усю надзею ён ужо ўскладваў на швагра. Ён нават быў прадаў бычка, унёс і свой уклад у «шыфкарту». Не, не дарэмнай была трата, швагер выйшаў на дарогу.
— І даўно: тры месяцы там жыве, а мы, бачыш, нічога не ведаем!
— А што робіць там?
— У казанскім інстытуце... Вучыцца на вецерынара...
— Ве-це-ры-на-ара? — жахнулася яна.
Акоціцца ў якога дзядзькі авечка і — на ўсю вёску навіна, а тут — гэткая сенсацыя! Збеглася палова Страшава. Разгубленыя людзі пачалі абмяркоўваць здарэнне.
Расчараваны быў і я. Дзядзьку хацелася бачыць лётчыкам, камандзірам, палярнікам, вучоным, але не доктарам, каторы лечыць кароў, коней і свіней.
— То няўжо ён не мог сабе падабраць што лепшае? — раззлавалася мама на брата.— Хіба ён здурэў?!
Маму падтрымалі суседкі:
— Такі файны, фартовы хлапец!.. Няхай бы лепш на чалавечага доктара вучыўся!
— Трэ было дзеля гэтага рвацца ў Расею?!
— Ваша маці столькі трацілася на яго, мэнчыла вас, у голадзе трымала!..
Дзядзька Мікалай даў кожнай выказацца:
— То сціхніце, бабы, не спяшайцеса яго здаваць на могілкі! У Гарадку Іванава пісьмо прачытаў фельчар і растлумачыў: «Калі чалавек захварэе, то табе сам скажа, што ў яго баліць. А вось карова або авечка не скажуць нічога. Тут, браце, галаву трэба паламаць, здагадацца самому!»
— Далібог, праўда! — адразу павесялелі жанчыны.
Раптам да людзей дайшла такая простая ісціна: з жывёлай працаваць цяжэй, ветэрынар важнейшы за чалавечага доктара. Значэнне, вартасць і сіла чалавека ў Страшаве вызначаліся па цяжкасцях, якія ён браў на свае плечы.
Усклалі і яны свае надзеі на Дудзікавага Івана.
З рук у рукі страшаўцы перадавалі кніжкі, часопісы пра СССР. Надрукаваныя на глянцаванай паперы «Новэ віднокрэнгі» дакладна пералічвалі, колькі ў Савецкім Саюзе трактароў, верацён у ткацкіх фабрыках. На прыгожых фатаграфіях у альбомах паказвалася, як шчасліва жывуць калгаснікі. Усё гэта ішло як бы ад мамінага брата.
У вачах равеснікаў мы з Валодзькам выраслі: наш дзядзька ў Саветах! Цяпер і гарадскія сябры прынялі нас, як роўных, да кампаніі.
5
Адной суботы жонка дырэктара школы паклікала мяне і Толю Пятэльскага нанасіць вады.
Не абы-якая падзея.
На дырэктаршу — строгую і пахучую ад парфумы паню — нават Стражынская глядзела, як на багіню.
Носячы з сябрам поўныя вёдры з калодзежа, я стараўся нічога не прапусціць на панскай кухні і ў калідоры — ото ж будзе пра што расказаць дома.
Усе сцены пабеленыя вапнай.
Кавалкі булкі разам са смеццем у вядры.
— Кухня і — ніводнага гаршка.
Паны па суботах мыюцца не ў балеі, а ў спецыяльнай пасудзіне, якая называецца ванна...
За работу мы ад дырэктаршы атрымалі па кавалачку цукру.
У той дзень і гэта было не самае галоўнае ў маім жыцці.
На перапынку ў школьны калідор убеглі задыханыя Сашка Кандрусік з Ванем Кулешай:
— Мальцы, хутчэй!
Мы вылецелі на вуліцу.
Наша школа стаяла ў канцы Гарадка. З мястэчка якраз выходзіла калона рабочых з тэкстыльнай фабрыкі.
Ткачы баставалі.
У вёсцы Пясчанікі была яшчэ фабрыка нейкага Готліба, але там ткачы не паслухалі свайго прафсаюза, выйшлі на работу. Гарадоцкія мужчыны цяпер ішлі разганяць штрэйкбрэхераў.
У кожнага рабочага быў здаровы кій. На нагах — лёгкі абутак: да Пясчанікаў — з пятнаццаць кіламетраў. Трымаючы кіі на плячах, мужчыны крочылі ў нагу і спявалі:
Ви-ихри вражде-ебные ве-еют над на-ами!..
Не паспелі мы нагледзецца на ткачоў, як аднекуль выскачылі два грузавічкі. «Варшавянка» абарвалася.
Машыны загарадзілі дарогу. З кузаваў выскачылі паліцыянты ў бліскучых, як у пажарнікаў, касках і з гумавымі палкамі кінуліся на калону. Узбіўся пыл. Узняўся лямант. Завішчалі жанчыны. Натужліва затупалі боты.
Мы назбіралі камення і таксама кінуліся да месца, дзе ўсё віравала.
Пакуль дабеглі, паліцыянтаў ужо загналі на падворак да Кандрусікаў. Утульваючы галовы ў плечы, яны праз плот скакалі ў садок. Узлаваны Сашкаў брат Сцяпан з мужчынамі шпурлялі ім услед каскі, крычалі:
— Падбярыце!
— Будзеце зноў выязджаць з Беластока — запасныя споднікі захапіце!
— Цюцікі Готлібавы!
Узрушаныя і падахвочаныя перамогай, рабочыя перавярнулі яшчэ грузавічкі і накіраваліся ў Пясчанікі.