Выбрать главу

— Нічыпар, дай свайго гэбліка. У мяне дрыль, халера, скапуціўся ад фуры, трэ дапасаваць новы. Павязу фасовачку пшаніцы на кірмаш. Трэ купіць шыбу — Сашка, гіцаль, высадзіў на ганку. І пашукаю файныя цуглі, бо старыя конь перагрыз удыхт...

Нашу мясцовасць стагоддзяў пяць таму назад часта займалі крыжакі. Забіралі ў людзей быдла, коней, а вытканае жанчынамі кужэльнае палатно і сукны прышэльцы дзялілі паміж сабой, мераючы не на аршыны, сажні ці метры, а — на пікі. Мужчын крыжакі выганялі ў Прусію.

Людзі ўцякалі з няволі, прыносілі новыя словы, як Рыгарулька гаворыць «мэнш». Косцяў бацька пабыў

у тую вайну ў нямецкім палоне і ўжо не заўважае, што паўтарае на кожным кроку гэтае слова.

Слухаць ад Стражынскага страшныя гісторыі было жудасна. Я са спачуваннем думаў пра нешчаслівых продкаў. Пачні апавядаць пра гэта Сашку і Косцю — не будуць слухаць таксама!

Шкода было Косцю і Сашку. Сумна з імі. Ужо лепш аднаму. Хадзі сабе за каровамі і выдумвай розныя гісторыі. А то разглядай хмары. Эх, як імчацца!..

Каб пазганяць хмары адна ў адну, закінуць на іх вялізную шляю і — панёсся б! Над Ліпнікамі, Скраблякамі... Толькі сабе глядзі зверху на вёску, палі, лясы... А хочаш — выводзь пальцам сваё прозвішча на яе баку...

Цікава, чаму наша такое?.. Сашкавы прадзеды, магчыма, даглядалі ў садку магната грушы, таму цяпер яны — Гуршэўскія. Лебядзінскія, мабыць, працавалі ў Златніцкага на ставах. Але чаму мы — Кучынскія?! Кучын... Ад кучы?!

Толькі з Настусінай Веркай я не сумаваў.

Не, ёй таксама нічога не расказваў. Яе даверлівасць і стрыманасць, пранікнутая верай і спакоем практычнасць мяне дзіўна супакойвалі. Пры Веры гадзіны праходзілі як мінуты. Ды Настуся часта Красулю сваю прывязвала да кіёчка на мяжы, а дачку пасылала да суседзяў адрабляць. Тады кароў на пашу я гнаў адзін...

Няпраўда, што непрызнанне, самотнасць губяць чалавека. Той факт, што ты маеш рацыю, хоць гэтага і не прызнаюць другія, дае ўнутраную сілу, фарміруе характар, служыць этапам твайго самасцвярджэння.

6

Калі хочаш, цікавы занятак знойдзеш заўсёды.

Страшаўскія палі рассякала чыгунка Беласток — Ваўкавыск. Па ёй хадзіў экспрэс Берлін — Варшава — Мінск — Масква. Не хадзіў — лётаў. Пусці паперку, і яна паляціць за апошнім вагонам, як голуб.

Пасля экспрэса на шпалах заставаліся сярэбраныя паперкі ад цукерак ды нейкія жаўтаватыя лушпінкі. У Страшаве ніхто не мог сказаць, ад чаго яны (апельсіны я ўбачыў толькі пасля вайны), Некалькі разоў браўся я скуркі тыя есці. Горкія, агідныя — не праглынуць. Што ж, буржуям на курортах абрыдла звычайная ежа, у такой Францыі, кажуць, жаруць нават смажаных жабаў і салёных слімакоў. Пасля жабаў, вядома, і такую дрэнь можаш з'есці!..

А часамі на пуці трапляліся цэлыя скарбы.

Ля чыгункі я падбіраў савецкія карабкі ад запалак, абрыўкі «Праўды» — яны абыходзілі потым усіх сялян навакольных вёсак, а я на некалькі дзён станавіўся героем.

У сухіх Багенцах быў круты паварот, цягнік ішоў памалу. З высокага адхону можна разгледзець усё, што робіцца ў купэ вагонаў.

Аднойчы кінуў я кароў і пабег да чыгункі — ішоў экспрэс. Праз адчыненае акно выразна ўбачыў таўставатага чалавека ў бярэце. Мне здалося, што гэта нарком замежных спраў Літвінаў. За некалькі секунд, пакуль чалавек быў у полі зроку, я так дакладна яго разгледзеў, што на цёмным і круглым твары ўбачыў кожную маршчынку.

Фатаграфіі Літвінава друкавалі ў газетах, памыліцца я не мог. Я не знаходзіў сабе месца. Падзяліцца з сябрамі? Сашка і Косця нават не ведалі, хто такі Літвінаў. Страшаўцам гаварыць — не павераць.

Крыўдна. У той жа момант я вырас у сваіх вачах: бачыў такое, чаго не бачыў ніхто са страшаўскіх мужчын.

Зімой у Вене фашысты разграмілі шуцбундаўцаў. Некалькі соцень аўстрыйскіх бунтароў праз Польшчу падаліся ў СССР. Газеты пісалі, як шуцбундаўцы па дарозе госцяць у рабочых Кракава, Лодзі, Варшавы... У Маскву ехаць ім — толькі праз нас.

Пасажырскія цягнікі цераз страшаўскае поле хадзілі па раскладу, па іх вёска настаўляла гадзіннікі. Аднойчы я здалёк убачыў пасажырскія вагоны няпланавага цягніка і паляцеў да чыгункі.

У вокнах — людскія галовы. Самавітыя мужчыны разглядалі наша поле і бедныя хутары сурова, насцярожана. Ім, няйначай, было сумнавата. Убачыўшы жывога чалавека, яны павярнулі да мяне галовы.

— Рот фронт! — крыкнуў я, шчаслівы і горды, падняўшы кулак.

Людзі нешта закрычалі. На іхніх тварах зацепліліся добрыя, паблажлівыя ўсмешкі бывалых людзей. Махалі яны рукамі, покуль цягнік не ўехаў у лес. Пэўна, гэта былі аўстрыйцы.