Выбрать главу

Шчаслівы, я вяртаўся дамоў — дакрануўся сэрцам да таго, што робіцца на свеце. Ля плота стаяла мама, радавалася разам са мной.

Мае разумныя бацька і маці!

У бацькоўскім захапленні дзецьмі праяўляецца вялікая мудрасць прыроды, векавы інстынкт. Дзіця, якое любяць і падхвальваюць, расце з верай у сябе, шчаслівае і духоўна падрыхтаванае праявіць потым свае здольнасці і лёгка пераносіць нягоды. Недагледжаныя дзеці часта вырастаюць потым на зайздроснікаў або на людзей, якія маюць жаль да ўсяго свету.

Сам таго не хочучы, дзядзька Марцін пасяліў у сына сумненне і нявер'е ў сваіх сілах, пасяліў у яго як бы комплекс непаўнавартасці.

Не мог даць таго, што трэба, і Рыгарулька свайму Косцю.

Адным словам, са страшаўскай кампаніі я вырастаў. Адно зайздросціў Валодзьку — яму нічога не перашкаджала дружыць з Сашкам і Косцем.

7

Скончыў я сямігодку.

Вучоба ў гімназіі з утрыманнем каштавала 70 злотых — столькі, колькі каштавала тады карова. Пра гімназію нельга было і думаць. А дзядзька Іван пісаў, што вучыцца ў казанскім інстытуце бясплатна, яшчэ атрымлівае і стыпендыю.

У школе сядзеў я за партай з Васем Курцэвічам з Валілаў. Згаварыліся мы з ім уцячы ў СССР, каб там вучыцца далей. Васеў бацька працаваў на чыгунцы, але паслаць сына ў гімназію таксама не мог.

Падрыхтоўку да ўцёкаў Вася пачаў з таго, што ўкраў у маці кавалак сырой цяляціны, распаліў у пліце і паклаў на дровы мяса пячыся:

— Так амерыканскія траперы рыхтавалі сабе ежу. І нам трэба прывыкаць. Думаеш, на граніцы хто дасць?

Вася быў на два гады старэйшы, а кніжак столькі перачытаў, што мне і не снілася. Я пранікся пашанай да сябра. Ды Васева сястра, Нюрка, пачула смурод, уляцела з бакоўкі і ўзняла гвалт.

— З глузду з'ехаў? — трэснула яна брату па патыліцы.— Прэч з хаты!

Выхапілі мы цяляціну з агню, выбеглі на двор. Там нас чакала вялікае расчараванне. Мяса было такое нясмачнае, агіднае — не праглынуць. Што за дзівакі былі тыя траперы?!

Аднак ад задумы мы не адракліся.

Мама насушыла на дарогу сыроў, нарыхтавала кілбас. Бацька, хмыкаючы, склаў усё гэта ў вялізную кашолку, перавязаў вяровачкай (хмыкаў ён заўсёды, калі хваляваўся). Гаварыла адна мама:

— Тут дабра не дачакаешса, сынок, ідзі туды...

— Я ве-едаю! — не цярпелася мне.

— І не дурэй там, а — вучыса...

— О, пачняце ўжо зараз!

— Калі знойдзеш дзядзьку Івана ў Казані, то слухай яго.

— Ла-адна...

— Нябось, буду пра цябе ад яго ведаць усё-о, не думай, што мяне абдурыш!

— Трэба мне вам маніць, от вы-ыдумалі!

— Дык пішы, сыночак, з Расеі нам...— усхліпнула яна, цалуючы на развітанне.

Гэтую сцэну бачыў Вася, было сорамна перад ім.

— Ну, бу-удзе вам! — вырваўся я з абдымкаў.

— Ладна, не прыставай да чалавека! — заступіўся бацька.— Будзеш у Маскве, то адрас дзядзькі Аляксея ведаеш: Малы Галавін завулак... Але глядзі сам, як хочаш. Хлеба, Алёшка, я табе адно паўбаханкі паклаў, бо счарсцвее хутка — пераскочыў хутчэй ён на другое.— Хлеб танна каштуе, дакупі сабе ў Баранавічах, не забудзь, свежага.

— Дакуплю-у!

— Соль тут, у карабку ад запалкаў!

— Знайду-у!

— Ну, то валяй...

Пабралі мы харчы, рушылі на станцыю.

8

Да Баранавіч даехалі мы цягніком, а далей пабрылі пешшу.

Пару дзён праблукалі мы ў палескіх балотах за Ганцавічамі ля вёскі Колкі. Граніцай тут служыла рэчка Морач. Ні я, ні Вася плаваць не ўмелі і ледзь не патапіліся.

Заглянуўшы смерці ў вочы, выкараскаліся на купіны, пачалі абсыхаць. Мяне нібы токам ударыла — увесь дрыжаў і аслабеў так, што не мог падняць рукі да носа, сагнаць авадня.

Днём за рэчкай пачулася стракатанне матора. Гэта мог быць толькі трактар. І вядома, савецкі. Я ведаў нават, колькі цяпер трактароў у СССР. Адзін з іх перада мной! У Страшаве так многа пра іх гаварылі, спрачаліся, марылі, а я яго ўжо нават чую. Хутка — дакрануся рукой.

Дакупіць хлеба ў Баранавічах мы паленаваліся. Масла ад гарачыні расплылося, працякло праз анучку. З бацькавых харчоў у кашолцы атрымаўся тлусты камяк з сыра і кілбас, як макам, густа ўтыканы мурашамі. Здалося, есці гэта мы ўжо не зможам. Не бяда. Няхай толькі сцямнее, перабяромся цераз раку. А там, у Саветах, нас накормяць. Навошта насіць цяжар, хіба мы вярблюды?.. Не маленькія, да вечара вытрываем.

— Вася, кідаю кашолку з сырам, усё роўна хлеба няма! — сказаў я да старэйшага.

— Глядзі, каб пагранічнікам след не пакінуць!