Выбрать главу

— Не вучы вучонага!

Цяжар плюхнуў у ваду, я закідаў яго купінамі.

Пасля нам давялося яшчэ трое сутак блукаць па кустах і дрыгве, успамінаць матчыны харчы. Хоць бы кавалачак сыру, кілбасы, хоць бы размоклы, з мурашамі, чарвівы... Нам бы цяпер тую цяляціну, што з Васем смалілі на дровах!

Сябра пачаў лаяць мяне. Я зазлаваў: «Ты яшчэ параіў, каб схаваць ад салдат!»

Мы ўжо ледзь не біліся і гэтак узненавідзелі адзін другога, што не маглі глядзець. І разысціся не маглі — аднаму было страшна.

Тым часам голад не меншаў.

— Во, зноў ягады! — каторы раз нагінаўся Вася.

Ягадамі так напоўнілі жываты, што ні дыхнуць, ад аскомы не паварушыць сківіцамі.

Спрабавалі есці кару, травы — горкія, не праглынуць.

Пілі балотную рудую ваду...

Урэшце выбіліся з сілы зусім. Блізарукі Вася да таго ж згубіў акуляры.

Ноччу ў лясным гушчары мне, скусанаму камарамі, прыснілася мама. Прачнуўся я і расплакаўся — страшэнна захацелася дамоў. А да дому было далёка! Навокал усё — чужое, дзікае...

На шчасце, Вася спаў і не бачыў маёй слабасці.

9

Бацька не вытрымаў, праз тыдзень суседзям абвясціў:

— Пайшоў Алёшка ў Расею. Ён у нас нічога не баяўся. Ноччу, бывала, забрэша сабака на панадворку, ён сабе ўстане, выйдзе на двор, пастаіць, паслухае (на самай справе я засынаў так, што не прачнуўся б, калі б нават гарэла хата!)... Цяпер мне самому даводзіцца ўставаць. Дома сумна, хоць вешайса!..

Покуль ён так хваліўся, я, згаладнелы і абарваны, у кустах чакаў змроку. Прыцямнела — нарвалі мы бручкі і пабрылі праз капуснае поле, каб яшчэ раз паспрабаваць шчасця перайсці граніцу ў сухім месцы. Дарога вяла ў невядомае. Валокся я неахвотна, трызніў домам.

Я ўяўляў, як у гэтую хвіліну на хутар прыйшла з пашы жывёла і ад кароў нясе такой роднай сытасцю, цяплом. Вось бацька з Валодзькам ганяюцца па падворку за дурнымі авечкамі, каб зачыніць іх у хлеў. Маці збіраецца даіць кароў. У кухні на пліце кіпяць гаршкі з вячэрай. На стале — прыкрыты ручніком бохан хлеба, а над ім прыкручана лямпа. Покуль згатуецца страва — адрэж лусту, пасып буйназярністай соллю, каб пад зубамі аж хрумсцела, набяры жменю зялёнай цыбулі ці што сабе хочаш...

За нашым домам здзіўленыя і пакрыўджаныя — Марцінаў Сашка і Настусіна Верка. Вера глядзела з папрокам...

Успомніўся плач мамы, калі яна мяне праводзіла,— толькі цяпер стала яе шкода.

Думка некуды ісці здалася ўжо такой недарэчнай, наіўнай, што я сам сабе паказаўся вялікім дурнем. Захацелася завярнуцца і на крылах паляцець дамоў. Толькі што скажаш там у апраўданне? Нябось, усё Страшава ўжо ведае пра маё знікненне!

Раптам на фоне неба я выразна ўбачыў пагранзаставу і вартавога ў браме: мы ішлі проста на іх. Зямля стала ўжо роснай, мяккай, нас не чуваць. Звярні між радкоў капусты з завяззю, абыдзі пост і зноў растанеш у цемры.

Але я ўзрадаваўся: калі вартавы нас затрымае, то накіруе дамоў, зноў будуць хлеб, ежа, маці, бацька, страшаўскія сябры, Валодзька...

Далей са мной адбылася дзіўная рэч.

Нібы ўжо не я крочыў па дарожцы проста на пагранічніка і вёў сляпога Васю. Гэта рабіў нехта чужы, хто сядзеў ва мне, а сам я тым часам аднекуль ці збоку, ці зверху з жахам назіраў за ўсім і думаў аб выніках. На заставе будуць нас біць. Я раблю подласць таварышу. Так несумленна. Бацькі ўкладалі ў мой паход столькі надзеі. На білет бацька вазіў у Гарадок бычка прадаваць...

— Стой, не варушыцца! — крыкнуў пагранічнік і асвяціў нас батарэйкай.

Найсамперш я здзівіўся, што святло такое рэзкае, яно асляпіла мяне, нібы ўдарыла па галаве, раздзела, і я адчуў сваю нікчэмнасць.

— Кідай што ў руках! Рукі ўверх! — крычаў па-польску.

Я выпусціў бручку і падняў рукі.

Усё было скончана так нечакана і хутка, што я не паспеў ні спалохацца, ні ўзрадавацца ад таго, што мяне злавілі. Толькі недарэчы... пашкадаваў бручку.

10

На пагранзаставе пры вобыску ў мяне знайшлі стары кішанёвы гадзіннік — той самы, які я некалі з Валодзькам паламаў. Было відаць, што ім ужо гадоў дзесяць ніхто не карыстаўся, але якраз гэта і насцярожыла начальніка заставы.

Афіцэр мучыў нас пытаннем — навошта мы ўзялі з сабой непатрэбную рэч? Не атрымаўшы тлумачэння, паручнік разабраў механізм да вінціка, да калёсіка. Узяў нават лупу і не мог надзівіцца — усе дэталі нікудышныя. Тады ён прыстаў да нас з пытаннем пра шыфр.

Бедны, ніяк не мог уцяміць — паламаны гадзіннік мы ўзялі проста для рамантыкі.

З пагранзаставы нас даставілі ў часць. Там адразу абкружылі салдаты. Сонныя, аслабелыя і абыякавыя да ўсяго, бачылі мы іх нібы праз слой вады, праз імглу.