Выбрать главу

— А-а, бальшавікоў захацелася вам?! — узяўшыся ў бокі, пачаў кпіць з нас нейкі тып.— Папа-аліся, птушачкі!

— Дурань! — абрэзаў салдата капрал.— Яны не чаго-небудзь, а вучыцца туды ішлі, зразумеў? Не шкодзіла б і табе розуму дзе-небудзь прыкупіць!.. Бяры, афэрма, два кацялкі, бяжы на кухню і прынясі супу. Ды — мігам: адна нага тут, другая — там!

З казармы перавезлі нас у Клецк. Там суддзя вызначыў нам па тры месяцы ўмоўна.

Крыху патрымаўшы нас абодвух у каталажцы на хлебе і вадзе, паліцыянт у цывільным павёў нас у нейкі склеп.

— Грошай выдзеляць, каб дамоў даехаць! — шапнуў Васіль па дарозе.

Бацькі на білеты грошай далі толькі ў адзін канец. Не ісці ж нам цяпер усе трыста кіламетраў! Паліцыянт меў элегантны шэры касцюм, твар — панскі, сур'ёзны. Я Васю і паверыў. Толькі чаму грошы даюць у склепе?

Унізе было пуста. За акенцамі ля столі мільгалі шматлікія ногі гараджан. Пакуль мы на іх дзівіліся, паліцыянт з шафы выняў бамбукавы кіёк.

— Хадзі сюды, хадзі, золатца,— пячатак настаўлю табе на развітанне,— яхідна паабяцаў пан.

Вася не паспеў і апамятацца, як пан жоўтым туфлем падчапіў за пад'ём яго нагу пяткай уверх і з усяе сілы стаў біць кіем у падэшву. Сябра, дзівак, сыкаў і цярпеў.

Калі дайшло да мяне, я ўзняў крык, нібы з мяне здзіралі скуру. Праходжыя спыняліся, заглядвалі ў вокны, і паліцыянту давялося бамбук хаваць за спіну.

— А ну, сціхніі — зашыпеў ён.

Паліцыянт доўга мяне лаяў. Але варта было яму ўзяцца за бамбук, як я пачынаў верашчаць зноў. Так ён і мусіў адпусціць мяне без хрышчэння.

— Ты што, не мог таксама схітраваць?! — з большым, чым трэба, абурэннем напаў я на сябра, калі мы

засталіся адны.

Разгублены Вася вінавата маўчаў.

Увесь час я сябе абзываў нікчэмнасцю, здраднікам: падгаварыў Васю ісці за мяжу, першы ўбачыў заставу, здалёк разгледзеў і пагранічніка, але паддаўся наўмысна, подла выдаў таварыша. Цяпер жа ўміг сябе ўпэўніў: Вася размазня, так яму і трэба.

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

1

Вярнуўся я дамоў — і раптам вырас у вачах сваіх людзей. Падпольшчыкі адразу прынялі мяне ў камсамол.

Сакратаром нашай ячэйкі быў кравец Валодзька Цішэўскі — сын цёткі Кірыліхі. Мне лесціла, што і Кірылішын Валодзька, і іншыя хлопцы — шмат старэйшыя, а вось я ім раўня.

Кірылава хата стаяла ля самага лесу, як і наша.

З браўнінгам у кішэні, які мы з Сашкам калісьці знайшлі ў зуброўскім хвойніку, дабіраўся я да Валодзькі кустамі, а тады асцярожна, каб не чуў сабака, прабягаў пару загонаў поля, прытойваўся ля сцяны. У бакоўцы пад акном Валодзька карпеў над швейнай машынай — са зрэбніны шыў нагавіцы, пінжакі (краўцом ён быў неважнецкім, мама аддавала шыць на мяне і брата ў Гарадок). Я кідаў у шыбу жменю пяску. Валодзька адчыняў акно, памагаў мне ўлезці і слухаў маю справаздачу.

Потым мы з Валодзькам кудысьці ішлі на спатканне з чалавекам, якога пасля ніколі ў жыцці не бачылі. Хавалі незнаёмых у гумне, насілі ім ежу. Былі людзі, якія перапраўлялі іх далей, за мяжу. Сляпыя і глухія ад шчасця, якое іх спаткала, нас такія нават не заўважалі, чакалі толькі, каб загаіліся пабітыя ў дыфензіве пяткі.

Аднаго разу ноччу пастукаўся да нас у акно Турак Іван з Ярылаўкі. Ён быў сакратаром падпольнага райкома партыі. Яго з сябрамі паліцыянты завезлі ў Ялоўку, кінулі ў халодную. Тураку пагражала пятнаццаць гадоў турмы. Арыштанты выламалі краты, вылезлі з халоднай і прыбеглі ў Страшава. Бацька склікаў ячэйку, яна вынесла пастанову — сабраць хлопцам на дарогу грошай і адправіць у СССР.

Я ўжо забыўся, як плакаў на граніцы ў балотах, як страшэнна хацелася дахаты. Няўжо я сам здаўся пагранічнікам? Стараўся выкінуць свой учынак з памяці і таксама зайздросціў Тураку. Шчаслівец, ідзе ў казачную краіну, дзе Днепрагэсы, Кузбасы, трактары, а дзядзька Іван у Казані не дачакаецца пляменніка — бацькі намякалі ў пісьмах пра мяне...

Праз пару тыдняў вярнуўся Турак, схуднелы і абарваны. На граніцы ўзнялася страляніна, сябры мяжу праскочылі, а ён не паспеў.

Ячэйка зноў выносіла пастанову, збірала грошы. Бацька цяпер для маскіроўкі даў хлопцу касу і торбачку з ежай. Гэты раз Турак граніцу перайшоў.

2

Пераносілі мы і пакеты з кніжкамі, брашурамі, пракламацыямі. Гэтую літаратуру браліся не раз чытаць, але яна была напісана такой цяжкаю для нас мовай, што мы хутка пачыналі драмаць, прымалі ўсё на веру. Таксама адносіліся да дакладаў на сходках.

Сходкі адбываліся ў лесе, дзе-небудзь на паляне.