— Пакажы, пакажы, Коля!
Трыццаць грудзей уздыхаюць з палёгкай, столькі ж пар вачэй глядзяць на мяне з удзячнасцю.
— Во-о, Ірына Іванаўна, тут уключацель, гэты гузічак!.. А то — хвалі!..
Дзве мінуты захапляемся цудам тэхнікі, тады пачынаю ўрок. Дзяцей нібы хто падмяніў. Уважліва слухаюць і аддана глядзяць у вочы. Адчуваю іхні ўздым і паслушэнства, радуюся за сябе...
Выклікаю аднаго да дошкі, і ён бойка адказвае, як пішуцца складаныя словы. Прашу прыдумаць прыклад, якім мы яшчэ не карысталіся ў класе. Хлопчык напружана моршчыць лоб, маўчыць. Маўчу і я, толькі думаю: Валодзя, паў-яблыка, паў-яблыка... Ну, кажы ж ты, паў-яблыка...
— Паўяблыка!
— Яшчэ адзін — і зноў сама сабе: вадамер, вадамер, вадамер...
— Вадамер!
Такія гісторыі ў мяне на ўроках бываюць не рэдка, я ўжо нават прызвычаілася да дзіўнай з'явы. Скажы каму, не паверыць, што свае думкі магу навязаць іншым. Але гэта праўда. Таямніца ўзвышае мяне ва ўласных вачах. Вось і зараз урок пралятае імгненна. Чуваць званок.
У канцылярыі мяне падзывае настаўнік фізкультуры.
— Ноччу жонка нарадзіла сына...
— О, дык чаму ж вы маўчыце цэлы дзень! — шчыра радуюся.— Віншую!
— Ш-ш-ш... Нікому не трэба гаварыць...— стогне ён і чырванее.— Думалі — праз месяц, нічога не падрыхтавалі, а трэба купіць усялякае... Вырашылі пазычыць у вас...
Я халадзею, але праўду сказаць яму не хапае адвагі.
— Колькі? — пытаюся.
— Пяцьдзесят...
У галаве нараджаецца выйсце.
— Заўтра рана прынясу, Міхась Макаравіч. Добра?
— До-обра...— выдыхае малады бацька з палёгкай, дастае нясвежую хустачку, выцірае лоб.— Прабачце, Ірына Іванаўна, неяк здарылася ўсё нечакана... Думалі праз месяц, яшчэ шмат часу, а тут — вось...
— Ну-у, што-о вы, ахвотна памагу!
Іду зноў дамоў. Перад вачыма — заклапочаны малады бацька. Няёмка ад яго прыніжэння, і ў той жа час яго вельмі добра разумею, спачуваю — і мы з Косцем былі ў такім становішчы, і нас людзі гэтак жа ратавалі!
У нашым гарадку — усяго адзін інстытут, у ім толькі тры кандыдаты навук. Яны на віду. Людзі лічаць, што ў нас шмат грошай. Косця пайшоў у творчы водпуск, каб папрацаваць. Я хацела здаць сына ў дзіцячы сад, запісалася ў чаргу, а мне сказалі: «Вы добра забяспечаны і можаце сабе ўзяць няньку. Вашае месца ў дзіцячым садзе няхай лепш застанецца сыну якой-небудзь тэхнічкі!» І мы ўзялі домработніцу. А што выйшла з гэтага? У Косці яшчэ нічога не гатова, грошы некуды падзеліся, мы нават і не заўважылі.
Не раз спрабавала давесці знаёмым, але дарма. Іх назаўсёды загіпнатызавала Косцева званне (а мо ім надта хочацца мець багатага знаёмага і яны не могуць адмовіцца ад сваёй фантазіі?!). Абрыдла кожны раз тлумачыць. І цяпер, калі хто дзівіцца, куды мы дзяём «свае тысячы», смяюся: «Дачу будуем на Чорным моры». Большасць верыць...
6
Крочу сабе па асфальце і паступова забываю пра ўспацелага настаўніка фізкультуры. Успамінаю выпадак у класе. Не, мяне ані кроплі не мучыць сумленне, што я не праявіла салідарнасці з настаўніцай малявання, не стукнула дзвярыма, не вылецела з класа. Паціскаю плячыма і паварочваю ў бакавую вулачку. Гэтай дарогай крыху далей, але яна высаджана каштанамі, і дрэвы якраз цвітуць.
Вось і мае прыгажуны. Казачныя кандэлябры белых свечак у зялёных кронах — не адарваць вачэй! Восенню тратуары тут будуць усыпаныя лупіннем, вучні стануць дарыць мне грыбочкі з каштаноў, а некаторыя настаўніцы зноў мне пазайздросцяць.
Клас для кіраўніцтва атрымала я нядаўна. Яму ніхто не мог даць рады. Яго ў настаўніцкай чамусьці празвалі бандай хуліганаў. Хіба ж мае вучні — хуліганы? Часамі яны чулыя, сардэчныя. У некаторых сваё, мне даверанае шчасце. Адзін мусіць няньчыць дзяцей у сям'і, у другога нядаўна бацька пакінуў маці і перайшоў да чужой жанчыны. Найцяжэйны — Янусік.
Нястрыманы, востры на язык.
Днямі прыходжу да яго на кватэру. Стукаю ў дзверы. Адчыняе сам Коля. Чыстыя, абстаўленыя новай мэбляй пакоі ўсланы і ўвешаны дарагімі кілімамі.
— Мама — там! — паказвае насцярожанымі вачыма Коля.
На падлозе перад шафай — здаровая самаздаволеная жанчына перабірае нейкія транты. Яна не ўстае, каб мяне павітаць, толькі паказвае, куды сесці.
Пачынаю сваю скаргу.
Няўважліва слухаючы, жанчына без пераканання падтаквае, абзывае сына «паразітам», наклікае на яго хваробы і гібель. Коля высоўвае галаву з кухні. У яго вачанятах чытаю сорам за маці і адразу прыкусваю язык — каму я ўсё гэта кажу?!
Дачакаўшыся нарэшце, калі я змоўкну, жанчына дастала з шафы туфлі і, аслепленая шчасцем, пахвалілася:
— Паглядзіце, Ірына Іванаўна, якія прыгожыя! Праўда? А гэтак танна каштуюць! Сёння ва універмагу давалі...