Выбрать главу

Колю мне стала шкада, як сына.

Што і казаць, з пункту гледжання празмерна строгіх педагогаў, мае вучні, мажліва, і «хуліганы». Толькі менавіта таму патрабуюць яшчэ большай увагі, цярпення і цеплыні. А напаткаўшы непрывычнае, ляпнуць дзвярыма і збегчы з урока — спіхнуць усё на чужую галаву, каб самому лягчэй жылося!

Хочацца перад кімсьці выказацца, камусьці давесці, што паводжу сябе правільна. Шкада, што Косця гэтак заняты! Некалі ў такіх выпадках аблегчвала душу ў дзённіку. Пацягнула зноў заглянуць у яго. Прыйду дамоў і абавязкова пашукаю старыя сшыткі.

Паміма волі перад вачыма ўзнікае незнаёмы — ах, вунь што не магла ўспомніць!

«Разумееце,— скарджуся яму,— ну, падтрымала б аўтарытэт той настаўніцы малявання. А вучні? Што ім да таго, што дарослыя дзядзькі прыдумалі застылую і нудную форму ўрока: праверка дамашняга задання, новы матэрыял, замацаванне?.. Настаўнік здаровым розумам павінен кіравацца і сэрцам, а не шаблонам! Розныя схемы да смерці не падабаюцца ўсяму жывому...

Учора піянерважатая завяла гутарку з маімі вучнямі:

«Давайце на свята арганізуем у школе чай!»

Востры на язык Янусік і ляпнуў:

«А па колькі лыжачак цукру будзеце класці нам у шклянку?»

Замест таго каб пасмяяцца разам з класам, яна — у амбіцыю:

«Я пайду ў інстытут, дзе твой бацька працуе, паскарджуся ў партарганізацыю!»

Хіба ж будуць такую паважаць? Сёння раніцой я выказала піянерважатай усё, што пра яе думала!.. Яна хацела б бачыць за партамі манекенчыкаў, а не жывых людзей!..

Настаўніку, ведаеце, трэба быць таленавітым, яго выхаваўчая работа — заўсёды імправізацыя. Гэта — псіхалагічная і дзелавая рэакцыя на любы ўчынак вучня, калі ты павінен імгненна знайсці адзіны справядлівы ход, і тут ніякія інструкцыі, шаблоны, падручнікі не памогуць.

Няўжо нельга ўцяміць, што вучні — не пасудзіны пустыя, у якія на ўроках мы павінны напампаваць энную колькасць ведаў?! Яны — каганцы, якія трэба запаліць!.. Пафатыгуйся, намацай у кожнага кноцік, запалі, і дзіця будзе табе паслухмянае, удзячнае і не ўчыніць глупства!..

Падтрымаць піянерважатую і настаўніцу, бо ім усяго па дваццаць гадоў? Педагогі не маюць узросту. Няважна, колькі табе — дваццаць ці сорак,— а вучні хочуць бачыць у табе чалавека, мудрага жыццёвым вопытам!»

Параўнанне з каганцом недзе я вычытала, але гэтую Думку выдаю за сваю. Прыдумваю, што адказвае незнаёмы, і гавару, гавару, гавару. Нават прызнаюся яму, якая з мяне чараўніца на ўроках, як навязваю свае думкі іншым.

7

Аж шкада, што канчаецца дарога.

Зварочваю з тратуара, саджуся на нейкую лаўку. Паступова нібы прачынаюся і бачу бессэнсоўнасць такой дыскусіі.

Пачынаю гадаць зноў: хто гэты чалавек? Яго воблік спалучаецца з героямі, што асвойваюць Поўнач, пракладваюць трасы ў тундры, капаюць каналы ў пустынях. Чамусьці ўпэўнена — ён інжынер.

Абуджаюся ад нейкага спеву і гляджу, дзе я.

У парку. Пад вечар ён прыкметна напаўняецца людзьмі. Перада мной плывуць дзве маладзіцы: ні то п'яныя, ні то надта ўзрадаваныя нечым. Рукі пераплеценыя, вочы ад радасці нічога не бачаць. Адна з іх прыслухоўваецца да свайго голасу і цягне:

В тол-пе наро-ода он глаза-ами меня по-искал!..

На іх аднолькавыя стракатыя пацеркі, старамодныя кофты, шырокія і разбітыя туфлі. Мабыць, сёстры з вёскі тут, у горадзе, спаткаліся...

Да мяне нясмела набліжаецца салдат. Доўгі, няскладны, белабрысы, з прышчыкамі на твары.

— Вы сумуеце? — пачынае ён са штучнай зухаватасцю.

— Не.

— Чаму вы адна?

— Мне так падабаецца.

— Падаба-аецца?

— Ага.

Салдат ужо не ведае, што гаварыць.

— Дык вы сумуеце?

— Я ж вам ужо сказала!

Мой спакойны настаўніцкі тон збіў беднага з панталыку. У яго выйшаў увесь набор фраз для такіх сустрэч. Ён разумее, што трапіў у смешнае становішча, але адысці ўжо не можа. Памагаю:

— Вунь пайшоў ваш сябар з дзяўчынай. Вы б у яго спыталі, як завалодаў яе сэрцам, і павучыліся б!

Салдат раптам робіцца шчырым, цяжка ўздыхае і даверліва скардзіцца:

— Толькі скажы яму, ага!

— А што?

— Аблае размазнёй, потым вернецца ў казарму і яшчэ будзе ўсім расказваць...

Божа, якія бываюць праблемы!..

А ён добры хлопец! Робіцца цёпла на душы. Успамінаю сваю Тосю.

— Увечары прышлю сяброўку. Прыйдзеце сюды?

— Абы не надта позна, бо нас не пускаюць...

Спяшаюся дамоў. Дзеці мяне чакаюць.

— Ну, што ў цябе, Марынка, было ў школе? Пыталіся цябе на ўроках?

— Не пыталіся. На арыфметыцы Валянціна Мікалаеўна задала загадку: у мяшку восем кілаграмаў яблыкаў, усыпалі яшчэ два кілаграмы. Што трэба зрабіць? Мукасей кажа: «Я ведаю. Трэба яшчэ раз адважыць!..» Ой, мама, а потым на ўроку спеваў наша настаўніца так стукнула па стале, што і гадзіннік спыніўся!