— Давялі яе, бедную!
— Мам, а ў Міколкі Кастыля машына ката забіла! — перабівае Віця.— І мы з Колькам закапалі яго на двары, каб фосфар выходзіў і ўсе баяліся!
— Фосфар?
— Ну.
— І ты браў дохлага ката?! Марш на кухню, мый рукі! І з мылам!
Выпраўляю дзяцей на двор, перадаю Тосі запросіны ў парк.
Іду да Косці, каб расказаць яшчэ пра незнаёмага. Падыходжу здалёк, з выпадку ў школе. Косця ўслухоўваецца.
Дарэмна ўзрадавалася. Ён адвярнуўся ад машынкі адно на хвіліну, каб запісаць выпадак з прыёмнікам і сустрэчу з салдатам. Потым механічна хавае блакнот ды паглыбляецца ў рукапіс.
Застаюся зноў адна. Саджуся правяраць сшыткі і ўспамінаю пра дзённік.
Пасля доўгага перапынку зноў пачынаю пісаць дзённік. Адвыкла. Запісваюцца толькі ўрыўкі думак, і то бессістэмна. Лянуюся напружыць мазгі. Навошта мне гэта, хопіць аднаго пісьменніка ў сям'і.
Успамінаю просьбу маладога бацькі, хаваю сшытак і адпраўляюся да сяброўкі.
8
Спатыкаемся ля яе дома і радуемся.
— Ой, Вера, суткі цябе не бачыла, а здаецца — вечнасць! — кажу.— Ведаеш, Косця гаворыць, што яшчэ не бачыў, каб жанчыны так шчыра сябравалі!
— Пра-аўда? — рагоча Вера. І сур'ёзна: — Ён у цябе вельмі разумны, ты шчаслівая...
— Не думала. Магчыма.
— Ты куды ішла?
— Да цябе!
— Ну-у? Ой, якая ты слаўная! То хадзем!
Мая сяброўка — каравокая поўная казачка, якая развялася з мужам. Яна таксама настаўніца, лічыць гэта выпадковасцю. Яе запаветная мара — стаць артысткай. Яна і на ўроках любуецца сабой, услухоўваецца ў свой голас.
Вера — хімік, але яе цягне да ўсялякіх гісторый на тэатральныя тэмы. Чытаць ёй няма калі: яна ахвотніца паспаць.
Ля дошкі аб'яў сяброўка мяне затрымлівае:
— Ой, ледзь не забылася табе сказаць! Сусед працуе рэферэнтам у таварыстве «Веды». Толькі што паехаў на аэрадром сустракаць нейкага прафесара. Прафесар будзе выступаць у горадзе, ведаеш? — сказала яна ўжо шэптам, з шырока адкрытымі вачыма ад важнасці весткі. — Скажы свайму Косцю!
У разуменні Веры мой муж — чалавек навукі, і калі ў Доме народнай творчасці ідзе лекцыя на якую-небудзь навуковую тэму, то ён павінен стрымгалоў ляцець туды і садзіцца ў першы рад...
— Не мае часу ён хадзіць усюды...— кажу.
Але Вера ўжо лічыць, што абавязак сяброўкі выканала і да гэтай тэмы больш не трэба вяртацца.
— Ты мяне любіш? — пытаецца яна без уступаў.
Аб сваіх пачуццях я не ўмею гаварыць уголас, маўчу.
— Дзе-е там,— крыўдзіцца.— Ты — жонка вучонага, хіба нам з Ігарам да вас дацягнуцца?!
— Не балбачы, чаго не трэба, а то зараз ад мяне атрымаеш!
Успамінаю Косцевы словы пра сціпласць. Відаць, ён мае рацыю. Веру сціплай, надта ціхай не назавеш аніяк а хіба яна кепская?! Я вельмі прывязана да гэтай казачкі. І хоць я ёй нізавошта не сказала б пра свайго незнаёмага, але ўсе мае сямейныя беды і радасці яна ведае не менш за мяне. Прыйду пазычыць часам грошай, а ў Веры маёй толькі два рублі; мы раздзелім іх, і абедзве задаволены. Гэтаксама апошнім дзялюся з ёю і я.
Аднойчы праходзім мы каля рынку. Хутка ужо вечар. Але хіба можам мы туды не заглянуць? Мо яшчэ там хто ёсць...
Пад стрэшкай сапраўды — пару цётак. Зморшчаная і счарнелая бабулька трымае ў кошыку яйкі.
— Па чым яны ў вас, бабка? — пытаюся.
Жанчына адказвае. Такіх цэнаў не было ўжо даўно. І ў магазіне танней. Але робіцца надта шкода старой. Хутка ўжо і цямнець пачне, ёй трэба яшчэ дабірацца бог ведае куды, а тавару не прадала.
— Вера, давай зробім дабрачынства і — купім! — прапаную.
— Давай! — ахвотна падхоплівае сяброўка.
Даём грошы. Бяром з кошыка яйкі. Гандляркі ад мяшочкаў з семкамі глядзяць на нас хто з зайздрасцю хто са здзекам: — ну і купчыхі!
Апаражнілі мы кошык, а бабка чагосьці глядзіць на нас падазрона.
— Усё. Мы вам заплацілі. Дзякуем, бабуся! Адпраўляйцеся сабе дамоў!
— Дык вы ж лішніх яек сабе наклалі!
— Што вы, бабка?! — чырванею.
Чырванее і Вера. Але старая ўжо запусціла жылістыя і халодныя кіпцюры ў кішэню і робіць рэвізію.
Моўчкі выходзім на вуліцу. Аддаляемся ад высокага плота, за якім рынак, глядзім адна на адну і рагочам на ўсю вуліцу:
— Філантропкі!
— Бедная цётка!
У Веры на кватэры кажу аб просьбе Макарэвіча.
— Ці наскрабу столькі...— заклапочана моршчыць лоб сяброўка і шукае грошай па кішэнях, між старонак падручнікаў, у партфелі, заглядвае ў кубачкі, якія стаяць на буфеце: яна ніколі не ведае, дзе ў яе што ляжыць.