— Няма такога дня, каб хто-небудзь не папрасіў у мяне ці Косці пазычыць грошай,— апраўдваюся вінавата.— Усім здаецца, што я — мільянерка...
Вера і сама гэта добра ведае.
— Вось пабачыш, аб'яўлю ў настаўніцкай усім пра твае фінансавыя справы, каб не мучылі болей цябе...
Яна толькі так гаворыць, а сама задаволеная. Чалавеку памагчы заўсёды прыемна, а выручыць сяброўку — тым больш.
— На, трымай!..
— Дзякуй, Верачка. Толькі дробныя надта, яшчэ Міхась Макаравіч здагадаецца пра ўсё. Давядзецца, мабыць, зайсці ў магазін, памяняць.
— Ладна, па дарозе памяняеш... Ты чула, наша дырэктрыса злавіла мужанька з пісьмом ад любоўніцы!..
— Ён жа стары пень? — дзіўлюся я і прадбачу цікавую размову.
Вера пачынае ўжо маляваць займальную гісторыю.
Ой, гэтыя плёткі!! Як вы сабе хочаце, але я ў іх знаходжу і нешта карыснае! Слухаючы плёткі, мы перажываем сітуацыю, ад якой нас шчасліва ўсцярог лёс. На хвіліну і мы адчуваем сябе героямі незвычайнага здарэння ці скандалу, пра які толькі што даведаліся. Адразу ў нас паляпшаецца і настрой, бо можам самі сабе зрабіць камплімент: «Каб са мной так здарылася, я не гэтак зрабіла б, ого!»
Я, мабыць, таксама добрая пляткарка. Верыну дырэктрысу і яе неўгамоннага мужа разбіраем мы па костачках. Позна ўжо. Збіраюся дамоў.
— Ірка, пачакай! — просіць, спахапіўшыся.— Сённня атрымала пасылку з Кубані ад мамы. Занясеш дзецям гасцінец...
Пакуль Вера робіць з газеты кулёк і, не шкадуючы, шчодра насыпае мне сушаных абрыкосаў і семак, уяўляю сабе, як мае малыя будуць вішчаць ад радасці. Расчулена кажу:
— Ведаеш, а мой Віця ўчора кажа: «Вазьмі мяне з сабой спаць, у цябе новы халат, як у царыцы».— «Ну, хадзі» — дазваляю. За ім і дачка. І пачалося: «А чаму, калі мы цябе казычам, ты не баішся, а так ты баішся козыткі?», «Хто такі Неру?», «А чаму ён называецца Неру?..»
— Ну-у, твае ж вельмі развіты-ыя! — прытворна прыбядняецца Вера.— А мой Ігар — рабацяга. Учора выпілаваў палічку на мыла і прыбіў. Унь, вісіць!..
Я зайздрошчу.
— А мая Марынка ўжо іграе на піяніна пару п'есак! — хвалюся, хоць кожную ноту ўганяю ў яе сілком.
— А мой...
Пакідаю сяброўку. Яшчэ трэба накарміць сям'ю, пакласці дзяцей спаць, праверыць сшыткі, падрыхтаваць на заўтра ўсім вопратку...
Так і праходзіць мой рабочы дзень.
9
Сёння ў мяне здарылася такая непрыемнаць у школе, пасля якой не хочацца жыць на свеце.
Прыходжу раніцой на работу, а мне заяўляюць, што мая вучаніца пасварылася з бацькам і спрабавала атруціцца.
Я расхвалявалася да таго, што аслабела, а пад канец дня нервы зусім здалі, і на ўроку літаратуры ў восьмым классе я... ударыла вучня!
Паплаўскі ля дошкі характарызаваў вобраз Любы Шаўцовай з «Маладой гвардыі». Раптам адчыніліся дзверы, уварваўся аболтус з сёмага класа Данько ды пачаў крычаць нешта Паплаўскаму.
— Загадай свайму сябру выйсці з класа!— кажу я свайму вучню.
Паплаўскі толькі ўсміхнуўся.
Я, аднак, вытрывала, спакойна вывела нахабніка за дзверы.
На перапынку падыходзіць Данько.
— Пусціце мяне ў свой клас на заняткі?
— Ты гэтага не варты!
— То я сарву вам іх!
— Паспрабуй!
— І паспрабую!
Па ўзросту яму ўжо быць у дзесятым.
Пачаўся ўрок. Раптам адчыняюцца дзверы зноў, урываецца гэты самы Данько ды садзіцца побач з Паплаўскім. Той спакойна дае яму месца.
— Паплаўскі, выведзі яго за дзверы! — узрывае мяне.
— А што, хіба я наняты?
Са злосцю выштурхоўваю семікласніка ў калідор, тады нападаю на свайго вучня:
— Марш і ты з класа!
Паплаўскі неахвотна ідзе. Іду да дзвярэй за ім і я. На парозе ён паварочваецца да класа і з дурнаватай усмешкай гаворыць:
— За што выганяеце, хіба я ў швейцары да вас запісваўся?!
Яму падхіхікнула некалькі галаскоў з партаў, і гэта мяне даканала. З нейкай роспаччу і абурэннем я — плясь нахабніка па твары...
Клас ад жаху абмёр...
Паміж намі нібы вырасла сцяна.
Выпадак разбіралі на педсавеце. Адны мяне асуджалі, іншыя спачувалі, падтрымлівалі, але я была занадта ўсхваляваная, каб што-небудзь запомніць з таго, што гаварылі настаўнікі.
Вярнулася дамоў позна, расказала пра ўсё Косцю і з плачам прыстала да яго, бытта ён быў ва ўсім вінаваты:
— Ну, і што цяпер будзе?
Косця на гэты раз не толькі адклаў свае рукапісы, але стаў грэць мне вячэру.
Я не адставала:
— Чаму так атрымалася, скажы?
— Мне ўсё ясна...