Выбрать главу

На добры толк, можа, варта было б кінуць-рынуць гэты беспрытульны Мінск, палітыку, блуканні у лавбірынце i ехаць у свае Янкавіны, дзе было б нялёгка, але дзе так не галеў бы. Ды i там Волька Супраневіч — тая, хто (апроч маці i сястры) найбольш утрымала ў ім павагу да жаночага роду, спадзяванне на сямейнае шчасце. Ён колькі ўжо разоў клікаў, каб ехала сюды, да брата Петруся (а гэта значыць — i да яго, Алеся), яна ж, адпісваючы лісты, зноў прызнавалася, што кахае, але ехаць у горад не асмельвалася ды шкадавала пакідаць бацьку пры сварлівых нявестках.

У гімназісцкім дворыку аж апякло, прабрала да касцей вячэрнім холадам. Здаецца, ніколі ў жыцці ён так не мёрз, як гэтай зімой.

Прахожых на гэтай, нядаўна Паліцэйскай, а цяпер ужо з новай назвай вуліцы амаль не было. Вунь толькі насустрач, угнуўшы галаву i схаваўшы твар ад ветру, шкрабецца адзінокі мужчына. Ага — Васілевіч.

Бачачы даўняга сябра (а таму цяпер яшчэ цяжэй, бо трэба карміць не толькі сябе, але i жонку ды дзяцей), Алесь аж зморшчыўся ад болю: што нi робіць Сямён, як ні выжыльваецца, але не лягчэй яму, а яшчэ наадварот — усё горш. I на душы цяжка, бо ёй трэба зноў раздвойвацца альбо нават i растройвацца.

Васілевіч ледзь не ўткнуўся ў яго — той, відаць, вельмі спяшаўся сюды з нейкай навіною з клуба рабочай моладзі (а пад гэты клуб новая ўлада рэквізавала палац Скуранога), дзе ён загадваў бібліятэкаю. Падняў галаву — i ў сутонні відаць было: узрушаны. Ён заўсёды быў эмацыянальны, лёгка ўзбуджальны i ранімы. А цяпер — зусім. Лічы, жыве пагалоскамі, якіх кожны дзень процьма. I ўсе, лічы, супраць бальшавікоў i такіх, як ён з Алесем,— «бальшавіцкіх прыхвасняў».

— Ты ідзеш дадому? — забыўшыся павітацца, запытаў Васілевіч.

— Іду хоць куды. Абы сагрэцца,— пажартаваў Алесь, сцягнуў пальчатку i падаў руку.

Васілевіч ткнуў сваю правую, але, мусіць, тут жа i забыўся, што вітаюцца, загаварыў, пра што думаў:

— Хадзем са мною. Да Ландара.

— Чаго? — здзівіўся Алесь.— Патрабаваць пайка i платы?

— Кліча, як кажа, на сур'ёзную размову.

Пайшлі. Па Захараўскай ужо.

Уцемнівалася. Без ліхтароў, без асветленых вітрын крам i лавак, без рэкламы i электрычнага святла ў вокнах змрачнеліся Архірэйскае падвор'е, Аляксандраўскі сквер, дамы навокал. Нідзе не было відаць ні вазоў, ні аўтамабіляў, ні багата апранутых людзей — з новым стрыманым, нават строгім ладам у Мінску знікала губернская пампезнасць i ўсталёўвалася нейкая незвычайная, нават аскетычная прастата, якую вунь цяпер (ужо на Петраградскай) увасабляе міліцэйскі патруль у шынялях i кажушках, з вінтоўкамі за цлячыма.

Варта пільна агледзела ix (ці не буржуі імкнуцца на які-небудзь тэрарыстычны акт альбо на сваю тайную сходку?), але не зачапіла — душою адчула: не буржуі i не зламыснікі.

— Пад вечар са Скураным палаяўся...— ні з таго ні з сяго заспавядаўся Васілевіч.— I сёння не вытрымаў, прыпёр паглядзець, што робіцца ў яго палацы. Пабегаў, а пасля прыскочыў да мяне i давай лямантаваць: «новыя гаспадары» забрудзілі дом! Вунь зрываюць са сцен i кідаюць пад ногі старажытныя мастацкія карціны, на ix месца вывешваюць дэмагагічныя лозунгі i транспаранты, сякуць мэблю i паляць ёю ў печы, чытаюць касмапалітычныя лекцыі i даклады, заклікаюць адзін адпаго да сусветнай рэвалюцыі, выпускаюць свае прымітыўныя газеты, а калі прыспічыць, бегаюць мачыцца ў камін — у «буржуазны, мяшчанскі атрыбут...». Папікаў i мяне за «варварства», патрабаваў: не бурыце дом! Я хадзіў да старшага ў клубе, да Бранштэйна, спрабаваў угаварьщь яго, каб шанавалі народнае дабро, мастацкія творы, але той мне нават злажыцца не даў: я, па-ягонаму, сапсаваны буржуазнай культурай, не разумею, што цяпер трэба ўсё старое разваліць i пачаць будаваць новае!.. Карацей, толькі з кулакамі ўратаваў бібліятэку: кнігі Гамера, Шэкспіра, Пушкіна, Талстога, Міцкевіча, Купалы i Коласа. I, ведаеш, не толькі гэты ачмурэлы альбо цынічны адукаваны старшы, але i іншыя, мінчукі ды выхадцы з вёсак, азвярэлі на культуру i літаратуру. Яны таксама хочуць стварыць новае, сваё, хоць некаторыя з ix амаль не ўмеюць чытаць i пісаць, вывучылі на памяць толькi некалькі марксісцкіх лозунгаў...

2.

Ландар, з накінутым на плечы паліто, хукаючы ў складзеныя далоні, выйшаў ім насустрач з-за заваленага паперамі стала, над якім вісела цьмяная газавая лямпа. Падаў аднаму i другому невялікую, але чэпкую руку, заадно пільна зазіраючы ў вочы. Нібы па позірку хацеў пазнаць іхні настрой, сімпатыю альбо непрыязь да яго.