— Халаднавата? — усміхнуўся, бачачы, што госці, нават пабыўшы крыху ў прыёмнай, не сагрэліся.— Але, на жаль, i тут не цяплей— паказаў рукой на досыць прасторны пакой з картай Pacii, ca сталамі літараю «Т» i крэсламі абапал ix ды з партрэтам Карла Маркса. Шыбы ў вокнах, надта ніжнія, былі тоўстыя ад снежнай намаразі.
Сеў з краю бліжэйшага стала, накрытага чырвоным, выцертым локцямі на згібе i сям-там прапаленым цыгарэтамі сукном, узмахам рукі запрасіў ix таксама сесці.
— Ну, які дух у горадзе? — запытаў.— Абываталь нас кляне ці спачувае?
— I тое, i другое,— шчыра адказаў Васілевіч, сядаючы насупраць i паціраючы даўгаваты, з бародавачкай збоку нос, кончык якога зачырванеўся звыш меры.
— Цяжка, браткі-беларусы,— прамовіў Ландар, апусціў галаву, пагладзіў высокі лоб, а пасля i невялікія вусікі, напачатку вузкую, а на падбародку ў форме кліна ці то сіваватую, ці то аб'інелую ад холаду i пары бараду.— Мы нямала чаго ўжо дабіліся тут: зламалі стары i наладзілі новы апарат, разагналі альбо ўціхамірылі контррэвалюцыю, нацыяналізавалі многія заводы, фабрыкі, а на астатніх устанавілі рабочы кантроль, узялі пад свой назірк банкі, дзялеж харчавання, сочым за цэнамі, утаймоўваем спекулянтаў, адкрываем школы, рабочыя клубы i хаты-чытальні, але...
Адкінуўся, заплюшчыў выкатныя вочы і, не адплюшчваючы ix, дадаў:
— Вельмі ж цяжкая дасталася спадчына i вельмі ж неспрыяльны цяпер час!
— А па-другое, мітынгаваць, разбураць старое нашмат лягчэй, чым ладзіць новае i талковае?! — пажартаваў Васілевіч.
Ландар не адказаў. Пасядзеў моўчкі хвіліну і, не вытрываўшы холаду (а можа, i не толькі яго), падняўся і, здаецца, узбуджана захадзіў па кабінеце.
— Скажыце, калі ласка, шчыра: вы кантактуеце з вашым, беларускім, падполлем? — нечакана запытаў пра тое, пра што яны абодва зусім не чакалі.
— Не,— паспешна адказаў Васілевіч.— Мы стрымліваем дадзенае вам слова.
— На жаль...— уздыхнуў Ландар, паціраючы шыю.
Яны вырачылі вочы: што такое? Як усё гэта зразумець?
Ландар запыніўся каля карты ў паўзмроку i, не паварочваючыся, спакойна загаварыў далей:
— Пасля таго калі на пачатку студзеня ВЦВК рашыў ужыць суровыя меры супраць тых партый, што хочуць замахнуцца на дзяржаўную ўладу, у нас тут, як кажуць, развязаліся рукі. Мы маглі б вылавіць увесь падпольны Выканком Савета ці, як вы называеце, Рады Усебеларускага кангрэса, аб'явіць яго контррэвалюцыйным i строга судзіць. Але мы не кінуліся з расправаю. Мы зняволілі толькі верхаводаў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады i Лашковіча, якія, па нашых звестках, заключылі тайны саюз з Доўбар-Мусніцкім, прадалі яму i нашы, i вашы інтарэсы, рыхтавалі тут, у Мінску, узброенае паўстанне супраць нас. Астатніх вашых мы не зачапілі. Далі час паразважыць, адмовіцца ад сваіх экстрэмісцкіх задум i пачаць супрацоўнічаць з Савецкай уладаю.
Ландар на хвіліну замаўчаў, а пасля прадоўжыў:
— Вы ўсе, у тым ліку i сацыялісты, балюча перажываеце разгон вашага снежаньскага з'езда. Не толькi правы Баравік, але i левы Жылуновіч пратэставаў супраць нас на Трэцім Усерасійскім з'ездзе, абвінавачваў Мяснікова i мяне, Савецкую ўладу ва ўзурпатарстве, глухаце да нацыянальных пачуццяў беларускага народа. Але найлепшы лекар — час. Жылуновіч, Чарвякоў i іншыя петраградскія беларусы хутка перапакутавалі сваю крыўду, не адцураліся ад Савецкай улады. I яна адказала сваім жэстам. Як бачыце, СНК РСФСР спецыяльным дзкрэтам утварыў Беларускі нацыянальны камісарыят на чале з Чарвяковым, дае яму немалыя функцыі — гэта зпачыць цэнтр павышае ўвагу да вас, беларусаў. Я пакуль што не ведаю добра, у што выльецца гэтая ўвага, але бачу ясна: пра вас думае Ленін, вамі займаецца Сталін...
Ландар пацепнуў плячыма ад холаду, азірнуўся — яны слухалі ўважліва: i гэты ж Ландар дагэтуль не гаварыў з імі пра такое цярпліва. Убачыўшы іхнюю цікаўнасць, гаспадар пакоя вярнуўся з паўзмроку да асветленага стала, спыніўся насупраць i паклаў азяблыя рукі на спінку высокага крэсла.
— Мы знаем: вы, таварышы Васілевіч i Нямкевіч, лаяльныя да нас,— сказаў, пільна пазіраючы ім абодвум у вочы.— Але вось іншыя вашыя — не... Хутка падышоў да свайго стала, узяў лісток, падаў ім, а сам вярнуўся на ранейшае месца.— Вось доказ, што той-сёй пайшоў у падполле i рыхтуе нам удар у спіну...
Сямён i Алесь пачалі чытаць папісанае на рускай мове: