Выбрать главу

Толькі ўжо за вячэраю знікла ўсіхная скаванасць, i супакоеная, ужо не пыхкая i не трапятлівая Волька смялей затрымлівала на ім цёплыя позіркі, хораша свецячыся душэўнай радасцю, узрушанасцю ад сустрэчы. I пазней, калі ўлучылі момант застацца ў пакойчыку ўдваіх (Пятрусь выйшаў на кухню пакурыць, а цётка Паўліна падалася заварваць гарбату), яна са згодаю прытулілася, замерла ў доўгім слодычным пацалунку. Праўда, першая адхілілася, змусіла яго сесці крышку воддаль, толькі згадзілася, каб патрымаў яе руку ў сваёй.

— Якія янкавінскія навіны прывезла? — з ласкаю запытаў ён.

— А пра што табе найперш хочацца ведаць? — гулліва запытала ў адказ.

— Ты прыехала назусім ці толькі на дзень-другі?

— А гэта будзе відаць ад таго, як вы тут мяне прымеце...

— Праўда? — шчасліва ўсклікнуў ён, моцна сціснуў яе невялікую, але дужую, ведама, сялянскуіо, руку.— Ты можаш застацца?

Яна, чарнявая, з крышку прыплюснутым носам, ужо з тоненька разлітым па свежым твары чырванцом, напоўненая маладым здароўем, гарэзна, нават какетліва ўсміхнулася. Але нічога не прамовіла, толькі мацней паціснула яго руку, а пасля паварушыла вялікім пальцам па яго далоні.

— Дзякую,— падняў i пацалаваў яе руку.— Ты — малайчына!

— Нісколечкі! — не згадзілася.— Я абы-якая. Сама за свет паляцела!

— Не, мілая. Ты — малайчына,— ён пагладзіў яе рукою сабе па шчацэ.— Ты прынесла мне сёння вялізную радасць. Мне цяпер вельмі хочацца жыць, працаваць, быць з табою, верыць у сваю мару i шчаслівую долю.— Дадаў шэптам:— Я кахаю цябе. Вельмі-вельмі. Чуеш?

Хітнула галавою, аблашчыла яго ўлюблёным позіркам. Але вызваліла руку, прыклала кончыкі пальцаў да скроняў i на хвіліну заплюшчыла вочы.

— Табе кепска? — занепакоіўся ён.

— Не,— прашаптала.— Мне якраз добра. Толькі вось галава закружылася... Давай пагаворым пра другое.

— Добра, мілая,— згадзіўся.— Раскажы, як жывы-здаровы нашы Янкавіны?

— У Янкавінах — вялікая радасць,— закладваючы за вушы непаслухмяныя пасмачкі валасоў, адказала Волька.— На тым тыдні сышла ад нас салдатня. Кажуць, ці то вайне канец, ці то нашы i без міру-згоды ідуць дадому. Услед за салдатамі спакавалі дабро i выбраліся Сяргеенкі, Лядзяш...

У яго міжволі заштуршкавала сэрца. Значыць, Кацярына, якую ён некалі так кахаў, выехала з вёскі i, можа, навек ужо згубіцца ад яго ў вялікім свеце.

— Добра,— аднак не пашкадаваў, a пацешыўся ён. Гэтым супакоіў маладое раўнівае Вольчына сэрца.

— Вярнуліся ўсе, хто быў у Амэрыцы,— пачала расказваць яна далей.— Наш Андрэй, Віпцук Драздовіч, Алесь — твой стрыечны брат. З арміі прыйшоў парапены пісар, Дзежка. Ну, a ў вас...— Зірнула з няёмкасцю.— Не ведаю, што i як казаць...

— Нелады?

— I вялікія,— уздыхнула.— Гіполь выпівае, б'е Ядзю, а Янак не ладзіць з Анелькаю. Адразу пасля каляд яна нават упрочкі сыходзіла, тыдзень з гакам не хацела вяртацца да вас. Але потым вашы i яе бацькі прывялі. Ды жыцця ў яе ўсё роўна няма.

— Янак сустракаецца з Зосяю? — ціха i скрушліва запытаў.

— Гуляюць...— сарамліва адказала.— Янак жа цяпер за старшыню валаснога камітэта, дык яна, бессаромная, бегае па вечарах да яго ў воласць...

— Я не хвалю яго, але i ганіць не магу....— задумліва прамовіў ён.

— Ведама ж, каб не разлучылі яго некалі з Зосяю, дык такога не было б...

— Разлучылі старыя законы, клопат пра зямлю,— сказаў ён. Пасля ўстрапянуўся, зноў узяў яе руку ў сваю.— А вось мы з табою не пазважаем ні на былыя завядзёнкі, ні на што-небудзь іншае — пажэнімся, i ўсё!

Яна, здаецца, не столькі ўзрадавалася, колькі напужалася — кіўнула галавохо на дзверы на кухню i прыклала пальчык да вуснаў: ціха ты!

Ён хацеў сказаць, што не трэба гэтак таіцца, але не паспеў. Вярнуліся гаспадыня i Пятрусь. З карзіначкай чорных сухароў i ёмістым жоўтым самаварам. Калі папілі гарбаты, паслухалі гаспадыніны расказы пра яе вясковую маладосць, госці сабраліся адыходзіць.

— Заставайцеся, Волечка, у нас,— зусім нечакана запрасіла цётка Паўліна маладую госцю.— Куды вы пойдзеце? Прывыкайце ўжо да нашай хаціны. Будзьце Алесю жонкаю, а мне — памочніцаю.

Вольга, апранаючы кажушок, зноў, як i на пачатку сустрэчы з Алесем, молада заірдзелася. Пятрусь, каб не ўмешвацца ў сестрыны сардэчныя тайны, завінуўся апрануцца i выйсці з пакоя.

— Жывіце, глядзіце адно аднаго, калі любасць маеце,— дадала гаспадыня.— Вайна ці не вайна, лад альбо рэзрух, але малады мусіць пра маладое думаць...

Алесю вельмі хацелася, каб засталася Волька, але ён ведаў: прасі ці не прасі — не застанецца. Цнатлівае вясковае выхаванне не дазволіць ёй увайсці i да любага без шлюбу.