Выбрать главу

— Петрусёў таварыш пяройдзе ў другі пакой, дык для мяне будзе ложак...— замітусілася, хуценька адказала Волька, страючыся не сустракацца з яго вачыма.

— Глядзі, дзіця маё, сама,— прамовіла на выгляд суровая, а на самай справе добрая цётка Паўліна.— Але помні, што я сказала.

Калі выйшлі на двор i ішлі да Петруся, які стаяў ужо за брамкаю i курыў, Волька ўсцешана падзялілася з Алесем радасцю:

— А гаспадыня твая — сардэчная кабета.

— I, галоўнае, яна добрую параду табе дала...— шэптам дадаў ён.

Волька злавіла яго руку i моцна сціснула: я твая, але ты не спяшайся!

Алесь змаўчаў, з вялікай радасцю адчуваў гэты адданы поціск любімай дзяўчыны i пасля, калі ўтраіх ішлі ў віхуры па замеценай вулачцы — Пятрусь першы, за ім — Волька, за ёю — ён,— аж здзівіўся: ні мароз, ні вецер са снегам ужо не выстуджваюць цела i душу так, як выхалоджвалі яшчэ нядаўна. Можа, i таму, што ён за нейкую гадзіну-другую сагрэўся дзявочай пяшчотаю: бывае, часамі яна цяплейшая за ўсё на свеце.

4.

— А, бальшавічкі! — з кпінаю сустрэў ix у пярэдняй Скураны. У шэра-сінім халаце, з-пад якога выглядалі кароткія i тоўстыя галёнкі ды лыткі, у тапачках, пахуднелы — нават, здаецца, з падцягнутым жыватом. Праўда, прыкметна пастарэлы.— Як вы толькі i асмеліліся зайсці сюды, да клятага буржуя!

Непрыхільна сустрэтыя Васілевіч i Нямкевіч чакалі, што гаспадар пакажа рукой на пляцоўку: прэч! Але не, зачыніў за ім дзверы, кіўнуў: заходзьце, распранайцеся.

Яны ўжо ведалі, што новая ўлада дала Скураному не вельмі вялікую кватэру — па пакоі на аднаго чалавека. Цяпер той павёў ix, мусіць, у свой кабінет — досыць прасторны, з канапаю i некалькімі крэсламі, без пісьмовага стала. У кутку на падлозе ляжалі горкаю кнігі — ці то тое-сёе з таго, што дазволілі ўзяць яму ca свайго палаца, ці то цяпер купленае на рынку. Адзінае акно-дзверы было завешана таннаю фіранкаю.

— Бачыце, як жыве былы дзяржаўны мул?! Пралетарый!

— Выбачайце, дзядзька Рыгор,— спакойна адказаў Васілевіч,— але мы з Алесем усё яшчэ жывём на прыватных кватэрах.

— Значыць, слаба прыслужнічаеце,— паздзекаваўся Скураны, сядаючы на канапу.

Васілевіч апусціўся побач, Нямкевіч — насупраць, на працёртым крэсле са скуранымі чорнымі падлакотнікамі.

— Ну што, э-э, прывяло вас сюды? — прыплюшчыў калючыя вочкі, праз вузкія змяіністыя шчылінкі зірнуў на ix Скураны.

— Што цяпер рабіць, дзядзька Рыгор? — запытаў Васілевіч.

— Чаму — «цяпер»? — ажывіўся той.

— Кажуць, будуць наступаць немцы...

— А што ж вашы гаспадары? Не будуць абараняць нас, Расію?

— Савецкія ўстановы ў Мінску пакуюць ужо валізкі...

— Дык i вы бяжыце з бальшавічкамі! Імкніцеся да Леніна, да нашых землячкоў Чарвякова i Жылуновіча, якія трохі пастагналі ад нашага ўсіхнага болю, пашумелі дзеля прыліку i пайшлі ў лёкаі да Саветаў!

— Мы не хочам адступаць з бальшавікамі.

— А! — падскочыў Скураны, нервова i дробненька затупаў па пакоі.— Апякліся!

Васілевіч i Нямкевіч, быццам шкоднікі, паапускалі галовы.

— Так вам i трэба, даверлівыя авечкі! — гневаўся Скураны.— Жніце тое, што самі пасеялі! А якраз жа вы летась, улетку, настроілі ўсіх нашых супраць мяне, адабралі старшынёўства, якраз вы першыя тут пабеглі на паклон да бальшавікоў! — Развёў рукі.— Наце! Ешце! Любуйцеся двудушнікамі i гандлярамі!

Запыніўся, сеў на канапу.

— Ці, можа, я незаслужана абражаю дабрадзеяў? — ухмыльнуўся.— Што там такое, што яны гвалтоўна зрынулі законны Часовы ўрад, a нядаўна разагналі Устаноўчы сход, якога чакала ўся Расія?! Хіба так ужо важна, што сабраліся лепшыя расійскія розумы, каб паразважаць, вызначыць, што i як рабіць далей?! Не! Яны — самыя мудрыя, гуманныя i талковыя! А можа, э-э, спадары, я перабольшваю, можа, не страшна, што забіраюць руль толькі ў свае рукі i змушаюць усіх астатніх скакаць над іхнюю дудку?!

Васілевіч i Нямкевіч зацята маўчалі, хоць іншым часам маглі б сказаць i тое-сёе насуперак, цярпліва чакалі даверу.

Скураны ж не заціхаў, бушаваў:

— Ці мо, э-э, я, стары дурань, не разумею: там, куды нас гоняць ca штыкамі, будзе зямны рай? Так? — запытаў, зрабіў паўзу, а пасля ледзь не спапяліў ix гнеўным позіркам.— Тады патлумачце, калі ласка, што гэта за рай, заснаваны на крыві i слязах?

Васілевіч i Нямкевіч па-ранейшаму, як громаадводы, бралі на сябе гаспадарову гняўлівасць.

— Я, э-э, не штудзіраваў іхняга куміра Маркса, але адзін сталы эканаміст нядаўна сказаў мне: марксізм — пятая іудзейская рэлігія ці тэорыя,— далей выгаворваўся Скураны.— Спроба па-новаму (ужо не з хрысціянскіх, а з палітычных i эканамічных пазіцый) ператрэсці ўсё ў свеце, зляпіць такую мадэль, каб ёй спавіць свет, як немаўля. Сапраўды, што гэта i дзеля чаго: класавая барацьба, сацыяльная рэвалюцыя, дыктатура пралетарыяту, адмена прыватнай уласнасці, інтэрнацыяналізм i іншыя іхнія лозунгі? Ці не задумана тут найперш тое, каб нацкаваць гультая i няўмеку на дбайнага гаспадара, знішчыць яго, разбурыць нацыянальныя капіталы, дзяржавы, нацыі, культуры, сагнаць увесь людскі род у адзін абязлічаны статак, заняволіць катаржнай працаю ды кіраваць з бізуном i пернікам? I пасля, што гэта за запаведзь: «Весь мир насилья мы разрушим до основанья, а затем мы наш, мы новый мир построим...» Які гэта будзе новы свет на развалінах цывілізацыі?