Выбрать главу

Рыгор Барадулін

Свята пчалы

Старонкі з кніг

Падрыхтаванае на падставе: Барадулін P. Свята пчалы. Выбраныя вершы i паэмы. Мн., «Маст. літ.», 1975. - 400с.

Рэдактар П. Ф. Прыходзька.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

МАЛАДЗІК НАД СТЭПАМ

1959

* * *

Як захлынуўся ад радасці жаўранак, Славячы сонца вясновага дня, Як па куп'і на балотных выжарынах Мякка хрумсціць пад нагою сушняк;
Як па-над ярам пад ветравым подыхам Вольха сухая рыпіць і рыпіць, Як адвячоркам над соннымі водамі Каня ніяк не дапросіцца піць,— Тры гады я не чуў.
Як засінелася возера чыстае, Во маладая красуня вясна, Каб падсініць аблачынкі пушыстыя, Сінькі ў ваду сыпанула спаўна;
Як палахлівым дзіцём устрывожаным Хмель каля вольхі абвіўся вакол, Як у бары, бы маленькія вожыкі, Шышкі хваёвыя ўсыпалі дол,— Тры гады я не бачыў.
Як над бруістаю быстраю рэчкаю Пахнуць лілеі, аер, i чарот, І першацвет далікатны парэчкавы, І чарназём той, што вывернуў крот,— Тры гады не ўдыхаў.
Зноўку ступаю знаёмымі сцежкамі, Босай нагой паўтараю сляды. Кветкі мне ўслед пазіраюць усмешкамі, З тымі ж, якімі глядзелі тады.
І крапіва маладая стрыкаецца, Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін. Ем я капусту трыгубую зайцаву, Гладжу змарожаны ліст журавін.
Ясны блакіт вам, прасторы зялёныя, Хай жа над вамі з зары да зары Радасна жаўранкі звоняць залётныя, Сонца гарыць!

БАЦЬКУ

Не выйшаў ты і ў гэты раз Мяне спаткаць, паднесці рэчы... Ля весніц толькі зноў твой вяз Крануў галінамі за плечы.
Ты мне не падасі рукі, Глядзіш удаль з-за шкла партрэта. Ці бачыш, вырас сын які? Скажы хоць слова для прывета.
А я... чакаў з усіх дарог Цябе ў сорак чацвёртым... летам. Калоны ні адной не мог Я прапусціць з ахапкам кветак.
Хацелася пачуць: «Сынок...» I крыкнуць радаснае: «Тата!» Бацькоўскім быў мне кожны крок. Усё ішлі, ішлі салдаты...
Каторы раз сыходзіў снег... Дамоў вярталіся суседзі. Я кожнаму насустрач бег І чуў кароткае: «Прыедзе...»
Калі ж у крыўдзе мне сябры Гразіліся падчас бацькамі, Тады хацелася наўзрыд Заплакаць шчырымі слязамі.
Не плакаў я — усім на злосць, Бо ў хаце быў адзін — мужчына. Не йшоў ты... Маці маладосць Глыбей заворвалі маршчыны.
І зараз — еду я здалёк, Чакаю ўсё — зайду, а маці Мне скажа: «Пазнаеш, сынок? Вось наша ўся сямейка ў хаце...»
Паверыць цяжка мне таму, Што больш не прыйдзеш ты дадому. А шапку я заўжды здыму Перад магілай невядомай...

ДОМА

Якая радасць у мяне, Калі дадому завітаю! Тут ні адзін не абміне, Пагутарыць i распытае.
I як жыццё, i як настрой, I чым я маю нахваліцца... — Зайшоў бы па бліны,— парой Мне кіпе цётка-жартаўніца.
Суседка ўспомніць, як сама Маю калыску калыхала, Як прыгажэйшае імя Яна мне колісь выбірала.
А то заўважыць: паплячэў, Прыгнуўшыся, заходжу ў хату. I, быццам так, дадасць яшчэ, Што нарасло дзяўчат багата...

ДОБРАЙ РАНІЦЫ!

А птушкі расстанне прарочаць. Зара маладая займаецца... Кажу я табе: — Добрай ночы! Хоць трэба казаць: — Добрай раніцы! І вочы ўглядаюцца ў вочы, Вясёлыя, шчыра ўсміхаюцца. І кажуць яны: — Добрай ночы! Хоць трэба казаць: — Добрай раніцы! I рукі разняцца не хочуць — Мацней яшчэ толькі сціскаюцца. I кажуць яны: — Добрай ночы! Хоць трэба казаць: — Добрай раніцы!