Выбрать главу
Непаседа, даўгацыбы бусел — Даўняе вясны забыты сон. ...Я злавіць яго за хвост цягнуся, Дражніцца i уцякае ён. От, здаецца, ушчамлю пад паху (Лугавінаю бягу наўпрост). Нада мною— крылы белым дахам, А перад мною— чорны хвост... Змораны, я доўга плачу потым. Суцяшаць стараюцца усе: — Бусел ходзіць у чырвоных ботах I табе такія ж прынясе... Горбіць плечы гора, горбіць праца. Усяго спаўна мне лёс паслаў... Вось ужо i скроні серабрацца. Ды яшчэ й цяпер лаўлю бусла. Ну, па гэты раз вярнуся з птахам — Я ж за ім прайшоў багата вёрст! Нада мною — крылы белым дахам. Паспрабуй злаві бусла за хвост...

* * *

Дарога такая, што мала веры, Гарантыі болей — трымацца аберуч. Якая дарога, такі i аўтобус, Ды лепш дрэнна ехаць, чым добра топаць. Заняты кожны сваім пасажыры: Хто дэтэктывам, хто — булкай з сырам. Ды ўперадзе — раптам! — на ўсю дарогу Месяц заняўся вялізным стогам. Стог загарэўся, палае па ўзгорку. Вунь пакацілася іскрай зорка. Змоўклі кпіны, змоўклі жарты. Вачэй не зводзіць ніхто з пажару... Шпіён не злоўлены, сыр не з'едзены — Глядзяць на поўню, як на агледзінах На маладую радня жаніхова. I больш пі гуку, i больш пі слова... Мяняюцца самыя хмурыя месцамі — Хочацца ўсім быць бліжэй да Месяца.

ВАРШАВА

Панна Варшава не раз вырашала, якія туфелькі ёй даспадобы, якой дарогай ісці да свабоды. Плыла між чаротамі льдзінкай падталай, Зачароўвала Напалеона таліяй. Як Елена з Парысам, панна Варшава какетавала з Парыжам. Падымала кілішак на ножцы гранёнай, Цягнік варожы перакуліўшы, гладзіла ствол варанёны... Вайна адгрымела — пані Варшава Стаяла каля варштата. Меней у супе стала мяса, Затое з-пад броў насупленых зноў усміхалася Старэ Място... Лютуе Шапэн у Лазеньках пад хмарай павіслай. Травою трывога пазарасла. І хоць сірэны сышлі з арэны — Ca шчытом i мечам выйшла на бераг Віслы русалка вайсковапавінная — Сірэнка. У паненкі выстрачана дзявочая сукня радком міцкевічаўскім вершаваным. У тужурцы будзіла планету сумную дачка яснавокая — «Варшавянка». Мне плыць бы па Вісле ўспамінаў чоўнам! Як Верш нарачоны, шапчу ёй: «Сава...» Hex мі даруе панна Варшава.

САФІЙКА

Не скажуць у Полацку: — Сафійскі сабор. Тут яго называюць ласкава: — Сафійка... Так партызаны сваіх сувязных называлі. Так гукаў я калісьці дачку суседскую. Храм святое Сафіі — Сафійка... цягне ў неба рукі, як дзве тапалінкі сухія, просіць, каб не ўдарыў пярун па заготзярноўскіх засеках. Хлеб надзённы — ячмень i жыта яна засланяе ад лютых ліўняў. На абкутых дзвярах вуха прабою адцягвае замок пудоваю завушніцай. Васпаватая ад асколкаў i куль, на свет Сафійка глядзіць вачыма цнатлівымі. Здалёку, з адзінаццатага стагоддзя, вечарам сон да яе прыходзіць І аж да раніцы сніцца. Пахам нязвыклым вецер дыхне з Нафтаграда — прачнецца Сафійка: стаіць незнаёмец, ад нафты бліскучы, як грак на праталінцы. Дзе яна, доўга Сафійка не разумее, здалёку ў раніцу гэту вяртаецца. I толькі такі ж ружаваты, як дзевяць стагоддзяў назад, туман над Дзвіной разамлелай...

* * *

Касцёр, што грэе азяблы вечар,— Нібы касцёл сярэднявечча, Які шпіляў чырвоныя языкі Узносіць у вышыню. Яліны хіляць галіны — Моляцца богу агню.