Выбрать главу

* * *

Смуткам i радасцю чалавечаю возера Вечалле поўніцца. Помніцца шмат чаго. Шэпча трывожна чарот, ветрам раскалашмачаны: Заплываюць смалою ствалы сосен, асколкамі панявечаных. Вечалле! Карміла ў голад, было i фронтам i тылам яно. Лашчыўся ў партызан каля ног агонь кудлаты. З Вялікай зямлі пасланцам крылатым абрус бялюткі Вечалле рассцілала. Для хваінак-малютак, у якіх пакрэплі маладыя пальчыкі, калыханку спявала. У памяці ўсплываюць стагоддзі дубамі набраклымі. Сядзяць уначы Пугачы спакойныя, як аракулы... Во! Недзе качка закракала. Птушцы пара ў гняздо, а мне — дадому. Аўтобус «Полацк — Міпск» прыйдзе раніцай а 9-й гадзіне. Вечалле, да сустрэчы!

ЦЫМБАЛЫ

Матылёк на калені прысеў, раскрыліў крылы: два заспаных лугі ў расе, дзве аблачынкі-крыгі; дзве паляны заснежаных, дзе, як бежанцы, як пагарэльцы, асіны, ад холаду сінія, не могуць пагрэцца, дзе старонкі разгорнутай кнігі стагоддзяў, сівых, як туманы, над якой лямантуюць кнігаўкі, яе маланкі пішуць, чытаюць яе перуны. Па звонкіх промнях, па ліўнях тугіх ударыў кручок — i ўмомант, як рэчка на досвітку ў берагі, у сэрца грукнула песня знаёмая... Вятры! Я вас заклінаю, прашу, як братоў, слухайце ўсе, слухайце ўсе! Не асыпце расу лугоў, якую песня да сонца нясе...

ЗАБЭЙДА-СУМІЦКІ

Успаміны вяртаюцца з выраю на паляну роднага краю, дзе зноўку зацвіў забыты сунічнік. Усіх, хто радзімы выракся, карае Забэйда-Суміцкі. За-бэй-й-д а-Сумі-і-цкі I Гэй-й,— да-лёкае рэха коціцца. Песня матчына лашчыцца лапкай вярбовага коціка. Калыханкай Забэйда-Суміцкі калыша смутак свой i ўсіхні. I зноўку пагодзіцца колішні веснавы, без ніводнай хмурынкі, блакіт летуценняў сінютка-сіні. Самотная песня Забэйды-Суміцкага сумуе па Беларусі,— яна ж не беларучка. Яна ж прывыкла араць i сеяць у кожным сэрцы зярняты надзеі. Спявае Забэйда-Суміцкі. Раніца. Сумненне з сумленнем раяцца. А смешны на лузе сумнік лічыць сумна свае дукаты. Зямны паклон Вам, Забэйда-Суміцкі. Вярнулася песня дахаты...

КУПАЛЯНЯТЫ

Ядзвізе i Янку Раманоўскім

Бацькоўскае зямлі скупыя ляды, Вясновы парастак для вас — нялішні. Тапалянятамі купаляняты Каля таполі гордай узняліся. Іх песня дзядзькі Янкі калыхала. Яны да нас данеслі шум зялёны, Дрымотныя віры вачэй Купалы, Ілба немаладую задумённасць... Ідуць здалёку чыстыя крыніцы. Над імі векавая заціш дрэмле. Няхай галініцца i караніцца Пявучае купалаўскае дрэва!

* * *

Гэта расказ пра коніка пра зялёненькага i тоненькага, Братоў яго ў лузе спаткаеш са звонкімі капыткамі. Расказваў мой сябар з флоту гандлёвага. ...Чырвонае мора карабель выгаблёўваў. Ад спёкі нават чайкі каналі. Ноч на борт узялі мы ў Суэцкім канале. У труме млосна, бы ў пашчы кратэра, выходзім на палубу — зоры кратаем. Месяц — ілюмінатар надраены. Неба — трум велізарны, лямпачкі — зоры. Настрой так сабе. Курс правільны. Плывём па воднай прасторы. Канал прысмірэў, лёг зялёнай тоўшчаю. На Месяц глядзяць арабы-швартоўшчыкі, не зводзяць воч з карабля, з нас, маракоў савецкіх; спачатку мы ix узялі, потым ноч у канале Суэцкім. Пахне пагрэтая фарба, жалеза. Ды голас танклявы цішу прарэзаў, бестурботна вясёлы, прарэзаў далі,— здалося, што нам, сасмяглым, падалі з халоднай крынічнай вадою конаўку. Ну як не пазнаць спевака нястомнага коніка? Прыехаў, напэўна, ў араба па робе, яўна арабскае вымаўленне. На палубе недзе зашыўся, маленькі, ды што ён з намі ўсімі робіць! Нясуць яму бульбу, капусны ліст. «Есці бульбы не будзе — сырая»,— нехта пярэчыць, a журналіст, што з намі едзе, на ўсіх пазірае ды нешта ў блакнот занатоўвае. Мы слухаем коніка, згрудзіўшыся натоўпам.. Мне ён, вядома, напомніў Ушаччыну: ...змрок па іржышчы ідзе з асцярогай кашачаю Як певень на курасаднік, сонца за лесам села пахне падвялае сена, пырскаюць, скачуць конікі, як са скакалкамі школьнікі. Іржышча злое. Покуль зялёнага зловіш — калені i рукі зялёнымі стануць. Ляжаш спаць, а ў запеччыку несціхана недалёкая конікава радня цягне песню сваю да дня...