Выбрать главу

ПАМЫТАЯ ПАДЛОГА

Толькі што намытая падлога Пачынае пахнуць борам густа. Зноў, здаецца, слухаеш падоўгу, Як звіняць галін сасновых гуслі.
Млосна ад малін у расцяробах. Дзяцел грукне ў цішыні чмялінай. Выцірайце ногі. Асцярожна! Вы ступаеце на вершалінах!..

МАТЫЛЁК

Б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі, Сінякрылы матылёк. Максім Багдановіч
Лілею млявы плёс люляе, З-пад злежаных аблок здалёк Ляціць віхлясты i бялявы Пялёстак лёгкі — матылёк. Ён кліча у блакіт лілею, Каб не любіла больш да слёз Бліскучы ад лускі i глею, Самлелы, абмялелы плёс, Дзе лашчыць цёплай ласкай хваля Лінёў — злянелых цельпукоў, Паблісквае няблізка далеч, Дзе ў іле не злічыць малькоў.
Дзе глыб угнеўлена шыпела, Калі на хвалі лівень лёг... Засумавалы, белы, белы, Ляціць удалеч матылёк...

ПАЛЯЦЬ БУЛЬБОЎНІК

Калі разыходзяцца лета з восенню палюбоўна, а бульбянішча на зіму яшчэ не пераворана, зграбаюць у кучы, паляць бульбоўнік. Іскры лятуць і блякнуць патухлымі зорамі. Дым спачатку рвецца ўгару, ды перадумвае неўзабаве,— нізам, лагчынай прайсці захацелася. Барана, што ляжыць дагары зубамі, як вожык той, абчаплялася лісцем зжаўцелым. Сланечнік галаву цяжкую праз частакол прасунуў, грэецца — холад даймае патроншу. Лятуць журавы над Ушачай з курлыканнем сумным, ляціць наўздагон ім ціхае: «Пуцём-дарожкай!» Нa возе едзе мох баравы, запалы лістам, ігліцай, дым следам ідзе, i конь галавою матляе стомлена. З раніцы хмурыцца, хмарыцца, пад вечар — імгліцца. Журавель над студняй прыгнуўся — нізка над восеньскай столлю. Я гэты ціхі дым на смак i навобмацак ведаю, яго я ні з чым не паблытаю, любой парою, дзе б ні быў, адусюль па ім, як ганчак па следу, дарогу дадому знайду, да матчынага пapoгa.

ЛОДКІ

Міхасю Стральцову

Прыбіўшы да берага чарот патрушчаны, Засынае возера, ад сіверу сіняе. Стамлёна дыхаюць хвалі, як грузчыкі,— На плячах гарачае сонца насілі. Нерастуюць ільдзінкі халоднымі плоткамі, Азябламу поўдню ў хмарах не ўгрэцца. З возера пад паветку плывуць на калёсах лодкі, Як даўна ix сёстры далёкія «з вараг у грэкі». Азалелую песню зацягнулі вятры-музыкі. A заплывалі ж лодкі за далягляд невядомы. Зараз плысці ім па возеры нецярпення зыбкім Ад берага ледаставу да берага крыгалому...