Выбрать главу

* * *

Мядок саладок,

Віно зеляно...

Гэта нядаўна было Ці даўно? I чыя ў тым віна: Салодкага мёду Ці маладога віна?
Лясны званочак — Сіняя стопка. У сіняй сукенцы З-пад Татру эстонка
Вайка, У перакладзе прыблізным — Валя. Пчолы губы нам апяклі Мёду панікадавалі. Ці гэта вуллі, Ці нашы галовы гулі?..
Веек густых тваіх чараты Шумелі над тонямі сінімі... Вайка, На ичол не забылася ты?.. Чараты... Зялёныя чараты... Хай шумяць, хай не ведаюць сіверу...

* * *

Драч хрыпіць у густым тумане, Быццам хто яго, дурня, рэжа. Я прыслухаўся — праз мяне
Прарасла Белавежа. Аплялі мяне карані — Працавітыя вязні зямныя. Ты галіну адну крані — Пушча ўся ува мне заные. Мне зязюлі не злічаць вякоў, Дзяцел грукае — мне у грудзі. А вятры, карагодам, вакол Ходзяць-ходзяць i сон мой будзяць. Быстрай ластаўкай, як стралой, У мяне вольны вырай стрэліць — Сонца з песняй зялёнай, старой Узніму на зялёных арэлях. У крыніцах крутых завару Хмель вясновы з зялёнай пенай. Пад вірамі нямых завірух Ува мне навальніцы спеюць...

САДЫ

Сады — жывучыя народы Зялёнага мацерыка. Не абміналі іх парогі, Кашчавай засухі рука.
Узяць было нялёгка сілу, Бо войны йшлі, як дзень за днём, Адна марозам ix смаліла, Другая — нішчыла агнём.
Ды выжывалі, як салдаткі, Глядзелі яблыні ў блакіт. І не ад яблык — ад падаткаў Трашчэлі іхнія сукі.
Сякера секла, грыз іх заяц. Ды толькі гэткія сады: Вясна прыйшла — i зноўку завязь, І зноў надзея на плады...

НЕРУШ

1966

ВЕЧНАСЦЬ

Мне ясным сонцам лес наканаваны — Не ведаць змрочных лёхаў нематы. З табою кожным нервам знітаваны, Не, Вечнасць, я ў цябе не наняты! Зязюлямі гадоў пракукаваны, Бор галавы маёй аснежыш ты i ўладна пакладзеш на лоб круты Зямныя, ўпартыя мерыдыяны,— Мяне не ўстрашыць захад залаты. Да зор скірую думак караваны, Арлы іх прывітаюць, як браты. Не знікну так, як цень, як гук пусты. Не адцвітуць вачэй маіх паляны, Прабіўшы жвіру мокрага пласты.

ВЕРАСОВАЧКА

Іду, Лагчынка перасохлая Ледзь папярхнулася расой. Ці прымеш госця, Верасовачка — Дачка вясёлых верасоў?
Тут, помніш, Нам ва ўсім паверыўшы, Жылі суседзямі лясы. Цвілі у бацы-сі вочы верасам Ад слова ранішняга — «сын».
Прыйшла пад хату грушка дзікая, Ледзь я свой год другі сустрэў. А ходзікі на сценцы цікалі, І падалі дажджы са стрэх.
Тут, як у казцы, ў лядах восенню Карову пасвіў кот Мірон, Лісіца пеўня з дому зносіла I вечар глух ад камароў.
Мяне купалі у ліповачках, У бацькаў торкалі рукаў. Калыску маладзік да поўначы На вострых рожках калыхаў.
Ноч, як малога, хутар хутала Аўчынай жнівеньскай імжы. ...А сёння грушына без хутара Стаіць бабылкай на мяжы.
А сёння зацвіла ігрушына За трыццаць год упершыню... Чым гэта вока запарушана? Хто там парушыў цішыню?..
Схіляю галаву з пашанаю, Адсюль нясу ў трывожны шлях На кожнай далані па жаўранку I па хмурынцы на плячах...

ГОД

Анатолю Вялюгіну

I
Заспаныя прачнуліся грымоты — І кнігаўкай спявае лазіна, Самлелая ад леташняй спякоты, Абложная дыміцца баразна. Шчэ гнёзды стылыя, пустыя соты, А ўжо ад слоў хмялее да відна І ні пра што не думае вясна — Дачка гарачай ласкі і пяшчоты.