Выбрать главу
У вочы зазірні — не ўбачыш дна. Далёка недзе прыпар i турботы. Гуляе дзеўчына, пакуль адна... Цяжарнее калоссем цаліна. З гнязда глядзіць пухнацік жаўтароты Клапоты ад цямна і да цямна.
З далёкага цяплыньскага павета, Пакінуўшы ржавець з'араны плуг, Спатнелае, расхрыстанае лета Прыйшло — i луг ад конікаў аглух. Смугою ахінулася планета. Займае дых гарачы кменны дух. Дзе воблачка, дзе дзьмухаўцовы пух? I просінь просіць шырыні ў прасвета.
Ад завірух калючых пацярух Наскрозь дарога ўезджаная ўгрэта. Шчырэе летні дзень адзін за двух. Пал воч вясновых чыстых не патух, Нібы агонь далёкіх зор Сусвета. Падлетак над стагамі робіць круг.
ІІІ
У Белавежы — лосьна, язьна ў Шчарі З лясной крыніцы агнявы глыток. Узважлівая яснасць дзёрзкай мары І стрыманасці першы халадок. Сігае ястраб думкі праз гушчары Над зброснелаю зацішшу заток. Перакідае восень жоўты ўток I, па традыцыі, згушчае хмары.
Разблытаць хоча бліскавіц маток Рабінавая ноч. Рабін стажары. Лядком на лузе шкліцца капыток. Сівее ржэўе. Звонка стыне ток. Пяро раняе вырай на абшары. Рунь прагавіта цягне зябкі сок.
ІV
Зажмурылася смачна аканіца. Спіць на пярынах белых цішыня. А сіверу ссінелая сініца Ніяк не можа дачакацца дня. Рацэ, як рыбаку старому, сніцца Прыцмок саміны, стылы лёд ліня. У дуба-ведуна з-пад караня Прабілася бруістая крыніца.
Ляціць адліжны каркат варання З яліны, што стаіць, нібы званіца. Сядлае ўсход гарачага каня, Штораз вышэе ў сонца вышыня. I першапутак неба рэжа ніца Палосак рэактыўных палазня.

МАЯ MOВA

Сцвярджаюць гісторыкі i мовазнаўцы, Што паступова сціраюцца грані нацый І, нібыта як перажытак, аджыць павінна абавязкова Мова маці маёй — беларуская мова, Што мне, як імя ўласнае, блізкая і знаёмая, Што па жылах маіх цячэ і сонным Сажом і Нёманам. Я чакаю часіну сябрыны людской, Але не згаджуся, што родныя мовы луской Былі на рыбіне чалавецтва, Якая ў вечнасць плыве акіянам вечнасці. Галеюць увосень гаі-касмачы, Па вясне расціскаюць лісты Свае кулачкі маладыя. I калі нават мова мая замаўчыць, То не зробіцца мёртвай латынню. Словы, дзе кожны гук Азяблай сініцай цінькае, Не стануць тэрмінамі медыцынскімі. Гэтыя словы Павінны вывучыць будуць нанова, Каб даведацца, Як Русь мая, белая Ад вясновай наквеці І касцей няпрошанай набрыдзі З-пад чарапастых свастык, Вольнай воляй сваёй даражыла, Як з братамі і сёстрамі Шчыра дружыла. Калі мова мая Уліецца ў агульны людскі акіян,— Пацячэ ў ім, стрыманая, Цёплым Гальфстрымам. i будзе мне сэрца грэць Кожным ашчаджаным словам, Мая спрадвечная Беларуская мова!

ЛЯСНАЯ ДАРОГА

А лес туманом затоплены. Не дужа спяшаецца дзень. Рэха ў мяккіх пантопліках Падмоклым мохам ідзе.
Рабынечка-арабіначка, Нібы з падлёднага тхла, З заглушы летняй прабілася, Вырвалася да святла.
Сівер здалёку дыхае, Ашчэрыў сто дваццаць зяп. Стынуць выбоіны ціхія, I ліст перажоўклы азяб.
Дарога знянацку заломіцца, Выгнецца палазком,— Дрыжыць на яловай далоні Саломінка З абмалочаным каласком...

* * *

Я, малада, не ведала, Ці было лета, ці не было?.. З народнай песні
Ліст высах, ззалелы,— Бляшаны скрогат. Бабіна лета, Белыя скроні.