Выбрать главу
Kacy на атаву Памалу клепяць — Касьба не тая. Бабіна лета.
Застылая кропля Ліпнёвага воску — Лета кароткае, Лета — ўвосень.
Далёка ліўні, Шаленства залевы. З жалем шчымлівым Маміна лета...

ЛІСТОК УШАЦКАЙ ВОСЕНІ

Раўчук заспаны вёў лагчынкай, Залелі камянькі на дне. Павесялеў мой шлях. Ляшчыннік Заднеў у сінім тумане. Расой, раскідзісты, апырскаў — Злую. Ды тут, як сябруку, Лісток цялячай мокрай пыскай З даверам торкнуўся ў руку. Раўчук ужо звініць рачулкай, Дарую мокрым верасам. Так па-цялячаму расчулены, Што замычу, здаецца, сам...

БЕЛЫЯ НОЧЫ

I
Пошчак ушчэнт пашкуматаў Сонную млявасць спакою. Коннік скача наўскапыта — Кохкаюць лёгка падковы. Мядзведзь абнюхвае чалавечы след, Ашчэрана пашча багны іржавай. Коннік спяшаецца апавясціць свет Пра маладую дзяржаву, Зямлі не кранаюцца капыты — Вякоў абагналі многа. Коннік, хачу папрасіць, каб ты На міг суняў варанога...
ІІ
Атланты — інваліды Вялікай Айчыннай вайны Аднарукія, аднаногія. Даўно на заробкі ў горад прыйшлі яны З-пад Полацка, з-пад Ноўгарада. У кружалах развязвалі торбы цішком, Вячэралі прадубленай саланінай. Шукалі работы самай цяжкой Ільновалосыя Селянінавічы. Аднавяскоўцы касілі густы мурог, А яны ў маўклівай згодзе Падставілі плечы пад глыбы муроў У тысяча сямісот далёкім годзе. Паспрабуй на плячах горад трымаць. Не дачакалі падмены. Каменная не адпускае турма, Самі сталі каменныя. Маўкліва церпяць парабкі вякоў — Ні продыху, ні адхлання. Я пазнаю сваіх землякоў. Ну хто ix назваў атлантамі?
ІІІ
Чэрвень баіцца ступіць на пракосы, Зламаныя падымае званочкі. Дзяўчаты на Белай Русі чэшуць русыя косы. У Ленінградзе Белыя ночы! Белыя ночы! Беглі ногі, Пакуль масты не разведзены. Ад любага шлях дадому доўгі — Дабраліся ледзьве... Белыя ночы,— ці гэта блукае Белы мядзведзь на полюсе? А можа святло вачэй, што патухлі ў блакаду, Асвяціла раптоўна Марсава поле?.. Ты не спяшайся, румяны ранак! А летняй ночанькі не надточыш,. Вачэй каханай сіняе ззянне. Белыя ночы, белыя ночы...

* * *

«На Беларусі Пчолы, як гусі»,— Прыгадваў зямляк у выраі. Зоры спелі, зоры гаслі, Мох зязюльчын рос на вываратнях. «Ем сырую зайчыну Ды люблю Айчыну!» — Прысягаў паўстанец нябёсам. Дзверы дню маладому расчынены — Расой ішла песня босая: «Я здыму парчу, Ножкі абвярчу... Песню азяблую Сагрэць хачу...» Торкнецца ў крыгу лыч карасіны, Сонную роўнядзь успеніць. Згару я на вейцы тваёй расінкай, Беларусь — мая мова і песня.

ШАПКА

Усю зіму з апраткаю забытай, Як у глухім бярлагу, ў шафе спіць — Не маладая ўжо аладка-шапка, Саперніцу вушанку ненавідзячы. І толькі аднаго яна баіцца, Каб гаспадар вясною не надумаўся Аддаць яе вароне на гняздо,— Не паўтарыць бы сумны лес бабулі.
...Зайшоў з марозам гаспадар у хату І моўчкі, стомлены, за стол садзіцца.
Калі, бывала, летам ён палуднаваў, Ляжала на краі шырокай лавы, А гаспадарскі сын яе прымерваў. З-пад доўгага брылька ружовашчокі Глядзеў малы, як яблык з-пад лістка. Свяціўся бацька ўсмешкаю шчаслівай.