Выбрать главу
Чаму брылёк так напал надламаны? На золку гаспадар устаў, каб сеяць. Шчырэў уночы дождж—І, як вашчыны, У соты ўсю раллю парашаціў. Было на ўскоце сонца. У кішэню Яе паклаў таропка гаспадар I прывітаў з пашанаю Ярылу Ды папрасіў, каб ярыне спрыяў ён.
А што вушанка? Апусціўшы вушы, Усю зіму праходзіць. Незайздросна! Лютуе Люты, сцюжыць Студзень. Снежань І той гады ў рады бывае ціхі...
Зух-Сакавік яе цярпець не можа, Хоць ён падыме вушы гэтай соні. Ледзь сонца ласкавейшым вокам гляне, Аладку-шапку ўсторкне на хапку.
Ну, а ў Красавіка па-кавалерску Яна ляжыць—на чубе і на вуху. Май ветраны—штоноч чакай у хаце, Пакуль яму кудлаціць чуб каханка,
...Выходзіць гаспадар, і дзверы ціўкаюць.
Ну, як не ўспомніць Чэрвень загарэлы! Дакошвае лугі — знаходзіць гнёзды, Кладзе ў яе цяплюткіх птушанят.
Брылёк сасмяглы Ліпень перакручвае І нагінаецца крыніцу выпіць. Не спіць у шапку, носіць яе радасны Вусаты Жнівень ледзь не на патыліцы.
Праводзячы вачыма вырай сумны, Яе рукой прытрымлівае Верасень, Нідзе не забываецца Кастрычнік, Нацягвае на вушы Лістапад,
Яна прапахла вапнай і зямлёю. Зрабілася ад ліўняў і ад сонца Якраз як сівагракава крыло... Што апроч снегу бачыла вушанка?
Апошні раз ішлі з гаспадаром І на яе лісток чырванацыбы Апаў, як той падлётак на буслянку, Азяблы, кволы і такі дурненькі...
Апрыкла ўсё, хутчэй бы Сакавік, І, безумоўна, ён па даўняй дружбе Гаспадару напомніць пра яе. Якія ж дні ў вушанцы непаваротлівыя!

ДЗЯТЛІНКА

Уладзіміру Караткевічу

Дасвецце займаецца ціхае. На лістах раса халодае Узбегла на ўзмежак, задыхалася Дзятлінка белагаловая —
Пляменніца дзятла белагрудага, Унучка завеі ўскудлачанай. Сукню, што зелянеецца рутаю, З канюшынай купіла ў складчыну.
Ля дзяўчынанькі шчырэюць з раніцы Чмялі — сваты басавітыя. Адвячоркам туман стараецца Ногі ўхутаць світкаю...
Навальніца прасторы вымые — І дзятлінка зноўку клявае. На чужыне асветліць сны мае Сваёй галавой бяляваю.
Дзятлінка снежнарутая, Я к сляза па Радзіме, чыстая... Таксама i Беларусь мая На ўзмежках цвіла i выстаяла.

СТАРЫ ЛЯСНІК

Не прачнуўся бор. Залачае. Песні дрэмлюць пад цёплым крылом. Мох паклычан лычамі — У шкоду дзікі ішлі напралом.
Стары, увесь як ячмень пераспелы, Ляснік сонца будзіць брыдзе. Следам туман — белы-белы, Заблытаўся ў белай барадзе. Рукі старога дрэвы гаілі, Як пеўня, за глотку бралі агонь,— Тысячарука сосен галіны Паўтарылі рукі яго. Калыханку спяваў сасёнкам. Хутаў немаўлят у халады. Зеленакрона i сёння Шуміць голас яго малады... Грыбы пайшлі. Жыве з аброку. Сінеецца верасовы сум. Яму пакажа неруш па-сяброўску Апошні ў бары лясун...

* * *

Птушкамі колісь былі цыганы, Лёталі ў вырай, Ды воллі Неяк наелі, I ў неба яны Узняцца не здолелі болей.
Ах, цыганы... Вогнішчы, таганы, Перамяняныя коні. Толькі грывастыя табуны Скачуць па снах неспакойных.
Да скону бясконцы Шляхоў сувой. Зялёная хата — дуброва. Толькі цыганскае Над галавой Вечнае сонца вандровак.
Дзе ні прыстаў — абжывайся наноў I зноў За стары занятак. Калі не пакрыўдзіў бог цыганоў, Дык гэта на цыганятак.