Выбрать главу
Ад вогнішчаў смуглыя, як жалуды, Сняць яны цёплы кухан. Вырай курлыча пра халады Небу на самае вуха.
I цыганам, Сынам зямным, Боязна сытых волляў. Колішнім птушкам, Дорагі ім песня, дарога, воля...

* * *

Ішла над ціхім лесам поўня. Расы чакалі верасы. Пад вербамі ў нагрэтым чоўне Дзяўчына мыла валасы.
Яшчэ худзенькімі рукамі Вязала, мокрыя, вузлом. Усмешка на вадзе блукала. Хмурынкі возера вязло,
Прасілася у косы стрыжка. Шаптала з берагам карма. А косак не хапала крышку, Каб дзве лілеі утрымаць.
Ледзь-ледзь хавалі зайздрасць хвалі, Аж закіпелі у трысці,— Мяне i човен падмывалі ДалЁка з юнай заплысці...

ЗЯМЛЯ

Люблю твой нораў, сцішаны і грозны. Таксама промню кожнаму жадзён. Ты павядзеш плячом — шчабечуць вёсны, Другім — завеі капыцяць загон.
Сама спаткала поўдзень высакосны І мне паслала шчодры вырай дзён. Хай будзе на лугах тваіх відзён, Дыміць не аддыміцца след мой росны.
Я слухаю з табой пчаліны звон. Дзевятым валам узняла барозны І сына сейбіта ўзяла ў палон. Абрусам руні маладой здавён Заслана ты, як круглы стол шырозны,— Для ўсіх павінен быць не цесным ён!

* * *

Шыбы рады ад выбухаў мірных звінець. Плынь закутая глуха ные. Лёд ірвуць на Заходняй Дзвіне — Падпіраюць неба слупы ледзяныя. Узроўі чуюць на вострых хрыбтах траву: З аголенымі мячамі наступае зялёнае войска. Прачынайцеся, слухайце — Лёд ірвуць! Паплыве ён Застылым воскам. Дрэва ракі задрыжала ад вяршаліны да камля. Трэснула кара ледзяная ад нізу да верху. Лёд ірвуць! Неўзабаве зноў загаворыць Зямля На зялёнай мове лістоў, поўнай шчырасці i даверу!

АРЦЕЛЬ ІНВАЛІДАЎ

Нож спатыкаецца. Малаток картавіць. У пярэстрыкі ходзіць дратва. Арцель інвалідаў у кожным квартале Перавышае графік.
Прысмерклі вочы. Скручэлі пальцы. Некалі сумаваць за работай. Успаміны казіную ножку прыпальваюць, Выціраюць слязіну ўпотай.
За вокнамі ходзяць цыбатыя ліўні, Град буйнакаліберны шчапае гонту. Прыхваткамі шые бацька шчаслівы На абедзве нагі сыну Новыя боты.

ПАРТЫЗАНСКІЯ КОТЛІШЧЫ

Тут пагоркі шалямі вагала. І трымаюць счахлае вугалле У зямлі, як скарб апошні колішні, Сем'яў партызан старыя котлішчы.
Пыхнулі з вугалля іскры зоркамі, Партызанам ззялі ў ночы золкія.
Не спазнаўшы месяца мядовага, Яблынькі прачнуліся ўдовымі, Доляй падзяліліся з рабінамі — Дзічкамі агорклымі зрабіліся.

ЛЯСНЫЯ КЛАДЫ

Галін старэчыя рухі. Глушэюць у лесе клады. Крыжы распасцерлі рукі — Заўчасна не пусцяць сюды.
Павук нешта тчэ на кроснах. Маўчыць цішыня штодня. І толькі ў борцях на соснах Прамыслых пчол сумятня...

НЕРУШ

Неруш ранішні — роднае слова, Мне шукаць цябе, покуль гляджў, Пад зялёным крылом верасовак, Пад крысом i спякоты й дажджу.
Слова, што як нарог для ратая, Як для ластаўкі — стромы вільчак, Ад якога на небе світае, Ад якога яснее ў вачах.
A пашчасціць — натрапіцца неруш, Зазвіняць недзе промні наўзбоч. Неруш свой панясу я аберуч, Як слязіну з матуліных воч.
Ад абразы, ад позірку злога, Шлях заблытаўшы для наслання, Неруш ранішні — матчына слова, Мне, як бору, цябе засланяць!