Выбрать главу

МАЯ БАЦЬКАЎШЧЫНА

З суседзямі падзелішся скарынкаю. Адно не ўмееш з торбаю прасіць. Як ластаўка, з падстрэшша рук Скарынавых Тваё крыляла слова па Русі.
Ты бласлаўляла даланёй кляноваю Сваіх сыноў. Слязамі дабяла Бяліла лён на світку Каліноўскаму I ў сны Урублеўскага ты Нёманам плыла...
Зеленакосымі, тугімі сеткамі Злавіла Свіцязь юнакоў спакой. Хоць ён пабраўся з песняю суседскаю, Але вяснянкі не забыў тваёй...
З-пад Магілёва дзед пабег бярэзнічкам, Бабульку аж пад Віцебскам дагнаў,— Цярэжылі цярэжку, а Цярэжкаву Дачку сасватаў віцязь Яраслаў.
Люблю цябе я ў веснавых праталінах, У белай хустцы маладых снягоў. Як на грыбы, багата ты на таленты — Пільней глядзі i нерушы знаходзь!
Радзі, зямля, ты — шчодрая i сціплая. Каб толькі маразоў не знала рунь! Імя тваё нашчадкам з нетраў выплыве — Сівых стагоддзяў рэха: — Бе-ла-русь!..

ПАЭМА ЖЫТНЯЙ СКІБЕ

I
Мой дзед рыжанін Галвіньш, Механік па млынах, На грошы быў не галы I выпіць — не манах. Яго прываражылі Азёры ці ільны? Зрабіўся старажылам Ушацкай стараны. Прынамсі, не малая Заслуга той адной, Якую зваў Маланкай З касою ільняной...
ІІ
Кугікала малое — Мне большала радні. А камяні малолі, Спявалі камяні.
Каціўся верасамі Вясельны каравай: — Ой, дзеўка, абрусамі Застолле накрывай!,.
Ішоў праснак у прымы Да бульбы нацянькі. Андрэева чупрына Бялела ад мукі.
А на млыны куліўся Коўш зорны з-за сяла. Вясёлая Кулінка «Латышачкай» была...
ІІІ
Радні i год нямала Забыўся наш парог. Адно «латышкай» маму Яшчэ завуць парой.
IV
Латышскі стол гасцінны Наноў сяброў сабраў, Як на старым гасцінцы, Завочна тут ад страў. Бі, піва, п'янай пенай, Крышы дубовы склеп. Кляновым лістам, кменам Запах уладна хлеб. ...Над ціхаю сядзібай Сярпок маладзіка. Чаму ж ты з жытняй скібай Дрыжыш, мая рука?..
V
Над ціхаю ракою З далёкай цішыні Забыты млын грукоча, Спяваюць камяні...

ЛЕСНІЧОЎКА ВЭЛДЗІС

А пад вясёлкай-восілкай, Як баравая пчолка, У ясеневай восені Зблудзіла леснічоўка.
Галіны па-над сцежкамі Па сажаню ў размаху. У леснічоўкі ўцешнае Імя — «Прагоніш смагу».
На тое воля восені І залатой завеі, Што Ручайком — Авоціньшам І гаспадар завецца.
Каля гасцей расчуленых Ды каля песні ціхай Плыве-плыве рачулкаю Шчыруха-леснічыха.
А ручаінкай з возера Іскрыцца леснічоўна,— За ёю нашы позіркі, Як Даўгаваю чоўны...
Тут студня знакамітая І ўсім вада да смаку, Ды болей акавітаю Мы праганяем смагу...
Выходжу ў ноч спакойную, Ваду знаходжу неяк. На дне халоднай конаўкі Травінка зелянее...
Падушкі ўзбіла белыя, Жадала: — Лабу накты! [2] Мне ж, як салдату бегламу, Не спіцца доўга надта.
А леснічоўне хораша На мурагу на вышках. Мне ў хаце нешта горача, Я зноў да студні выйшаў.
Сябе я пераконваю, Тут нечая правіннасць: Тры ў небе поўні — конаўкі, На дне па тры травінкі...
вернуться

2

Лабу накты! (латыш.) — добрай ночы!