Выбрать главу

КАРГЫРАА [5]

Уласны голас гучыць незнаёма — Боязна рэху ў гарах начаваць, Чуваць, Блукае са стромы на строму... Мядзведзю старому, Як грузнаму ламу, Нязручна ступаць па ламу — Яшчэ заколеш лапу На сваю галаву. Пасварыўся, відаць, з сябрукамі. Рыкае... Ля абрыву лёг На спякоце. У гулкі лёх Камяні коціць. Пацягне лапай, Звесіць вуха — водгулле доўга вухкае... Настылымі грукаючы кіямі, Здалёку ідзе, Пакланіўшыся акіяну, сівы сівер... Цішыня. Чую, Як у падхмарным чуме Зайчаняткі грызуць Верхавінкі тальніка... — Я песню так зразумеў? — Пытаюся. Суседка вясёла глянула, Ад усмешкі не тоіць вачэй. — А песня простая: «Ехаў-ехаў, Шлёпнуў буланага I паехаў хутчэй...»

МАРАЛУ ЗРАЗАЮЦЬ ПАНТЫ

Дрыжыкі па целе, Марал пацее У тры паты. Панты Зразаюць Нажоўкай. Капыты Б'юцца на жоўклай Траве... Трывае... Рэжце ж! Ці нажоўка тупая?! Нарэшце!.. На свежым пяньку выступав Жывіца чырвоная... Выпусцілі З загона! Грукнулі Усе закладзіны суха. Рвануўся... Замёр... Прыслухаўся... Страх яшчэ казыча Пахвіны. Трасянуў галавой па звычцы, Што рогі там быць павінны,— Няма ix! На міг Нямая Цішыня. Толькі кедры шумяць. Больш Не суняць! Раскручваецца пружынай напятай Увесь балючы, Безабаронны, Лабаты... Ад абразы заб'ецца Пад кедры густыя. I покуль Боль не Астыне — Не зварухнецца, не тропнецца, Каб не ўпала На свежы пянёк ані кроплі... Адстоіцца Сум у вачах, Як змрок у цесных прагалах. Нават пысы гарачай Не астудзіць вадою крыніц... А побач Яго сябры З маладымі Рагамі будуць гнаць маладых аляніц...

АДАМ I ЕВА

Пакуль далёка спіць залева І сопкі песцяцца ў смузе, Яны ўдваіх, Адам і Ева, Капаюць бульбу у тайзе. Конь пасвіцца, бялее грыва З перастаялае травы. Спрадвечны сум апаў тужліва — Лятуць у вырай журавы. Услед махаюць крыллем кволым Кусты, лімонніцы, чмялі. Спрадвечных дрэў спрадвечны кворум, Спакой спрадвечны на зямлі. На момант сэрца ён асіліць, I здасца, што няма трывог, Што з недалёкай Хірасімы Не паскубуць вятры мурог, а толькі ціхія павевы Хвалююць ільмакі ў тузе. Яны ўдваіх, Адам i Ева, Капаюць бульбу у тайзе.
*
Сюды, ў дажджы, ў мароз сіберны, Аратаі i кавалі, З-пад Вільні, з Віцебскай губерні Гадамі землякі брылі. Над імі выраі ляцелі Дамоў, да веснавых грамоў, I хмаркі плавалі, як цені Дымоў з астылых каміноў. Ад роднага стала, ад бульбы Дарогі розныя вялі: Адных — даўгі рубель i булкі Завабілі на край зямлі. Тых — залатая ліхаманка Занесла ў непралазь пургі. Не горача пад лахманамі Было ад вогнішчаў тайгі. Ну а каму саболі пасвіць Давер'е аказаў урад. Пёс — конь натурлівы — да шчасця Не вёз: быў час, як канакрад.
*
А раніцай туман над сопкай — Густая пара над катлом: Знаёма пахла бульбай сопкай, Сялом, пакінутым жытлом. Там на страсе пяе салома, Як чарацінка ў крыгаход. I песня родная i слова Былі раднейшыя штогод. Вякі... Прыморскія размахі... Забыўся чорны хлеб, але, Як незабыўныя прысмакі, Гасціла бульба на стале. I зазімкам, калі на тоні Ішло дасвецце ў туманах, Яна згрубелыя далоні Кабетам халадзіла ў снах. Хаціны, што ў лясных паветах Замёў каторы ліставей,— На шчодрай далані планеты Былі ад бульбінак драбней...