Выбрать главу
*
Не хвалімся часінай тою, Калі яе — усім на страх — Палілі з прастатой святою, Як ерэтычку, на кастрах. Ды ў прыску бульбу ўгледзеў продак, Калі карчы зглыдаў агонь, I, нібы ўзважваў самародак, З далоні кідаў на далонь. Яна — не майце бульбу ўлегцы— З усімі стравамі на «ты». Гурок, каб з ёю поплеч легчы, Дае нырца ў расол круты. І смагне селядзец у леку, І ў лютай пары млее кроп. Яна сюды прыйшла здалёку — У баразне па трыццаць коп... Дыміся бульбай, край маленства. Яе стварала спакваля Па вобразу i падабенству Свайму карміцелька-зямля.
*
Крычу на ўсё Прымор'е: — Бульба! Прымі паклон ад земляка. Расці, з гарачых снежак гурба, Што маці сыпле з саганка. Ні дождж, ні град цябе не песціць, Надзейны хлеб маёй зямлі. Не грэбвалі табой i песняй — З сабою землякі ўзялі. А покуль недзе спіць залева. Тайфун вятры ў мяхах вязе, Яны ўдваіх, Адам i Ева, Капаюць бульбу ў тайзе...

ПОРТ

Уладзівастоцкія нявесты Сустрэнуць ветла i няветла; Ты не рыбак, не кітабой, Праходзь спакойна, сам сабой; Паплаваў досыць у «загранцы», Хай не хапаеш з неба зор,— Пяшчотай позіркі ўзгарацца, Ідзі на ix, як на касцёр. Год палюляла у Брыстолі — Жаніх ужо зусім прыстойны. Ці кітабой ты, ці рыбак, Спяшайся заказаць «кабак» — Тут рэстаран завецца так, Прывыклі дзверы да атак — Гуляй, рыбак, куляй, рыбак, Шыкуй, шчырэй кладзі «на бак» Забудзь на час тугу кают, Тваёй ашчаднасці — каюк! ... Упарта познія нявесты Чакаюць норда, оста, веста. Усе вятры з усіх шляхоў Для іх прыносяць жаніхоў. Не з карабля — дык топай міма, Хоць паравозам галасі. ... Глядзяць зялёнымі вачыма, Як незанятыя таксі...

УРАДЖАЙ

Яшчэ нямая хвіліна адна... Трал падымаюць са дна марскога. Лябёдкі жаласны скогат... Кухталі— Костачкі прыгаршчаў трала, шкляныя, балюча занылі: рабрыну борта лічыць пачалі. Тралмайстра — імгненным рухам! — хапае крукам... Льецца вады блакіт. Бы загарпунены кіт, сейнер кідаецца ў бакі. I — рыбакі дыханне перавялі шчасліва. Над палубай хмара парыпвае з ліўнем рыбным... Вока ў пулятага мянтая, нібыта планета жаху, сыходзіць з арбіты... Шчэлепамі разбітымі пакутліва кратае камбала бездапаможна пляскатая. Як яна глянуць хоча, ды перабеглі на спіну вочы. Рот замалы — не спытацца, ліха адкуль... Акунь падласы на ўвесь акіян бы зароў, ды — папярхнуўся уласным пузыром. Злязае, сыплецца расплюхнутымі слязамі непатрэбная болей луска. У адчаі траска сківіцы, быццам рукі, заломвае. Сівеюць косы ціны зялёнай. Чапляецца неба за водарасці, карчы. Нема рыба крычыць...

ДОМ НА СОПЦЫ

На сопку сцежка крутая, На сопцы — дом камунальны. Ля вокан ручай картавіць. Вятры ў камінах канаюць. Чарнявая маладзіца Дадому рака прыходзіць. Падоўгу ў люстэрка глядзіцца, Ёй хочацца быць прыгожай. Ды як жа не маладзіцца: На ганку — бабіна лета, Відаць, не растаць ільдзінцы — Пад сэрцам, вострая, легла... ...Ён прыйдзе, як уцямнее, І засаўку ўнепрыкметку Галінкай адсуне неяк — Не ўчуе нават суседка. Агонь разальецца па шчоках, Туга — ў сарамлівым паглядзе. Нясмела просіць пяшчоты, Як нешта чужое крадзе. Шапне, што дачка заснула, Ды густа распусціць косы. Пра мужа пытаўся, махнула: — Aт, сена сабакам косіць... Мякчэй узаб'е падушку, Дыханнем абдасць, як варам. Калі на пасцелі душна — Спусціся, паспі на хмары. I пеўні з захмарных тронаў Разбудзяць, як даўняга сябра. Сівінка пуху на скронях... Сівее палын азяблы... Даюць туманы дарогу, Спакойныя старажылы. Шумяць ручаі ля парога — Змываюць сляды чужыя...