Выбрать главу

ДЗЕД I МОРА

Пахне далонь Залатога Рога Нафтай, далёкімі катастрофамі. Змоўк акіяна насмешлівы рогат. Цішыня тут, як дзеўка-пярэстарак, строгая. Быццам на кухні агульнай, грызуцца Хвалі — таксама з племя жаночага. Глянеш: Нептун пасівелы з трохзубцам Выйшаў на бераг, гнецца пад ношаю,— Гэта ловіць багром аскабалкі Дзед, што разлучаны з морам знямогаю. Ўсё ж каля мора старому забава. Цягне дадому дровы намоклыя... Дошкі цяжкія, мачтаў абломкі, Будуць трашчаць яны ноччу завейнаю. Спусцяцца нізка ўспамінаў аблокі, Дні маладыя на момант вернуцца. Зноўку тайфунам насунуцца бровы, Борт затрашчыць — грукне хваля шалёная... Салёныя дровы... Слязіна салёная...

ТАНЦУЕ ТАДЖЫЧКА

Пад чорнымі вясёлкамі Спеюць ночы. Прызнацца — не анёлкамі За імі сочым. Мы сталі нарачонымі, Мы ўсе раўнуем — Пад чорнымі, пад чорнымі Вясёлкамі руйнуем Паветраныя замкі Сямейнага спакою. Адданасць верных самых Змывае, як ракою. Аж трыццаць тры маланкі Чор- ны- я! I ноч была б малая... Чур, не я! — Падумаў пра такое, Што добра б трыццаць тры Расплятаць рукою Трапяткою Да зары. I сэрца Сценьку Разіну Не па-добраму, Пэўна, уразіла На яе падобная... Спякотная, як тропікі, То ўся, як міг рыўка, Няўлоўная, таропкая Горная рака. Каб сто абвалаў з грукатам Праляцела — Не ўчулі б мы, мы слухаем Песню цела. Мы ўсе, як шпагі ў ножнах,— Развагі рвецца ніць. Спалохана-трывожна Кроў звініць...

* * *

Надта доўга з люстэркам не раяцца Маладыя жанчыны раніцай. На вуснах смага, Пад вачыма — смуга. Маладыя каханкі, абранніцы, Іхняя зразумела туга... Ходзяць сцішаныя, заспаныя. На дасвецці ж яшчэ былі Недзе ў небе капрызнымі паннамі, Ну, прынамсі, не на зямлі! Выгіналіся лозамі ніцымі, Свой салодкі палон ірвучы. У акно залатымі начніцамі Зоркі біліся уначы. Азярынай. знямогі Лёгкія Адплывалі паромы сноў. Дзень пагрукаў няпрошаным лёкаем, Непадступныя панны зноў Сталі хатнімі гаспадынямі — Трэба ім гатаваць, цыраваць, Над каструлямі дымнымі Цараваць... У блакітныя шыбы раніцы Б'ецца клопатаў мітульга. І туманіцца, не адтуманіцца Пад вачыма смуга...

ЦІХІ АКІЯН

I
З салёнай пенай на губах Яго Шаленства Ціхі, То зложыць крылы — кволы птах, То б'ецца парадзіхай. Шпурляе ў бераг якары І конскія падковы. То, вязень, пад граніт гары Пачне рабіць падкопы. Прыдрэмле — ўзбудзяць свежакі, Забудзе на пакуты. Ён — Праметэй, на ўсе вякі Да голых скал прыкуты. Арліць, клякоча ураган — Ляціць далёка клёкат. Бурліць, клякоча Акіян, Пакуль хапае клёку.