Выбрать главу
ІІ
Сябе самога расцвяліў— Бунтар змаўкае горда. Адчаю ўпартага прыліў Падкочваецца к горлу.
ІІІ
У ракаўках маіх вушэй Табе не ціхнуць, Ціхі. Клубі, дзевяты вал, вышэй — Кадык з зялёнай ціны. Бі чарапах па чарапах, Звіні струной прамою. Тваім дыханнем край прапах Салёнае Прымор'е. Цябе, калі спакой багоў Ты дзёрзкасцю парушыш I выйдзеш з вечных берагоў, Бяру я на парукі!

БУЗКАШЫ

Ты не бачыў аніколі Бузкашы? Ты таджыку пра такое Не кажы!
Не застольная бяседа — Бузкашы: Захапі казла ў суседа I скачы.
Не зважаюць на начальства. На радню, Капыцяць і рвуць на часткі Цішыню.
І чыны й пасады зніклі, Зло — на злом! Галава адно панікла Над казлом.
Гэты козлік адпушчэння Два пуды, Не схаваеш у кішэні — Паўбяды!
Жарабца хлапец асмуглы Закасіў. Сам бізун, як тыя цуглі, Закусіў.
Горды дзед белагаловы, Як Памір, Б'е галопам, б'е галопам Жоўты жвір.
Зашчаміў казла нагою, Вецер — друг. Мчыць пагоня, не нагоніць — Блізка круг.
Не відаць у тлуме, ў гуле Ну ані — На казле ляціць дзядуля?.. На кані?..
Кінуў чорнага i крэкча, Перамок. Мо ў апошні раз старэча Перамог.
Раздзімаюць горны-храпы Скакуны. Тут не возьмеце нахрапам, Крыкуны.
Мы ў даліне ўтульнай спеем, Бы ў кашы. Не да працы, не да спеваў — Бузкашы! Валам валяць людзі звыкла З кішлакоў, Заганяюць матацыклы, Ішакоў.
Піялу з зялёным чаем Асушы — І прыпомніш ты з адчаем Бузкашы.
У прэзідыумах млеюць — Бузкашы, На паважных асамблеях — Бузкашы. I на зборышчах паэтаў — Бузкашы.
Ды таджыку ты пра гэта Не кажы!..

ДЗІВОСНАЕ ІМГНЕННЕ

...радасць галавой да неба

даставала.

Амар Хайям
На поўнач лячу, на поўнач — Штоміг ад цябе далей. Мяне, завіруха, напоўні, Лютуй ува мне, шалей! Аблогі перамятае, Аблокі перамяло. Няўжо і хвіліна тая, І ты — гэта ўсё было?.. За бортам зіма неспакойна Сярдзітай суседкай сапе. Вязу я на поўнач спякоту, Нібы кантрабанду, ў сабе. Спякоту тваю мне можна Правезці — хай снег растае,— Паветраныя таможні Ніколі не знойдуць яе. Да холаду белы, курыцца Ад снежнага полымя дым. Агонь гарачэй не ўгарыцца, Не зойдзецца дымам густым... Ідзе на зніжэнне — на поўнач. Маўчання настылага сум. Я клічу цябе на помач, Я выдыхаю: — Ханум...

* * *

Яшчэ гетэры старажытнай Грэцыі, З начнога промыслу прыйшоўшы ўранні, Хацелі ціхай калыханкай грэцца, Хоць трошкі хатняга хацелі раю.
О мацярынства мацярык нязнаны: Як ці гукай — ніхто не адгукнецца. Яго заўсёды адкрываюць занава, Калі пад сэрцам нешта зварухнецца,
А ў сэрцы страх і слодыч тлеюць вугалем — Усходзіцца пажар з малой іскрынкі. У млоснасці саскі цяжэюць, смуглыя, Гатовыя пупышкамі раскрыцца.
І зацвілі пралескі вачанят, Зазелянела лісце ручанят... О мацярынства мацярык нязнаны. Яго заўсёды адкрываюць занава.

* * *

Ад «не трэба, не трэба» Да «святло патушы», Як да сёмага неба, Як да шчырай душы, Як ад бліску маланкі Да абложных грымот... З вераснёвай палянкі Хмеліць вераснем мёд. Ліўнем стомленым стыну На захмарнай градзе... Прага смаглай пустыні, Спёка спелых грудзей. Толькі змроку густога Захмялелы мурог, Толькі светлая стома, Толькі месячка рог... Ціха досвітак глянуў — Стой, імгненне, замры! Не спяшайся, бяглянка, Мы адны на зямлі. Можа, дзень пачакае. Маладзік, пасвяці... Ноч бывае такая Толькі раз у жыцці... Знелюбелы, нямілы Дзень з-за мора ўстае. Мне б вякоў не хапіла Слухаць вочы твае...