Выбрать главу
У жонкі ахвотна камандзіроўку Бяру я ў нядзелю на Камароўку. Вароты склыгочуць. Ні шуму, ні даўкі. Яшчэ, заінелыя, стынуць прылаўкі. На іх дагараюць пад стогн галубіны I кропу прадвесне, i прыпар рабіны. Агонь языкаты у бочках жалезных. Люблю, Камароўка, тваю незалежнасць! Тут з даўніх часоў аддаецца даніна Законна» павагі рукам селяніна. ...Таргуюцца з дзядзькам, гуркі паспытаўшы, Манументальныя капітаншы. Паважная дама, На ўсмешкі скупая, уважліва бульбіну калупае. У чарзе неспакойнай становіцца першай, Забыла, што сніла сябе міністэршай. I лысыя двое, былымі чынамі, Стаяць за лабатымі качанамі. На качарыжцы дзяўчына так лоўка Цану вызначае хімічным алоўкам, Нібы ў працвярэзніку нумар па пятцы. Чарга падыходзіць — няма чаго пяцца. Кавун пападоймішча — хлопаюць хлопцы, Ну, як пасля ванны малому па попцы. Старая мяняе рубля каляжанцы. Тавар свой расхвальваць азербайджанцы. Гранаты ляжаць сцежалела, барвяна, Нібы кашпукі, што грашыма напханы. На Усходзе нялёгкая праца ў мужчыны — Не разагнеш над прылаўкамі спіны. Успыхвае шалік у негра на шыі Агнём, што на дрэве не датушылі. ...З Малдовай іскрыстая дружба старая! I я ў мітуслівым натоўпе ныраю. З дарогі знаёмай нікуды не збочыш. Густое, заспанае цэдзіцца з бочак Бычынай крывёю віно маладое. Хвала вінаграднаму сырадою! Манеты выслізгваюць хітрай лускою, Кішэнь стала лёгкай, а шклянка — цяжкою. Каторая шклянка, ніхто не пазнае, He выдасць ні бочка, ні восень пазная. Нясмачная бульба — куплю ў магазіне. Чаго баклажан нос паказвае сіні? Прапала кароўка — навошта вяроўка? Нашто мне авоська, скажы, Камароўка? ...Праспект павузеў, ды адбыта радоўка, На сёння закончана камандзіроўка!

* * *

У лес прыціхлы ноч уваходзіць зноў, Вядзе за сабой страх паганскі i лесуноў. Возера на прагаліне па вачах разане — Ад зары гарачае, дагарае на кожнай сасне. П'яны ад багуну, ступаю за страхам услед. Можна на момант забыцца на свет Далёкіх планет. ...Бары знікаюць, уцякаюць вадзянікі. Бабры ўцалелыя плачуць ля перасохлай paкі. У дубоў векавых адстае ад цела кара. І поўня на небе стыне апошняй слязой бабра. Планета над прорван сусвету вісіць, як над студняй вядро, Ад жаху ядзернага халадзее ядра нутро. Я запаведнік зрабіў бы, дзе б жылі вясновыя сны, Вадзянікі i чэрці, русалкі i лесуны. Нашчадкі некалі вернуцца з самых далёкіх шляхоў, Чыстыя ад пылу зямнога i ад зямных грахоў, — Ім будзе незразумела, што такое зялёная цішыня, Адкуль была ў сэрцах прапрадзедаў наіўная дабрыня?..

* * *

Першага снегу Мяккі змрок, Смелага смеху Ціхі крок.
Лесу маўклівасць, Цнатлівасць гурб. Губ сарамлівасць, Гарачых губ.
Сціхлы, ссівелы Зімовы свет. Уцэла, Уцэла — Глыбокі след...

ЗАІНЕЛАЯ УШАЧЧЫНА

Петрусю Броўку

Што шукаеш, раніца, рукі пакрэплі? Ачахлым вугаллем на бальшаку Снег лёгка вызвоньвае. Крэкчацца грэблі Смачна, як свацці пасля першаку. Аглухлі бары ад зімовай сумоты. Кігіканне кнігаўкі сніць сенажаць. Алешнік? А можа аленяў сумёты Прыспалі? З'інелыя рогі дрыжаць.
Збляднелы, стаміўся ў набегах на бераг Завеі ўчарашняй адчайны прыліў. Дымяцца вярбіны на вогнішчах белых, Нібыта ix заяц-бяляк падпаліў.