Выбрать главу
Як зарыва ўспыхне, на вуліцах белых Міліцыянера барвовы твар. Спавіты вяроўкамі, белы кубелак На белых развалках вязуць на базар.
Валёнкі не грэюць. Кажэрка злубела — На торг сабіралася цётка да дня. Хоць вочы заплюшчы — так холадна-бела, I белыя-белыя вейкі ў каня. Пытаецца аб надзеле ў нядзелі, Ці многа ёй выдзеляць сонца, зямля.
На яблынях галкі азябла датлелі. У чорных праталках бяроз аралля. Базар не чакае — пасёлку не спіцца, Дзень ціха ступае сцяжынай глухой. I даставак гнёзды, нібы рукавіцы Забытыя, стынуць пад белай страхой. Пад полазам белым, з'інелай падковай Галінкай азяблаю крохне — хрусь, Як яблык, крымянае i хрупаткое Слова марознае: «Беларусь».

* * *

Завеі знясіленай млявы лёт. Ахрыплае рэха прастору не мае. Застогне ў адчаі на возеры лёд, Заные ад холаду ціша нямая. Мядзведзямі — борці. Сняць медазбор. След палазні прыцярушана-коўзкі. Далёкія зоры слухае бор, Аглухлы i чуйны, як Цыялкоўскі.

НА РАДЗІМЕ ДРУЖБАКА [6]

Нарачы

Узняла брыво зара — У трывозе возера.
Чайкі жнуць у два сярпы Чараты густыя. Крыўду, мурава, сцярпі: Стома ў стозе стыне.
І вязуць зару чаўны Проста ў двор дзявочы. З хвалямі заручаны Вёслы, Вёсны, Вочы.

СПАДНІЧКІ

У доўгіх і змрочных сукнях (Век — свёкар: «І сам не гам...») Панура было і сумна Вясёлым дзявочым нагам. Бярозкамі маладымі Высвечвалі змрок стажкоў І гаслі ў завейным дыме На ботах у парабкоў. Пад хмараю сукні — сумна. Ласкавы які мурог! І век малады галасуе За эмансіпацыю ног. Не хоча спыніцца катрынка Пра той сівы запавет. Ды ўрэшце зірнулі з хітрынкай Каленькі на белы свет. За модай паспець — не спазніцца! Салодкі хлапечы спадман! Угору ўсплываюць спаднічкі, Нібы на дасвецці туман. Не месца тут кіслай міне. Як сам сабе ні мані, А ножкі ў спаднічцы-міні Ты паспрабуй абміні. Здаецца, сяджу на міне. Тралейбус у космас ляціць. На адуванчык-міні Дальбог жа дыхну — абляціць. Ну, як абысці стараною — Няблага на грэшнай зямлі! Паэты i астраномы Ад неба пагляд аднялі...

СМЕРЦЬ ІГРУШЫНЫ

Упала з пагорка галавою на захад, i асірацела роднае котлішча — Верасовачка. Патухла майго маленства зялёнае полымя.
Калі я ў калысцы плакаў, прынёс яе з лесу бацька і папрасіў, каб шумела мне ля акна. Не стала хаты, бацька дамоў не вярнуўся, а яна так і не зацвіла ні разу.
Вартавала мае гняздо, стамлёныя выраі адпачывалі ў яе на плячы. І толькі зусім нядаўна паспытаў я першы гарчак (не быў і ўспамін салодкі). ...Я так хацеў сёння ўчуць яе шум. Няма ігрушыны — упала галавою на захад. Жыта пажалі: куды ні зірні — іржышча, сарамлівыя пчолкі, нахрапісты свінакроп, бяссмертнік (яго бабуля Малання звала хораша «цьмян»), над галінамі некалькі каласкоў (ледзь дакрануўся — пырснулі слёзы) i засохлыя гарчакі.
Начлежнікі некалі разводзілі вогнішча, i не вытрымала сэрцавіна.
Здымаю шапку перад патухлым полымем. Адзін валун у латоцы даляжыць да другога ледавіка. Калі ён і зазелянее, дык толькі ад моху.
Бывай, ігрушына, бывай, зялёнае полымя...
вернуться

6

Яўгена Шабана.