Выбрать главу
Так хораша басанож Ступаць у пясок неастылы! У сне пасміхаецца ноч — Прыемнае нешта прысніла.
У сонныя берагі Вярнуліся хрэсьбіны нават. Як леташнія стагі, Спяць коні ў падсохлых канавах.
I гэткі настрой ляпы, Што хочацца ў смешным парыве Прысніць вараныя сны На ўвітай дзядоўнікам грыве:
Таксама убачыць сябе На ранніх лугах без аброці, Аб ворыве, аб сяўбе Забыцца ў начной адзіноце...
Стаілася ціш савой. Чуваць, Як ад Лельчыц да Хойнік Гадзіннік пясочны свой Паціху варочае конік.
Раніца
Хутка сонца угару налезе, Як цыган вясёлы па драбінах. Жмурыцца цыганіста Палессе Вечарам чаго недарабіла?
I чакаю, зараз запытае: — А за Гомлем людзі е? — Драбныя, — Адкажу. Імжа, як вір, густая. І плячо ў старога дуба пыс.
Досвіткам ліло — Халодна ў рэчцы. Будзе у бузе драмаць падоўгу — Просяць уюноў у печцы ўгрэцца, Гэта ім не надта даспадобы.
Пахне упрэлай купай, Пахне сенам, Пахне зрубам малады трасочнік. — Што яшчэ хмурына натрасе нам? Ластаўкі за нізкім небам сочаць.
З Убарці яшчэ не брала мыту На паркаль вясёлка. Спіцца ветру. Толькі над бульбоўнікам абмытым Узышоў сланечнік светла-светла.

* * *

Неба спахмурнелае крамсаюць Дваццаць шэсць ахвярных бліскавіц. Дваццаць шэсць бакінскіх камісараў Навальніца хоча блаславіць. Не ад нафты учарнела мора — Ноч жалобы, змрочная жуда. Ніца нахілілася ад гора Беларусі русая вярба...

КАСПІЙ ПАСЛЯ ШТОРМУ

Другія суткі гудзе ў вушах Гул рэактыўны шторму. Выбіць бы небасхілу вушак I вырвацца на прастору! Цяпер дарэмна, маўчы ці крычы, Не загаворыць з табою. На бераг, На бераг калоды, карчы — Моташна з нерапою...
Ды раптам развідніць замжэлы змрок, Спатнелы i таўстагубы,
Як негр, што з паўднёвых штатаў уцёк, Усмешкаю белазубай. Характару не пераломіць свайго Няўцішны, да бунту ахвочы. Пад вечар толькі зноў у яго Па-славянску сінеюцца вочы. Коціць бурлак Валоў валуны. Да рання не можа праспацца. Ракавак звон, халодны, шкляны, Цэдзіць праз мокрыя пальцы.

* * *

Незалежна, смуглянка, ступаеш (У вяснушках, як зорная ноч). Напрароч мне, не будзь скупая, Самых зорных начэй напрароч. Хочаш — вогнепаклоннікам стану, Пакланяцца пачну агню,— Будзе ён на дарогах расстайных Папяліць маю цішыню.
Хай ад зайздрасці вецер вые! Найсвятым у продкаў тваіх Быў агонь i ў часы сівыя, Ды не той, што адзін на дваіх. Сёння ўбачыў цябе ці ўчора? Да бяды тут, як да вады. Ад Баку адступае мора — Не замыць бы твае сляды.
Каспій, па-еўрапейску галантны, Адступаецца перад табой. Углядаешся — з іншых галактык, Можа яхту прыспешыць прыбой.
Прэч гані недавер з пагардай. Хай звініць тваіх слоў ручэй. Ціхай ласкаю i спагадай Засвяці байніцы вачэй.
Паламай непрыязні стрэлы. Мала толку ў журбе-варажбе, Ты мяне такога сустрэла. Хіба гэтага мала табе?
Неспакой мяне не пакіне. Пакланяцца хачу агню. Самаўпэўненым, як бакінец, Сёння быць хачу ўпершыню!..

* * *

Можа й добра, што сівер злы Восень чулую дакарае, Што далёка зімуюць буслы, Аж, напрыклад, у Ленкаралі. Недзе млее ў бярозы рука — Да вясны буслянку трымае. Да дняпроўскага старыка Пуцявіна ляжыць не прамая. Толькі гаспадарам, відаць, Ёсць спагада ў бусліным каране. Для чаго Ленкарань пакідаць? Душная зіма ў Ленкарані. Ля свайго кружыся гнязда. Што там думаць пра край далёкі! Тут усё — і вада, і яда, I ў адгор'ях блукае клёкат.