БЯРОЗА З ЛІСТАМ ГАВАРЫЛА....
* * *
Веюць ласкай
Вятры заходнія.
На яблыні майскай
Шпак заходзіцца.
Сплылі, як крыўды,
Зялёныя крыгі.
Шпак з асалодаю
Сушыць крылы.
Вяз зацвітае
Цветам спалоханым.
Дом на ўсе дзверы
Уздыхнуў з палёгкаю.
Сцежка да кладак
Травой пазначана.
...Дзень добры,
мама!
Паклон,
Ушаччына...
*
Што смуцен,
родны бор?
Даўно цябе не бачыў.
Ну, як твой смалазбор,
Падсочаны бядача?
А дзяцел хай дзяўбе,
Тут клопат невялікі —
Выслухвае цябе,
Як кажуць, для прылікі.
І захлынае дух
Маліннікам гарачым.
Мы зноў з табою ўдвух.
Цяпер мы болей бачым.
Да сівізны змала
Згадаў свае шляхі я.
I сочыцца смала
У набіркі глухія.
Цецеруку-царку
Хай такавішча спіцца.
А я згадаў царкву
І тую ашчадніцу.
Цяклі так медзякі,
Цяклі на адбудову.
Званы, нібы дзякі,
Пабомквалі часова.
Цякла смала,
Цякла,
У набіркі нявінна.
Была царква,
Была,—
Засталіся руіны...
Ты нервы ўсе напні,
Як трэба перад скопам.
А потым
Будуць пні
Ахоўвацца законам!..
...Дакорам не крану,
Падзякай не зазначу,
Што дошак на трупу
Для маці даў, зямляча.
Згарбела баразна.
Навек засмяглі губы.
Над ёй шуміць сасна —
Дачка твая, мой любы.
Ты з лесам не хітрун,
Вястун зеленачубы,
Паменей ведай трун,
Часцей кладзіся ў зрубы!..
*
Падае,
Падае лісце...
Час — малады нігіліст.
I сам ападу калісьці,
Як пераспелы ліст.
Адсякае далоні
Кляпам
Лістабой.
A калі нам
З табой
Сустрэцца там,
Дзе сустрэч няма,
Дзе не выгукнеш нават
— Ма...
Мама,
Не скажаш
«Сынок»
Таксама.
...Без просу заходзіла
Восень у ceні.
Я помню голас
Песні асенняй:
«Бяроза з лістам
Ужо восень гаварыла:
— А мой лісточак,
А мой зялёненькі,
Ты ж мяне пакідаеш...
— Нябось, бяроза,
Нябось, белая,
Я к табе вясной буду,
З табою шумець буду,
Цябе зеляніць буду...»
...Сёння.
Было гэта ўсё
Калісьці...
...Падае лісце...
*
Прамень,
Гасподу займай!
Дзень самапасам падрос.
Сонца на лета,
Зіма —
На мароз.
Зімовы сонцазварот
Сонцу дае правы.
За справу бярэцца
Год...
Закасвае рукавы.
Рупіцца
Юны год,
Год без цябе другі.
Год
Маіх злых нягод,
Год
Спалынелай тугі.
Мама...
Пад сэрцам лядзень.
Мама...
Тугу не суроч.
Мне
Самы кароткі дзень.
Мне
Самая доўгая ноч...
*
У выдмах захмарных
Завея ведзьміцца.
Змрок выплывае,
Нібыта з нябыту,
I поўніць коўш
Вялікай Мядзведзіцы,
A коўш высока
Палярнай зоркай прыбіты.
Праз ноч усю доўга
Долу
Хіліцца
Коўш,
Каб выліцца
З вышыні
У мяккі кош
Досвіткавай цішыні.
Змрок агортвае
Магілу тваю
І маю душу.
Таю
Крыўду агорклую,—
Ніяк яе не задушу!
Змроку адчаю майго
Балюча карэць.
Наканавана так на вяку.
...А ў нашай хаце карэц
Вісеў на драўляным суку.
Мы чэрпалі з вядра нетаропка
Маладзічкоў ільдзінкі
Дзінькія
І зорак кроплі.
Ды болей карда няма ўжо,
І цвік драўляны зламаўся.
У студні памяці
Вада ўспамінаў ледзіцца.