Выбрать главу
I сёння мне пахне зямля Цвікамі, смалой, сукамі I дужымі — ў мазалях — Бацькавымі рукамі,
*
Тата, аўтобус якраз Праходзіць ля дома заўсёды, Які не здаў камунгас Да сорак першага года.
Затупаўся да цемнаты Цясляр камунгаса старанны, Апошнюю раму ты Пакінуць рашыў на ранак.
Дня не счакаў той гром, Ранак прыйшоў ранавата. I даваеннымі сталі дом, Цвікі, што параўнаваў я. Стаіць твой апошні дом — Устаўлены новыя рамы — І слухае, як на дол Расу абтрасае ранак...
*
Мы з маці — ўсёй сям'ёй — Рэзалі дровы зімою. Два крокі я йшоў за пілой, Тры крокі — назад з пілою.
Скакала тупая піла, Звінела, як шкло, асіна. А хата прасіла цяпла, Ды сцюжу нялёгка асіліць.
Дровы ў вачах плылі. Дрыжэў я, ад поту мокры. І пальцы ў маці былі, Як дзесяць падмёрзлых морквін.
А к поўначы, як бабёр, Плакала ў печы асіна, Быццам за ўсіх сясцёр Злітавацца прасіла, Мне не забыць даўніну...
*
Як вучыць звычай спрадвечча — Торкае маці ў сцяну Купалкі ў купальскі вечар. Што... раніца... прынясе?..
Калі... раскудлацяць галовы Купалкі...— значыць... усе, На каго загадалі...— здаровы... Тата, што на цябе, Загадвае маці, тая Купалка яшчэ й цяпер Па раніцах... расцвітае...
1961
КУЛІНА
Кожны мае свае Ўшачы, Хату І двор, пазарастаны маркоўнікам, Дзе можна пасля дарогі, Скінуўшы чаравікі І потную шапку, Адчуць халадок зямлі, Пачуць шум лісця, маркотны і памяркоўны. Басанож прастуеш да студні — Жарства шурпатая коле ступні. Успамінам вядро ўсплывае, Золкай лускою пырскаў у твар страляе Ланцуг, на корбу наматваючыся. Я даўно быў задумаў паэму пра рукі матчыны. Ды так i не мог знайсці Строгай сюжэтнай лініі. Словы з радка вырываліся Выслізгваліся, як з рук ліні. Iрыфма — рыба — Сагне вудзільно радка, Сугуччаў кручок на дно Пацягне матчынай мовы рака. Затое Якая радасць, Калі плаўнікамі тугімі рантам Залапоча рыфма на беразе белай паперы. Баючыся ўступ зацягнуць празмерна, Канкрэтна пачну з таго, што
*
Маці завуць Кулінай. Я ўспамінаю, калі нам Падчас блакады Прыйшлося сядзець у лесе. Я адышоўся ад маці i не застаўся ледзьве, У вялікім лесе нас многа малых згубілася. Кожны крычаў штосілы. Лес паўтараў, нібы дражнячы, кароткае слова: — Мама!.. Крычалі многа, ды толку мала. Тады я гукнуў: — Ку-лі-на! I маці мне адгукнулася. Цішыня неўзабаве ва Ўшачы вярнулася. Ды мне яшчэ доўга потым здавалася, Калі жураўліны вырай збіраў па імшарыне журавіны, Што жураўлянятка недзе засталася i маму таксама гукае: — Ку-лі-на!..
*
I цяпер ва Ўшачах завуць, мяне проста «Кулінін малец». I гэтым ні росту майго, ні заслуг не маляць. Са мной заўсёды вітаюцца ветліва. I нават, што вершы пішу я, многія ведаюць. Наогул паэзіі тут не чытаюць — Aні класічнай, aні навейшай, Хоць, праўда, бывае, пытаюць: — Ці многа плоцяць за вершы?.. Шафёр райсаюза аднойчы Ва Ўшачы вёз мяне з Полацка ноччу. Позняй парою, вядома, Добрыя сны сняцца аўтаінспекцыі. Мы з шафёрам рашылі, што будзе не грэх пагрэцца. Закусілі сухою воблаю. Павесялелы шафёр расказваў: — Па выпітай гарэлцы Раён наш займае першае месца ў вобласці. Землякі мае выпіць могуць, Але і не зломкі па працу. Яны, партызаны смелыя, былі на «ты» з перамогай, Пасля вайны не сашуліся, калі ix гора пратала. А мы, маладое племя, скончыўшы дзесяцігодку, Сплываем, як верхаводка. Спяшаемся ў горад па работу, па адукацыю. Пасля забываемся на пісьмы, на словы мацярок адгукацца... Мы справамі перагружаны, Усё мы не можам выбраць вольнай хвіліны, Каб наведаць Свае мясціны — Глыбачкі, Жывалкі, Замошшы. І, як мацерыкі забытыя, Мацяркі Нашы часам жывуць, Забітыя Самотай, Работай, Горам. Адны залатыя дзеткі іх забіраюць у горад, Каб яны ўздыхнулі з палёгкай І чорныя рукі крыху адмылі, Мыючы ўнукам пялёнкі. Іншыя мацярок успамінаюць, Калі родных прымае зямля сырая. Пасля нялёгкай Сямейнай парады На цэмент адпускаюць грошы І потым бязмежна рады, Што абышоўся нядорага помнік I за такую цану атрымаўся даволі харошы. Убачыўшы гэтакі помнік, умомант гаспадарнікаў я прыгадваю, Што ад лесу пакінулі адны прагаліны I, у дадатак спляжыўшы гектараў пяток маладзенькага гаю, З бярозак збіваюць словы найпершай важнасці: «Шануйце лес — ён багацце нашага краю!»