Выбрать главу

— То знішчылі б цябе на месцы. Яны ведаюць, неўр. Яны ведаюць. І дазваляюць табе зрабіць тое, што ты маешся зрабіць.

— Як гэта можа быць. Ніхто не ўладны над маімі думкамі.

— Ты іх цацка, неўр. Ты цацка ўсіх бессмяротных. Хочаш, скажу, пра што ты думаеш? Дык слухай. Тым, хто падпарадкаваўся багам, толькі здаецца, што яны па-ранейшаму самастойныя. Самі распараджаюцца, самі выбіраюць на шляху чараў. Чым яны замовілі цябе, неўр, калі прымалі тваю службу? Ці не замовай крыві? Яны ведалі, што рабілі. Калісьці, калі я быў яшчэ адзіным уладаром неба, я спазнаў ваш народ. Вашых продкаў, што толькі заснавалі Неўрыду і імкнуліся зрабіць яе прыгожай і велічнай. Тады лепшыя з вашых чараўнікоў прыходзілі да мяне. Ты ведаеш, неўр, але наўрад ці ты здольны спасцігнуць сэнс гэтых чарадзейных слоў: «Кроў адкрые магутнасць, кроў дасць мудрасць, кроў зберажэ вартых». Я бачу, што ты цяпер адчуваеш. Ваша легендарная таямніца запэўнівае: гэтыя словы сказаў першым чарадзеям Вялікага Кола Сусветны. Сказаў і надзяліў сілай, зрабіўшы іх чарамі для кожнага неўра. З таго моманту любы з вашага народа мог звяртацца да сілы і мудрасці сваіх кроўных родзічаў, якія заўсёды прыходзілі на дапамогу. Слаўныя трынаццаць продкаў, лепшыя чарадзеі народа чарадзеяў. Памяць пра іх стала для вас нечым большым, чым звычайным ушанаваннем. Вы не проста памяталі тых, хто годна жыў і варта пайшоў з жыцця. Вы не проста зберагалі здабытую імі мудрасць. Вы заўсёды знаходзіліся побач з імі, карысталіся іх ведамі, як сваімі. Калі стаялі ў бітве, то побач з кожным з вас нябачна было трынаццаць вялікіх, якія трымалі ў сваіх руках магію крыві. Вялікую магію, што дазволіць доўга не загінуць вартаму нашчадку нават там, дзе ўсеўладныя толькі Пярун і Чарнабог. Калі чаравалі, то маглі звяртацца да мудрасці трынаццаці абазнаных, кожны з якіх памятаў скарбы свайго часу не як легендарную показку, а як сапраўднасць. Так, кожны з трынаццаці вечна жыве ў сваім часе, і толькі тыя, хто не сталі волатамі вашай мудрасці, велічы і славы, пайшлі на Шлях Продкаў, значаць змену пакаленняў. Далей не буду казаць, далей усё вядома. І пра тое, што кожны неўр лічыць сябе абавязаным нашчадку Сусветнага, і нават пра тое, што пазней неўраў сталі называць народам Першага ўладара. Я калісьці прамовіў тыя словы, неўр, але я не ствараў твой народ. Я толькі раскрыў тое, чым надзяліў неўраў свет. Сіла крэўнай сувязі знітоўвае род, робіць яго адным, магутным чалавекам. Мудрым чалавекам, які не стане цацкай у чыіхсьці бессмяротных, але не годных справах. Нават выступаючы супраць волі ўсеўладных багоў, ён застанецца вартым. Такога чалавека амаль немагчыма падпарадкаваць, падмануць, прымусіць. Ён становіцца амаль што роўным бессмяротным багам. Ты хочаш спытаць, неўр, ці прадбачыў я тады, што калісьці маё валадарства скончыцца, ці не імкнуўся я пакінуць на зямлі моцны народ чарадзеяў, які будзе не рады новым багам? Я не мог не прадбачыць, што калісьці маё валадарства скончыцца. Але паўтаруся: я не ствараў твой народ. Калі вы прыйшлі да мяне, вы ўжо былі мудрыя. Вы ўжо мелі вялікую крэўную сілу. І я рады, што ў маім свеце жылі твае родзічы: яны рабілі гэты свет ясным і годным. А цяпер адкажы мне неўр, чым цябе замовілі? Ці не адрокся ты ад дапамогі продкаў? І стаў слабым, нават не чалавекам, адсечаным кавалкам, які будзе выконваць любую, любую волю сваіх уладароў. Ты не верыў, што гэта замова пазбавіць цябе сілы, якая стала тваім дыханнем, думкай, пачуццём? І цяпер ты не можаш зразумець, як так здарылася: ты жывы, а не маеш таго, што заўсёды меў. Што, быў упэўнены ты, можаш страціць толькі за Калінавым мостам. Мае наступнікі ведалі, што рабілі.

— Дапамажы мне, Сусветны. Япамру замест яго...

— Чаму раптам?

— Ён Светлы. Дзеля святла...

—Дзеля святла. Успомні, як ласкава бруіліся Нараў, Гарынь і Ясельда. Як лёгка калыхалі цябе іх празрыстыя хвалі. Як глядзеліся ў іхняе люстэрка высокія яліны. Як зусім не балюча краталі цябе іглістымірукамі...

***

«Успомні, як ласкава бруіліся Нараў, Г арынь і Ясельда. Як лёгка калыхалі цябе іх празрыстыя хвалі. Як глядзеліся ў іхняе люстэрка высокія яліны. Як зусім не балюча краталі цябе іглістымі рукамі», — шаптаў Свецічу невядомы голас. І ведаў неўр, што гэты, каму належаў голас, памятаў яго Неўрыду. Невядомы разумеў яго пачуцці, адчуваў, як уласныя, яго ўспаміны. Невядомы сапраўды памятаў, як неадступна кліча да сябе хуткаплынны Нараў, як ціха-ціха адзываецца ледзьве чутным плёскатам Гарынь, як вялёсай песняй струменіцца Ясельда. Невядомы ведаў, якія пачуцці перажывае чарадзей. Успаміны плылі роднымі рэкамі, неслі, як жыццё, твары і постаці тых, хто нават для Свеціча заўсёды будуць чыстымі вытокамі святла. Г этыя ўспаміны прайшлі з ім праз небыццё. Подых смерці зрабіў іх цьмяна-трывожнымі, аддалена-сінімі. Як гэты дзень, што быў рукатворным небыццём і развейваў многія сапраўдныя пачуцці. Яго пачуцці, Свеціча. А замест іх насылаў свае, якія пазбаўлялі чарадзея волі. Не было ў гэтым прымусу. Проста той, хто спачувае іншаму, той, хто радуецца за іншага, той, хто сумуе па-іншаму, той, хто абяцае працягваць справу іншага, не будзе адчуваць насланых чараў. Ён побач з іншым, ён з іншым адзінае цэлае, яны разам. Яны браты, іх з’яднаў асмужаны ў сваёй далечы магічны шлях.